Працяг «трылера». Прапаганда распавяла, што «тэрарыст» у Гродне меў пашпарт РФ, але вінаваты «збеглыя»
У выніку «бліскучай» аперацыі «тэрарыста» ў Гродне не змаглі ўзяць жывым, ён нібыта быў паранены і памёр па дарозе ў шпіталь.
Праўладныя тэлеграм-каналы распаўсюдзілі фрагмент выпуску навін на дзяржаўным тэлебачанні, у якім распавядаюцца чарговыя падрабязнасці нядзельнага інцыдэнту ў Гродне.
Прапагандысты сцвярджаюць, што «тэрарыстам» аказаўся мужчына з падробным расійскім пашпартам на імя Аляксея Ламакіна, 1981 года нараджэння. Але калі вы падумалі, што ў здарэння ёсць расійскі след, то не: паведамляецца, што гэты чалавек быў закінуты ў Беларусь з тэрыторыі Польшчы, і за гэтым стаяць, канешне ж, прадстаўнікі «дэструктыўнай збеглай апазіцыі».
Таксама ў сюжэце гаворыцца, што «тэрарыст» адкрыў агонь па групе захопу з аўтамата Калашнікава і ў выніку быў паранены стралянінай у адказ. Да шпіталя яго нібыта не давезлі, ён памёр па дарозе.
Пасля, як сцвярджаюць прапагандысты, у здымнай кватэры «Ламакіна», акрамя аўтамата, былі знойдзены патроны да яго і граната Ф-1. Таксама ў яго быў «доступ да пяці кілаграмаў выбухоўкі».
На нарадзе з сілавікамі 21 сакавіка Лукашэнка назваў аперацыю «бліскучай», хаця цалкам паспяховай яе можна было б лагічна назваць у выпадку затрымання «дыверсанта» жывым.
Нагадаем, 19 сакавіка тэлеграм-каналы паведамілі пра гукі выбухаў і стральбы ў адным са шматкватэрных дамоў у Гродне.
«У Гродне на вуліцы Курчатава і Урублеўскага нейкі час таму
былі выбухі ці стрэлы. Цяпер ля падʼезда дома міліцыянеры, якія загрузілі ў
машыну чалавека», — так апісаў сітуацыю падпісчык «Маёй кр*іны Беларусі», які
даслаў відэа некалькі гадзін таму.
Тэлеграм-канал @Grodno_grab пазней удакладніў, што па адрасе
Курчатава, 5 з «выбухамі і стрэламі» адбываюцца затрыманні. Заўважаны каля 10
супрацоўнікаў міліцыі і бусік.
Пазней БелТА паведаміла пра забойства замежнага грамадзяніна
супрацоўнікамі КДБ. Паводле агенцтва, той аказаў супраціў.
Затым стала вядома, што да службовага дома Уладзіміра Караніка ў Гродне на вуліцы Свярдлова прыехала міліцыя, служба размініравання з сабакамі. Па гэтым можна меркаваць аб «мініраванні» дома чыноўніка.