Савет БНК выказвае пратэст у сувязі з арыштам Мікалая Статкевіча

Савет Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) 29 красавіка прыняў заяву, у якой выказвае пратэст з нагоды арышту аднаго з членаў савета Мікалая Статкевіча.

Здымак AFP

Здымак AFP


Нагадаем, сувязь са Статкевічам знікла каля 17 гадзін 28 красавіка. Сёння каля 11 гадзін жонцы палітыка Марыне Адамовіч патэлефанаваў намеснік начальніка Ленінскага РУУС і паведаміў пра асуджэнне Статкевіча судом Ленінскага раёна Мінска на пяць сутак адміністрацыйнага арышту, не назваўшы пры гэтым акалічнасці прынятага рашэння. Палітык знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.
Мяркуецца, што арышт Статкевіча звязаны з яго намерам правесці 1 мая акцыю на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Палітык заклікаў людзей прыйсці ў цэнтр сталіцы, каб запатрабаваць выканання шэрагу патрабаванняў эканамічнага і сацыяльнага характару.
У заяве савета БНК адзначаецца, што ўлады не давалі ніякай інфармацыі пра затрыманага 28 красавіка Статкевіча да раніцы, а значыць, "ён проста знік". Арганізацыя звяртае ўвагу на тое, што "да злачыннай ганебнай практыкі выкрадання актывістаў, якая патрабуе крымінальнай адказнасці, улады звяртаюцца не ўпершыню", пры гэтым за гэта "ніхто адказнасці не нясе".
У такой сітуацыі, лічыць савет БНК, людзі павінны "пратэставаць супраць выкрадання людзей", выступаць "супраць гвалту, націску рэжыму на грамадства", выказаць "салідарнасць з арыштаванымі актывістамі беларускага дэмакратычнага руху — з усімі, хто за новую, вольную, дэмакратычную Беларусь" .
Афіцыйна не зарэгістраваны Беларускі нацыянальны кангрэс быў створаны ў маі 2016 года па ініцыятыве групы грамадскіх і палітычных дзеячаў з мэтай кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў.
Паводле БелаПАН