Юры Дракахруст: Паўтор справы Пуліхава, альбо Каго забілі ў Горадні?
Сытуацыя зь ліквідацыяй «тэрарыста» ў Горадні нагадала публіцысту Юры Дракахрусту дзьве справы. Адну сучасную — «замах на Лукашэнку» групай інтэлектуалаў, а другую гістарычную — спробу забойства эсэрам Іванам Пуліхавым менскага губэрнатара Паўла Курлова.
Сытуацыя ў нечым нагадвае справу аб «змове» Зянковіча — Фядуты — Кастусёва. Тая «змова» не была чыстай выдумкай, суб’ектыўна яе фігуранты дзейнічалі шчыра, але ўся ініцыятыва амаль ад пачатку знаходзілася пад кантролем беларускіх спэцслужбаў. Такой жа правакацыяй маглі быць і падзеі ў Горадні, піша Дракахруст у сваім блогу на «Радыё Св*бода».
«Найвышэйшы ўзровень зьнешніх пагрозаў для Беларусі вымушае нас зьвярнуць самую пільную ўвагу і на пагрозы ўнутраныя... На днях у Горадні быў нэўтралізаваны закінуты да нас замежны тэрарыст... Тое, што канфіскавалі цэлы арсэнал зброі, выбухоўкі, які прызначаўся для гучных тэрактаў у дачыненьні да грамадзянаў і службовых асоб... Яны ўсе задакумэнтаваныя, пажаданьні яго і пляны», — даволі няпэўна расказаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе зь сілавікамі.
Пазьней дзяржаўныя мэдыя абнародавалі ўдакладненьні спэцслужбаў: «У лютым КДБ атрымаў зьвесткі пра намеры зьбеглых экстрэмістаў пераправіць з Польшчы ў Беларусь аднаго з сваіх прыхільнікаў. У поле зроку КДБ трапляе чалавек з расейскім пашпартам — Ламакін Аляксей Мікалаевіч, 1981 году нараджэньня. Пазьней высьветліцца, што дакумэнты падробленыя».
Расейскі пашпарт, скажам, падроблены. А які сапраўдны, якое сапраўднае грамадзянства забітага?
Пра гэта пакуль не паведамляецца, але цікавыя інтэрпрэтацыі, якія зьявіліся ці не адразу ў афіцыйных і паўафіцыйных крыніцах.
Скажам, праўладны палітоляг Аляксей Дзерман, не дачакаўшыся афіцыйных тлумачэньняў, напісаў у сябе ў ТГ: «З Горадні трывожныя навіны. Ліквідаваны ўзброены замежнік, які рыхтаваў тэракт. Яго грамадзянства пакуль невядомае, але мы разумеем, якая там побач суседняя краіна і якія яе намеры. Можна прывесьці аналёгію з 20-мі — сярэдзінай 30-х гадоў XX стагодзьдзя, калі рэжым Пілсудзкага быў адной з галоўных пагрозаў для Савецкага Саюзу на захадзе».
Ну так, грамадзянства замежніка пакуль невядомае, але цень Пілсудзкага за ім ужо праглядаецца. Польская тэма прысутнічае і ў афіцыйным паведамленьні спэцслужбаў, але абэртонам, на заднім пляне. Паводле гэтай вэрсіі, арганізатары — «зьбеглыя экстрэмісты» з Польшчы, але ня польская дзяржава.
І Лукашэнка, прыгадаўшы на нарадзе падзеі ў Горадні, адно туманна намякнуў на сувязь зьнешніх і ўнутраных пагрозаў. Камэнтуючы дывэрсію ў Мачулішчах, ён наўпрост абвінавачваў украінскія спэцслужбы і ўкраінскую ўладу. Сёньня падобных інвэктываў у адрас польскай улады не гучала.
Што ж насамрэч адбылося ў Горадні?
