КДБ абезгаловіў Транспартную інспекцыю

Камітэт дзяржбяспекі затрымаў кіраўніцтва Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту. Пра гэта паведамляецца на сайце сілавога ведамства.

Ілюстрацыйнае фота TUT.BY 

Ілюстрацыйнае фота TUT.BY 

КДБ паведамляе, што ўскрыў карупцыйную схему, у якую быў уцягнуты кіруючы склад цэнтральных і рэгіянальных падраздзяленняў, а таксама прадстаўнікі беларускіх транспартных кампаній. Начальнік інспекцыі Леанід Лемеш і яго намеснік Аляксей Куцаеў, па звестках сілавікоў, паставілі на "паток" сістэму гандлю дазволамі на праезд велікагрузных фураў па тэрыторыі замежных дзяржаў. У залежнасці ад катэгорыі за адзін дазвол даводзілася плаціць ад 50 да 120 еўра. Паводле КДБ, сістэма дзейнічала з 2015 года.
Сілавікі паведамляюць, што са снежня 2016 года па красавік 2017-га зафіксаваныя 10 фактаў, калі Куцаеў атрымаў хабар ад больш як 20 фірмаў. Яго затрымалі 13 красавіка 2017 года, калі чыноўнік атрымоўваў чарговы хабар у 500 еўра і 110 долараў ЗША ад прадстаўнікоў беларускай транспартнай кампаніі праз начальніка Гродзенскай філіі С. Грудзінскага. Потым затрымалі і астатніх удзельнікаў карупцыйнай схемы.
У якасці пастаянных пасярэднікаў паміж кіраўнікамі Транспартнай інспекцыі і фірмамі следчыя называюць начальніка Гомельскай філіі інспекцыі С. Чучвагу, начальніка Гродзенскай філіі С. Грудзінскага і яго намесніка В. Замару, блізкага знаёмага Куцаева А. Кіракова.
КДБ пачаў на іх 10 крымінальных спраў і ўзяў пад варту шэраг фігурантаў. Іх вінавацяць у атрыманні хабару, дачы хабару і махлярстве.
Акрамя таго, следчыя кажуць, што ўскрылі сістэма вымагальніцтва хабару ў замежных кіроўцаў на Гомельшчыне. Падчас транспартнага кантролю ў раёне Селішча Добрушскага раёна інспектары бралі грошы  "за бесперашкодны праезд". Потым яны паводле абумоўленай схемы дзяліліся хабарам з усёй вертыкаллю абласной інспекцыі — ад рэгіянальных спецыялістаў да начальніка Гомельскай філіі Чучвагі.
Акрамя Чучвагі па гэтых фактах затрыманыя яшчэ чатыры спецыялісты. На іх пачалі дзве крымінальныя справы за атрыманне хабару.
Матэрыялы крымінальных спраў перададзеныя для далейшага расследавання ў Следчы камітэт.
euroradio.fm