Кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ: Пытанне пра паўнавартаснае назіранне за падлікам галасоў не знятае з парадку дня

У назіральнікаў павінна быць магчымасць паўнацэннага назірання за працэдурай падліку галасоў на выбарах. Аб гэтым у інтэрв'ю БелаПАН заявіў кіраўнік назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Жак Фор.



for_2_245.jpg

"У нашых папярэдніх справаздачах пра гэта гаварылася. Рэкамендацыі мінулых місій уключалі ў сябе і неабходнасць паляпшэння правоў назіральнікаў, і даванне ім абсалютна поўнага доступу да назірання за ўсім працэсам, у тым ліку за падлікам галасоў. Гэта важны момант", — падкрэсліў Фор.
Ён зазначыў, што на мінулых выбарах у Беларусі назіральныя місіі БДІПЧ АБСЕ адзначалі ў сваіх справаздачах "недахоп празрыстасці", што выключала магчымасць паўнацэннага назірання за такім важным этапам выбарчага працэсу, як падлік галасоў. "І гэтае пытанне не знятае з парадку дня. Яно павінна быць вырашана да моманту галасавання. Назіральнікі, у тым ліку мясцовыя, павінны мець магчымасць убачыць і праверыць волю выбаршчыкаў у бюлетэні", — заявіў кіраўнік місіі. 
Гэты момант, зазначыў Фор, ніяк не рэгулюецца заканадаўча, але ЦВК можа даць інструкцыі ўчастковым камісіям аб даванні назіральнікам магчымасці сачыць за падлікам галасоў. 
"Я не буду рабіць паспешных высноў, — сказаў кіраўнік місіі БДІПЧ. — Пакуль у нас ёсць доступ да любой інфармацыі, якую мы запытваем. Пасля выбараў мы напішам у справаздачы, калі нашы, або мясцовыя назіральнікі, або прадстаўнікі кандыдатаў не змогуць назіраць за падлікам". 
Акрамя таго, дадаў Фор, важным аспектам гэтай работы назіральнікаў з'яўляецца атрыманне копій выніковых пратаколаў падліку галасоў. "Гэта вельмі важна. Гэта гарантыя таго, што вынікі не будуць змененыя. На жаль, Выбарчы кодэкс не дае назіральнікам такога права, што з'яўляецца ўпушчанай магчымасцю важнай гарантыі", — падкрэсліў дыпламат.
Кіраўнік місіі таксама адзначыў, што многія папярэднія рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ былі накіраваныя на паляпшэнне выбарчага заканадаўства, у тым ліку — на фарміраванне выбарчых камісій на ўсіх узроўнях.
"Апазіцыя паведаміла нам, што іх кандыдаты на членства ў камісіях не былі прыняты ў разлік па шэрагу прычын, у тым ліку — з-за адсутнасці вопыту работы ў камісіях. Але як можна атрымаць такі вопыт, калі пастаянна адмаўляюць ва ўключэнні ў склад камісіі? Гэта замкнуты круг, які павінен быць разарваны", — заявіў Жак Фор.