Кантэнт для YouTube: Воркшоп Паўла Квасьнеўскага
Майстэрня сацыяльнага кіно абвяшчае набор на новы інтэнсіў у межах адукацыйнага праекта для крэатараў #ART_INCLUSION. Гэтым разам – для тых, каму цікава развіваць свой YouTube-канал.
7-9 чэрвеня адбудзецца воркшоп па стварэнні і прасоўванні відэакантэнту ад польскага прадзюсара тэлевізійных і інтэрнэт-відэапраектаў Паўла Квасьнеўскага. Трохдзённы інтэнсіў будзе прысвечаны магчымасцям і спосабам выкарыстання Youtube для распаўсюду сваіх ідэй – ідэй, важных не толькі для вас асабіста, але і для групы, ад імя або для якой вам ёсць што сказаць.
Разам з экспертам вы вывучыце асновы працы на YouTube: стварэнне і афармленне канала, праца з кантэнтам і спасылкамі, аптымізацыя відэа. Даведаецеся, як пазбегнуць тыповых памылак пачаткоўца. У выніку вы створыце актуальны, запатрабаваны кантэнт для Youtube і навучыцеся яго прасоўваць.
Курс арыентаваны на блогераў, грамадскіх і культурных дзеячаў. Традыцыйна для праекта #ART_INCLUSION асаблівая ўвага будзе аддадзена людзям з інваліднасцю, гатовым адкрываць сябе для публікі, агучваць свае каштоўнасці, праблемы і патрэбы, пра якія нашаму грамадству важна ведаць. Адважвайцеся выходзіць на новы ўзровень!
Для ўдзелу неабходна падаць заяўку да 28 мая ўключна. Вынікі адбору будуць абвешчаныя 31 траўня.
Праект рэалізуецца Майстэрняй сацыяльнага кіно пры падтрымцы Праграмы малых грантаў Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.
Падрабязнасці: www.artinclusion.sockino.by
Паводле прэс-рэліза