КДК: Ніякай палітычнай падаплёкі ў справе РЭП няма

 Ніякай палітычнай падаплёкі ў крымінальнай справе ў дачыненні да двух кіраўнікоў прафсаюза РЭП няма, сцвярджаюць у Камітэце дзяржаўнага кантролю.

kgk.jpg

"У мяне склалася ўражанне, быццам некаторыя аўтары так званых "незалежных" выданняў пацярпелі ад спёкі — настолькі дзіўныя іх заявы", — сказаў у інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю, кіраўнік дэпартамента фінансавых расследаванняў Ігар Маршалаў.
"Напрыклад, пасля затрымання кіраўніка прафсаюза РЭП яны галасілі, быццам "улады спалохаліся" нейкага восеньскага наступу прафсаюзаў. Аднак калі пасля допыту гэты кіраўнік быў адпушчаны, яны галасілі пра тое, што "ўлады спужаліся" — гэтым разам міжнароднага націску. Але на справе ніхто нічога не палохаўся: ішла наша звычайная праца па выкрыцці неплацельшчыкаў падаткаў. І праца гэтая будзе працягвацца", — падкрэсліў Маршалаў.
Паводле яго слоў, падчас праверкі было ўстаноўлена, што службовыя асобы прафсаюзнай арганізацыі ў парушэнне заканадаўства адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі сотні тысяч долараў ЗША. Пасля грошы пераводзіліся ў наяўныя і перавозіліся ў краіну.
На падставе гэтых фактаў кіраваннем ДФР КДК па Мінскай вобласці і Мінску ў дачыненні да дзвюх службовых асобаў распачатая справа паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры), адзначыў чыноўнік.
"Зараз работнікамі фінансавай міліцыі праводзяцца неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні, скіраваныя на дакументаванне супрацьпраўнай дзейнасці службовых асоб прафсаюза, а таксама выяўленне іншых парушэнняў заканадаўства. Згодна з нашай інфармацыяй, прафсаюз працягвае дзейнічаць, яго праца не паралізаваная. Усе, хто мае розум, павінны ўсведамляць, што ніякай "палітычнай падаплёкі" ў гэтай справе няма", — заявіў Маршалаў.
Крымінальная справа распачатая ў дачыненні да старшыні незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка. 2 жніўня яны былі затрыманыя і дастаўленыя на допыт у КДК. Фядыніча пасля допыту адпусцілі, Комлік адпраўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
3 жніўня Фядыніч паведаміў журналістам, што яму назвалі памер нявыплачаных падаткаў — 22 тыс. дэнамінаваных рублёў з сумы, атрыманай у 2011 годзе. Суму даходу яму не сказалі. "Але я падаткі заўсёды плаціў і плачу. Ніякіх лішніх грошай не меў і не маю", — заявіў Фядыніч.
Беларускія праваабаронцы і прадстаўнікі дэмсіл заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед прафсаюзных актывістаў. Справу ў дачыненні да кіраўніцтва РЭП праваабаронцы параўноўваюць са справай кіраўніка закрытага ўладамі цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, якая была распачатая ў 2011 годзе. Праваабарончыя арганізацыі таксама заявілі, што ў сувязі з утрыманнем Ігара Комліка ў ізаляцыі разглядаюць яго ў якасці палітвязня і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення. Адначасова яны запатрабавалі "спыніць націск на незалежны прафсаюзны рух" і заклікалі "адмовіцца ад неправамернага ўмяшання" ў яго дзейнасць.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН