Кампанія "Права выбару — 2015" патрабуе ад КДК прыцягнуць да адказнасці Цэнтрвыбаркам

Кампанія па назіранні за выбарамі "Права выбару — 2015" накіравала заяву ў Камітэт дзяржкантролю з просьбай прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці службовых асобаў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў за ігнараванне калектыўных прапановаў аб зменах у выбарчым заканадаўстве.



cvk_shylda.jpg

Удзельнікамі кампаніі "Права выбару — 2015" быў падрыхтаваны законапраект, які змяняе практыку правядзення ў краіне выбараў і рэферэндумаў. У прыватнасці, аўтары дакумента прапаноўваюць павысіць рэпрэзентатыўнасць тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, увесці дадатковыя гарантыі свабоднага і бесперашкоднага ажыццяўлення назірання за ходам галасавання і падлікам галасоў, стварыць рэспубліканскі рэестр выбаршчыкаў, скараціць перыяд і умовы датэрміновага галасавання, зняць абмежаванні на правядзенне агітацыйных масавых мерапрыемстваў і інш.7 красавіка гэтыя прапановы былі накіраваны ў Палату прадстаўнікоў і Цэнтрвыбаркам. Палата прадстаўнікоў адказала на зварот, адзначыўшы, што ён перададзены ў пастаянную камісію Савета Рэспублікі і што планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год распрацоўка законапраекта, які карэктуе палажэнне законаў па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў, не прадугледжваецца.

Аднак з ЦВК "дагэтуль няма ніякага адказу", паведамляе прэс-служба кампаніі.

У адпаведнасці з арт. 17 закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў", пісьмовыя звароты павінны быць разгледжаны не пазней за пятнаццаць дзён, а звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, — не пазней за месяц, калі іншы тэрмін не вызначаны заканадаўчымі актамі.

Цэнтрвыбаркам парушыў п. 3 арт.17 "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў" (права заяўнікаў на атрыманне адказу на звароты ва ўстаноўлены тэрмін), што з'яўляецца правапарушэннем, адказнасць за якое прадугледжана арт.9.13 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў).

"Нават такія простыя рэчы, як выкананне закону "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў", Цэнтрвыбаркам на чале з яго кіраўніцай Лідзіяй Ярмошынай не выконваюцца. Калі не працуе закон у такой драбязі, то паўстае пытанне, ці можна чакаць ад Цэнтрвыбаркама выканання выбарчага заканадаўства? Кампанія "Права выбару" будзе і надалей сачыць за дзейнасцю Цэнтральнай выбарчай камісіі і дабівацца выканання заканадаўства на ўсіх этапах кампаніі", — падкрэсліў адзін з каардынатараў кампаніі Дзяніс Садоўскі.

У кампанію па назіранні за выбарамі "Права выбару — 2015" уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", кампанія "Гавары праўду", рух "За Свабоду", Партыя БНФ, партыя "Зялёныя", незалежны прафсаюз РЭП, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.