Каб адукацыя зноў стала прыярытэтам грамадства

У выніку шэрагу круглых сталоў (“Грамадcтва. Адукацыя. Каштоўнасці” і “Хто створыць каштоўнасную прастору ў беларускай адукацыі? Уласны і міжнародны досьвед”), праведзеных у 2014 – 2015 гадах, а таксама кансультацыяў з замежнымі адукатарамі, эксперты Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі (Вільнюс, Літва), выпрацавалі рэкамэндацыі беларускаму грамадскаму сектару, адукацыйным ініцыятывам і мецэнатам адукацыйнага працэсу.



obrazovanie.jpg

Так, згодна гэтым рэкамендацыям, удасканаленне фармальнай адукацыі мажлівае з улікам наступных агульных патрабаванняў:

1. Дзяржаватворчая роля адукацыі па-беларуску на ўсіх узроўнях — ад дашкольнага выхавання да вышэйшай школы і паслядыпломнай адукацыі — як найважнейшага інструменту замацавання беларускай ідэнтычнасці наступных пакаленняў, зберажэння функцыянальнай прасторы беларускае мовы, аднаўлення яе прэстыжнасці, трансляцыі нацыянальных эстэтычных каштоўнасцяў.

2. Дэцэнтралізацыя і самаарганізацыя ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу (бацькоўскія камітэты, рэальныя настаўніцкія прафсаюзы, студэнцкае самакіраванне). Заканадаўчыя гарантыі для іх. Выбары дырэктараў школ і рэктараў ВНУ. Змена палажэння аб Радах установаў адукацыі, якая ператворыць іх у рэальна выбарныя органы, незалежныя ад адміністрацыі. Недапушчэнне перакладання фінансавых абавязкаў дзяржавы на бацькоў школьнікаў.

3. Абарона правоў педагогаў. Заканадаўчая забарона прымушаць настаўніка выконваць працу, не звязаную з ягонымі функцыянальнымі абавязкамі.

4. Аднаўленне аўтарытэту педагога ў грамадстве. Адмена ўсіх палітычна матываваных рашэнняў аб звальненні педагогаў і магчымасць для іх вярнуцца на працу.

5. Кардынальная змена зместу навучання педагогаў. Грунтоўная падрыхтоўка і дадатковае навучанне педагогаў не толькі ў методыцы і педагогіцы, але ў сацыялогіі, правазнаўстве, псіхалогіі і ўзроставай фізіялогіі.

Адпаведныя патрабаванні распрацаваныя для ўдасканалення сярэдняй і вышэйшай, нефармальнай і інфармальнай (набыццё ведаў з жыццёвага досьведу, кніг і мэдыяў) адукацыі, бацькоўскага руху і студэнцкага самакіравання, а таксама для аднаўлення беларускай акадэмічнай супольнасці і адукацыйна-культурнай прасторы. 

Актуальны прыярытэт ў працэсах фармальнага і нефармальнага навучання эксперты надаюць медыяадукацыі. Прычым у нефармальным навучанні рэкамендуецца скарыстаць наяўныя магчымасці доступу да міжнароднага досьведу медыяадукацыі і мадыфікаваць яго з улікам беларускай і рэгіянальнай спецыфікі – процістаяння агрэсіўнай антыдэмакратычнай ды імпэрскай прапагандзе. Менавіта такі падыход разглядаецца як місія практычна ўсіх няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў, што займаюцца грамадзянскай адукацыяй.

Поўны тэкст рэкамендацыяў дасяжны па спасылцы.