Карбалевіч: БелАЭС — яшчэ адна залежнасць ад Расіі

Ці выйдзе ў беларускага боку атрымаць кампенсацыю ад «Расатама» з-за парушэння тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю БелАЭС? Пра гэта на «Салідарнасці» разважае палітаглядальнік Валерый Карбалевіч.

Беларуская АЭС. Фота: greenbelarus.info

Беларуская АЭС. Фота: greenbelarus.info

Беларусь узняла пытанне наконт кампенсацый расійскім бокам у сувязі са зрушэннем тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю БелАЭС.

 — У нас трохі зрушыліся тэрміны ўводу ў эксплуатацыю атамнай станцыі праз расійскі бок. Натуральна, па дамове мы паставілі перад імі пытанне аб кампенсацыях. Гэта хаваць не трэба. Нічога там надзвычайнага не было. Але такія пытанні былі пастаўлены ў сувязі з тым, што парушаны тэрміны ўводу станцыі, і адказнасць за гэта нясе расійскі бок, — сказаў Лукашэнка.

Глядзіце таксама

«Салідарнасць» абмеркавала з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Валерыем Карбалевічам, ці ўдасца беларускаму боку атрымаць кампенсацыю ад «Расатама».

 — Наколькі можна зразумець з заяў Лукашэнкі, «Расатам» не супраць кампенсацыі, пытанне аб яе формах. Не абавязкова выплачваць грашыма — гэта могуць быць ільготныя цэны для прадукцыі, якая пастаўляецца для АЭС. Напрыклад, ільготныя цэны для сыравіны, — тлумачыць у каментары Валерый Карбалевіч. — Але тут ёсць больш шырокая праблема. Атамная станцыя — гэта палітычны праект, і ў гэтым пытанні многае перамяшана: і камерцыйныя інтарэсы «Расатама», і палітычныя інтарэсы расійскай дзяржавы.

Праект атамнай станцыі, пабудаванай з дапамогай Расіі, — гэта дадатковы спосаб узмацнення залежнасці Беларусі ад Расіі.

Гэта значыць, у дадатак да залежнасці традыцыйных энергарэсурсаў у выглядзе нафты і газу, фінансавай, палітычнай, ваеннай, з'явілася яшчэ і атамная залежнасць. На дзесяцігоддзі наперад Беларусь будзе прывязана да Расіі, у тым ліку дзякуючы таму, што пастаўкі сыравіны для АЭС ідуць з Расіі, там жа будзе ажыццяўляцца перапрацоўка адходаў.

Глядзіце таксама

Эксперт дапускае, што пытанне кампенсацыі будзе абмяркоўвацца на перамовах вышэйшага ўзроўню.

— За паўтара года з пачатку вайны Расіі супраць Украіны Расія моцна фінансавала Беларусь. Толькі за кошт ільготных цэнаў нафты і газу Беларусь атрымала блізу 15 мільярдаў кампенсацыі за 2022 год. Гэта значыць, Расія гатова кампенсаваць Беларусі за яе саюзніцтва.

Абмяркоўваць гэтае пытанне цалкам дапушчальна, але да якой ступені сёння Расія будзе гатова ісці на саступкі — сказаць складана. Пакуль што гэтае пытанне абмяркоўваецца на ўзроўні Міністэрства энергетыкі Беларусі і «Расатама». Калі на гэтым узроўні не дамовяцца, будуць пераносіць на больш высокі, — робіць выснову Карбалевіч.

Глядзіце таксама