Вэрсія, якую адразу агучылі некаторыя недзяржаўныя мэдыя, — інсцэніроўка, спэктакль, пастаноўка. Ніякага тэрарыста не было, нікога не забілі, ці забілі зусім недатычнага чалавека. На фоне «жэстачайшай зачысткі», абвешчанай Лукашэнкам пасьля дывэрсіі ў Мачулішчах, і не такое магло здарыцца ў службовым імпэце.
Але ўсё ж больш імавернай уяўляецца іншая вэрсія. Надта ўжо шмат нетэатральных дэталяў абнародавана. Ну, і ёсьць пэўны досьвед, ёсьць канкрэтны прэцэдэнт. Калі ў Маскве былі арыштаваныя Юрась Зянковіч і Аляксандар Фядута за ўдзел у змове, першай рэакцыяй было: што за трызьненьне, якая змова, нейкая суцэльная лухта.
А аказалася, што не суцэльная. Людзі ж розныя. Вал рэпрэсіяў у Беларусі не спадае. І людзі, беларусы і з замежнымі пашпартамі, і зь беларускімі, рэагуюць на гэта па-рознаму. І нехта прыходзіць да высновы, што трэба дзейнічаць рашуча і неадкладна. Чаму, тэарэтычна кажучы, такі чалавек ці такія людзі не маглі і пачаць дзейнічаць? Для кагосьці і Сахашчык, і ByPol зь ягоным плянам «Перамога» занадта радыкальныя, а для некага — і яны недастаткова рашучыя.
Паўтаруся — людзі розныя.
Але справа Зянковіча — Фядуты — Кастусёва падказвае магчымасьць дадатковай сюжэтнай лініі. Як высьветлілася, уся тая змова амаль ад пачатку была правакацыяй беларускіх спэцслужбаў, яны кантралявалі кожны крок змоўшчыкаў.
А мо і ў Горадні было тое самае? Інсцэніроўка, але ў крыху іншым сэнсе, спэктакль, у якім галоўны выканаўца ня ведае, чый сцэнар і хто рэжысэр.
Апраўданьне за Мачулішчы?
У 1906 годзе малады эсэр Іван Пуліхаў кінуў бомбу ў менскага губэрнатара Паўла Курлова. Бомба ня выбухнула, Пуліхава павесілі. Праз шмат гадоў тагачасны шэф піцерскай ахранкі Васіль Герасімаў апісаў дэталі замаху на Курлова. Бомбу Пуліхаву прывезла зь Піцера таксама тэрарыстка. Але па сумяшчальніцтве — агентка палкоўніка Герасімава. Бомба мела маленечкі дэфэкт. Пуліхаў гэтай бомбай і ня мог забіць Курлова. Бомба і не магла выбухнуць. Усё было схоплена, усё было пад кантролем.
Што спэцслужбісты-арганізатары горадзенскага сцэнару выйгралі? Пасьля скасаваньня вэрсіі пра «польскі сьлед» (калі яна скасаваная), па вялікім рахунку, нічога асаблівага. «Жэстачайшая зачыстка» абвешчаная ўжо пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах. «Жэстачайшую ў квадраце» забойства ў Горадні ня выкліча. Асабліва няма ўжо куды больш «жэсьціць».
Прапагандысцкі эфэкт таксама даволі сьціплы. Усе жывыя і здаровыя (акрамя «тэрарыста», зразумела). Апазыцыянэраў улады і так тэрарыстамі клічуць ужо працяглы час. Так што прапагандысцкай бомбы з горадзенскага інцыдэнту не атрымалася.
Ня выключана, што гэтая гісторыя для спэцслужбаў — своеасаблівае апраўданьне за Мачулішчы, замяшчэньне ўражаньня ад няўдачы ў Мачулішчах. Там усё ж не прадухілілі, а ў Горадні — прадухілілі. Магчыма, новыя дэталі забойства і яго кантэксту падкажуць іншую вэрсію, але пакуль такая выглядае, прынамсі, даволі праўдападобнай.