Юрыя Рубцова накіравалі на «хімію» ў Куплін

Актывіст з Гомеля будзе адбываць пакаранне там, дзе знаходзіўся пасля Плошчы-2010 Павел Севярынец.



sychodz.jpg

Актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў, якога абвінавацілі ў абразе суддзі, будзе адбываць пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну.
Цяпер ён праходзіць працэдуру афармлення ў камендатуры, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Рубцоў быў прызнаны вінаватым у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса — абраза суддзі або народнага засядацеля. 6 кастрычніка 2014 года ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска суддзя Натальля Вайцэховіч агучыла прысуд — два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Адзін год з гэтага тэрміну быў скасаваны па амністыі, таму для адбыцця пакарання засталося паўтары гады.
21 лістапада Мінскі гарадскі суд, разгледзеўшы скаргу Юрыя Рубцова, пакінуў прысуд актывісту без зменаў, а скаргу без задавальнення.
28 красавіка 2014 года ў судзе Савецкага раёна Мінска разглядалася адміністратыўная справа Юрыя Рубцова, які быў затрыманы на дазволенай уладамі акцыі «Чарнобыльскі шлях». Пад час працэсу Рубцоў, якога ў суд даставілі напаўаголеным і без акуляраў, падаваў заўвагі да пратакола судовага паседжання, якое вёў суддзя суду Савецкага раёна Мінска Кірыл Палулех, аднак суд не прыняў іх да ўвагі. Больш за тое, Кірыл Палулех палічыў словы Рубцова за абразу і падаў заяву ў суд.
svaboda.org