Юрась Губарэвіч прапанаваў зрабіць паркоўкі ў Мінску бясплатнымі
Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч звярнуўся ў Мінгарвыканкам з прапановай зрабіць паркоўкі ў горадзе бясплатнымі, пакуль за іх немагчыма будзе расплочвацца новымі грашыма.
«З 1 ліпеня 2016 года у Беларусі прайшла дэнамінацыя, уведзеныя новыя грашовыя адзінкі (BYN). У Мінску шэраг грамадскіх парковак абсталяваныя кропкамі збору і аплаты за парковачнае месца. Практычна ўсе яны, па стане на 13 ліпеня, працягваюць прымаць толькі купюры старога ўзору», — адзначыў Губарэвіч у звароце.
Па ягоных словах, «гэта стварае значныя нязручнасці ўласнікаў аўтамабіляў, якія карыстаюцца гэтымі паркоўкамі», асабліва калі там стаяць шлагбаумы.
У сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў Мінску, Губарэвіч прапанаваў да пераводу аўтаматаў збору і аплаты за парковачнае месца да моманту да пераводу іх на новыя грашовыя адзінкі ці перавесці ў бясплатны рэжым, ці неадкладна забяспечыць прыём грошаў абодвух узораў (BYN i BYR).
Электронны зварот дасланы ў Мінгарвыканам і УП «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі».
«Я сам неаднаразова трапляў апошнім часам у непрыемныя сітуацыі з паркоўкамі праз адсутнасць магчымасці плаціць новымі грашыма, — пракаментаваў сайту Pyx.by сваю ініцыятыву Юрась Губарэвіч. — І выбаршчыкі мне скардзіліся».
Ён тлумачыць, што фактычна ідзе навязванне грашовай адзінкі, акрамя таго ўлады не прадстаўляюць паслугу належнай якасці. «Ад кавы з апарата я магу адмовіцца, але ад аплаты паркоўкі пасля таго, як заехаў за шлагбаум, не, — дадаў Губарэвіч. — Праблема патрабуе неадкладнага вырашэння, нават і коштам таго, што на нейкі час паркоўкі стануць бясплатнымі».
Па ягоных словах, ён распачаў збор подпісаў пад зваротам.