У ЗША асудзілі шпіёна, які казаў, што сустракаўся з Лукашэнкам
Федэральны суд у Норфалку (штат Вірджынія) у панядзелак, 10 лютага, асудзіў былога шыфравальшчыка ВМС ЗША Роберта Хофмана. Яму прысудзілі 30 гадоў турмы за спробу шпіянажу на карысць Расіі, паведамляе Associated Press.
40-гадовага Хофмана прызналі вінаватым у спробе перадаць расійскай разведцы сакрэтныя дакументы аб сачэнні за ваеннымі караблямі. Хофмана затрымалі 6 снежня 2012 года, калі ён перадаў матэрыялы агенту ФБР, які выдаваў сябе за супрацоўніка расійскіх спецслужбаў. Былому вайскоўцу пагражала смяротнае пакаранне, але абвінавачанне абмежавалася 30-гадовым тэрмінам зняволення, адзначае "Форбс".
Хофман праслужыў на флоце каля 20 гадоў, прычым збольшага на падлодках. У лістападзе 2011 года ён выйшаў на пенсію ў званні старшыны першага класа. Увагу ФБР экс-вайсковец прыцягнуў з-за сваёй паездкі ў Беларусь незадоўга да адстаўкі. У нашу краіну Хофман ездзіў сустракацца з жанчынай, з якой ён пазнаёміўся падчас размяшчэння ў Бахрэйне. Вярнуўшыся ў ЗША, шыфравальшчык сцвярджаў, што падчас паездкі сустракаўся з кіраўніком Беларусі.
Тады адна з агентак ФБР ўступіла ў перапіску з Хофманом ў інтэрнэце. Пазней да шыфравальшчыка адправілі яшчэ адну агентку. Праз яе на Хофмана выйшаў агент, які прадставіўся расійскім разведчыкам "Уладзімірам". У перапісцы з ім Хофман пагадзіўся супрацоўнічаць у абмен на фінансавае ўзнагароджанне. Па заданні "Уладзіміра" ён пакінуў флэшкі з сакрэтнымі матэрыяламі ў названых яму месцах.
Фота — tech.onliner.by