Карэспандэнт «Новага Часу» прыйшла на суд над актывістам, а ў выніку правяла дзве гадзіны ў міліцыі
На сёння, 10 траўня, быў прызначаны суд над случчанінам Юрыем Гароднікам. Ён адбыўся ў памяшканні Слуцкага РАУС, куды нікога з прысутных случчан не пусцілі, нават жонку. Юрый Гароднік у выніку атрымаў 15 содняў арышту. За што — ніхто не ведае. А карэспандэнт НЧ дзве гадзіны чытала лекцыю міліцыянтам пад іх пільнай аховай.
Вырак паведамілі у РАУС жонцы Юрыя Наталлі, калі яна спрабавала дабіцца вынікаў суда, стоячы ў дзвярах будынка і паставіўшы нагу, каб не зачынілі дзверы.
Калі ж я ў якасці карэспандэнта «Новага Часу» папрасіла сустрэчы з начальнікам міліцыі Станіславам Чухольскім, каб атрымаць інфармацыю аб прычыне закрытага суда, мяне запрасілі ў будынак міліцыі і ўтрымлівалі там супраць маёй волі на працягу дзвюх гадзін пад аховай трох супрацоўнікаў міліцыі.
Драматызм сітуацыі ў тым, што Юрыя Гародніка невядомыя людзі ў цывільным схапілі 7-га траўня пасля 16-00, калі той накіроўваўся на працу пасля наведвання конкурса дзіцячых талентаў. Яго дачка, вучаніца трэцяга класа, удзельнічала ў гэтым конкурсе.
— Трое сутак не сплю, не ем, а толькі думаю аб тым, што адбылося, — распавяла жонка Наталля да пачатку суда. — Прымаю супакойваючыя пігулкі. За тры дні ў міліцыі так і не сказалі, за што яго ўзялі і што далей з ім будзе. Усю мяне апанаваў страх за нашу сям’ю. Баюся грукату ў дзверы, баюся каму-небудзь адчыніць. Горш за ўсё няведанне, таямнічасць, вось гэтае таемнае выкраданне… Пайшоў на працу на начную змену і знік. Аб яго затрыманні даведалася ад выпадковых людзей, якія бачылі сцэну запіхвання яго ў аўтамабіль і паведамілі пра здарэнне ў мясцовым чаце.
Дарэчы, ваеннае ліхалецце не абыйшло бокам сям’ю Гародніка, які сустрэў Дзень Перамогі ў СІЗА. Брат бабулі Юры Гародніка загінуў пад Беластокам, а прозвішча дзядулі Наталлі Гароднік увекавечана на Мамаевым Кургане…
Але вернемся да суда. Пасля 9-ай гадзіны раніцы да купкі случчан, што стаялі каля будынка міліцыі ў чаканні суда, выйшаў намеснік начальніка міліцыі Аляксандр Валер’евіч Станкевіч. Ён парэкамендаваў грамадзянам пакінуць месца знаходжання «во избежание проблем». Пры гэтым ахвотна паведаміў, што суд не закрыты і будзе адбывацца ў будынку міліцыі. Пачуўшы пагрозы ў свой адрас, жыхары горада спынілі настойваць на сваёй прысутнасці на «адкрытым судзе» і адышлі ў бок будынка сапраўднага суда, зачыненага на выходныя. На атрыманні інфармацыі працягвалі настойваць толькі жонка і карэспандэнт НЧ.
Паміж кнопкай выкліку на будынку міліцыі і карэспандэнтам адбылася такая размова:
— Дык суд адбудзецца?
— Адбудзецца.
— А калі?
— Тады, калі прыйдзе суддзя.
— А суддзя калі павінен прыйсці?
— Спытайце пра гэта ў судзе.
Падыходжу да буданка суда і праз дзверы бачу насцярожаны твар ахоўніка. Ён паведамляе мне, што суддзя ўжо прыйшоў і знаходзіцца ў СІЗА.
Вяртаюся да кнопкі, і наша размова працягваецца.
— Суддзя ўжо прыйшоў. А можна папрысутнічаць карэспандэнту і жонцы?
— Усе пытанні да начальніка міліцыі.
— А можна паразмаўляць з начальнікам міліцыіі, чаму на суд нікога не пускаюць?
Некалькі хвілін доўжыцца маўчанне, пасля дзверы адчыняюцца і мяне гасцінна запрашаюць зайсці.
Спачатку праверылі рэчы, паклалі іх у камеру захоўвання. Крыху падзівіліся на «трывожную сумку арыштанта» — таму што я прыйшла ўжо гатовая «сесці».
Пасля некалькі супрацоўнікаў суправаджалі мяне па калідорах, урэшце адвялі ў кабінет. Праз хвілін 15 чакання ў мяне знікла жаданне размаўляць з начальнікам міліцыі Чухольскім, і пра гэта я паведаміла сваім траім ахоўнікам. Пачула ў адказ, што ім дадзены загад сцерагчы мяне. Паміж мной і міліцыянтамі адбыліся прыкладныя дыялогі:
— Дык я затрымана?
— Не.
— Тады выпусціце мяне.
— Не можам.
— Калі я не затрымана, то я сама пайду!
Як толькі я ступіла крок, адзін міліцыянт стаў каля зачыненых дзвярэй, а другі ўхапіў мяне за рукаў.
— Дык, выходзіць, я затрымана. За тое, што асмелілася патурбаваць вялікага начальніка і задаць яму пытанне аб законнасці яго дзеянняў аб недапушчэнні людзей на суд і парушэнні права на інфармацыю? Вы яшчэ маладыя, вы хоць разумееце, ў чым удзельнічаеце і якія незаконныя загады вы выконваеце?
Маўчанне.
— Вы гісторыю ў школе міліцыі вывучалі? Можа, дрэнна там выкладалі яе вам? Я — былы настаўнік гісторы і курса «Чалавек і грамадства». Тады не буду траціць час. Усё роўна ж пасадзіце. Распавяду вам пра ўсё, што адбываецца, з пункту гледжання гісторыі і правоў чалавека і нават школьных падручнікаў гісторыі.
Распавяла… І пра рэспублікі, і пра ўсходнія дэспатыі, і пра вопыт дэмакратычных краін у кірунку працвітання грамадзянскіх супольнасцяў, і гісторыю нашых дзяржаўных сімвалаў… Пра адносіны міліцыянтаў да мірных грамадзянаў у іньшых краінах… А раптам, што дойдзе? І да іх, і да іхняга начальства?
Праз дзве з паловай гадзіны маёй лекцыі ў кабінеце з’явіўся намеснік начальніка слуцкай міліцыі Аляксандр Станкевіч.
— Ну, что, понравилось вам у нас?
— Пачытаеце ў газеце «Новы Час».
— А что, такая газета есть? Я таких газет не читаю.
— А што вы чытаеце?
— «Советскую Белоруссию».