Мажэйка: Лукашэнка сказаў, што «пруць экстрэмісты са зброяй», значыць, трэба шукаць

Палітолаг і каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка паглядзеў відэа аб затрыманні «тэрарыста» ў Гродне і падзяліўся сваімі высновамі.

Скрын з дзяржТБ

Скрын з дзяржТБ

— Я глядзеў відэа пра гэты інцыдэнт, якое паказалі па дзяржТБ, шчыра кажучы, яно пакідае адчуванне, што вельмі хацелі нешта паказаць і пацвердзіць сваю версію, але паказаць было няма чаго,адзначыў у размове з «Салідарнасцю» палітолаг, каментуючы «нейтралізацыю замежнага тэрарыста» ў Гродне. — Нам паказалі штурм пустой кватэры, дзе нічога не відаць, паказалі выбух дома, дзе наогул нельга зразумець, што там выбухнула, паказалі нейкую столь. Нам не паказалі, па сутнасці, нічога.

— Гісторыя вельмі падобная на тую, што «пра 150 джыпаў з кулямётамі», вам так не здаецца?

— Я б нават успомніў класіку пра «атручанага пацука ў каналізацыі». Фантазія з тых часоў у іх багацей не стала. Нейкі нерэальны фільм з катэгорыі расійскіх мянтоўскіх серыялаў.

Я не бяруся сцвярджаць, што наогул нічога не было. Магчыма, нешта І было, нешта раздулі і да рэальнага факту дадалі 99% фэйкаў.

Што там за чалавек быў, наогул, незразумела, ці існуе ён у прыродзе. Спачатку нібыта назвалі яго імя і грамадзянства, а потым сказалі, што пашпарт у яго фальшывы. Гэта толькі пашпарт фальшывы або імя і грамадзянства таксама не актуальныя? Пакуль гэтага нібыта забітага тэрарыста не апазнае нехта, я схільны бачыць у гэтым усім нейкую інсцэніроўку.

— З якой мэтай?

— Не выключана, што гэта канкурэнтная барацьба паміж сілавымі ведамствамі, калі хтосьці хоча выслужыцца і паказаць: вось глядзіце, якія мы малайцы, тыя проста кагосьці затрымалі, а мы — цэлага тэрарыста, з гранатамі.

— Чаму вы сумняваецеся, што ўсё гэта было рэальна і такі чалавек існаваў?

— Можа, ён і існаваў, а вось ці знойдуцца ў яго сляды ці нейкая гісторыя, якія паказваюць на тое, чым ён займаўся, ці гэта будзе незразумела хто і адкуль узяўся. Таму што верагоднасць, што ўсіх сабак павесяць на выпадковага чалавека, таксама існуе. Зноў жа зусім незразумелы ўкід пра тое, што нібыта ён прыехаў са зброяй, а потым пачаў хадзіць па вакзалах, нешта там выглядваць.

Пры гэтым, калі мы ўспомнім рэальныя інцыдэнты, якія ажыццяўлялі на тэрыторыі Беларусі (напрыклад, калі беспілотнік спрабаваў падпаліць амапаўскую базу або апошняе здарэнне ў Мачулішчах), там алгарытм дзеянняў зусім іншы.

Куча затрыманых падчас адпрацоўкі, а канкрэтыкі ніякай, ні табе гранат з-за мяжы, ні праўдападобных выканаўцаў. Почырк у тых гісторыях і апошняй, прадстаўленай нам, розны. Але я ўсё ж такі пачакаю, пакуль хтосьці апазнае гэтага чалавека ў рэальнасці.

— Пакуль адзінае, што сапраўды рушыла ўслед за «нейтралізацыяй тэрарыста», гэта чарговае ўзмацненне рэпрэсій.

— Справа ў тым, што ім няма розніцы, пад якім соусам узмацняць рэпрэсіі і ажыццяўляць зачысткі. Яны ж не спыняюцца ўвесь час. Вось толькі пару тыдняў адпрацоўвалі Мачулішчы, цяпер з'явілася новая нагода. І гэтая нагода, дарэчы, таксама магла стаць прычынай усяго гэтага «баевіка».

Калі ўспамінаюць пра 30-я гады мінулага стагоддзя, усе кажуць пра маштаб рэпрэсій. Але там быў яшчэ і кантэкст рэпрэсій, калі паводле камуністычнай ідэалогіі, у сувязі з пабудовай сацыялізму пастаянна павінна была ўзмацняцца класавая барацьба. А яна не ўзмацнялася, ну, не было ніякіх «белых дыверсантаў». І іх давялося шукаць.

Так і ў нас цяпер пастаўлена задача: актыўна лавіць «тэрарыстаў і экстрэмістаў», а яны не едуць касякамі праз мяжу. Але Лукашэнка сказаў, што «пруць экстрэмісты са зброяй». Ён жа не можа не мець  рацыю. Значыць, проста дрэнна шукалі.