Кантраляваць уступную кампанію будуць больш як 200 супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю
Кантраляваць уступную кампанію будуць больш як 200 супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю. Пра гэта было заяўлена 10 чэрвеня падчас пасяджэння Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў, паведамляе прэс-служба КДК.
Склад і паўнамоцтвы дзяржкамісіі вызначаны ўказам прэзідэнта ад 16 мая 2014 года № 223 "Аб арганізацыі ўступнай кампаніі ва ўстановах адукацыі ў 2014 годзе". На пасяджэнні
разгледжаны асаблівасці ўступнай кампаніі 2014 года, ключавыя моманты цэнтралізаванага тэставання, іншыя пытанні.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня дзяржкамісіі, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў зазначыў, што штогадовае стварэнне кантрольнай камісіі "сведчыць аб той увазе,
якую надае кіраўнік дзяржавы сістэме прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая адпавядае інтарэсам дзяржавы, асобы і прынцыпам сацыяльнай справядлівасці".
"Асноўнай задачай дзяржкамісіі з'яўляецца кантроль за даваннем абітурыентам роўных магчымасцяў пры паступленні ва ўстановы адукацыі Беларусі", — падкрэсліў
Рубінаў.
Распараджэннем старшыні дзяржкамісіі на базе Камітэта дзяржаўнага кантролю створана рабочая група дзяржкамісіі. У яе ўваходзяць прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, Адміністрацыі прэзідэнта,
Мінадукацыі і МУС.
У кожнай установе адукацыі будуць працаваць камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў. Старшынямі гэтых камісій з'яўляюцца члены дзяржкамісіі, намеснікамі — супрацоўнікі
Камітэта дзяржаўнага кантролю, членамі — прадстаўнікі дзяржорганаў і арганізацый сістэмы адукацыі, грамадскіх арганізацый.
У чэрвені кантрольныя камісіі сканцэнтруюцца на кантролі за правядзеннем цэнтралізаванага тэставання (ЦТ), якое пройдзе ў 58 установах адукацыі, у тым ліку ў 25 з іх — у Мінску. У кожнай з 6 тыс. аўдыторый, вызначаных для ЦТ, будзе прысутнічаць прадстаўнік дзяржкамісіі.
Марына Носава, БелаПАН