Паўкроку да дэфолту
Калі б дэнамінацыі не было, варта было б яе прыдумаць. Зараз шмат хто бегае і блытаецца ў новых-старых грошах, і не звяртае ўвагі на эканамічны стан як уласны, так і ў цэлым па краіне. А краіна між тым блізкая да дэфолту.
Разважаць пра гэтую прыкрую падзею прымушаюць не нейкія там МВФ ці Moody’s, а родны Банк развіцця Рэспублікі Беларусь. У новым эканамічным аглядзе, які падрыхтавалі спецыялісты гэтай установы, адзначаецца, што да канца года адток актываў з краіны можа перавысіць $4 мільярды.
Гэта адбываецца з-за захавання дэфіцыту плацежнага балансу Беларусі і неабходнасці пагашэння валютнага дзяржаўнага доўгу ў 2016 годзе. «Неспрыяльная сітуацыя на рынках нафты і калійных угнаенняў вядзе да істотнага скарачэння ў 2016 годзе аб’ёму беларускага экспарту (у студзені-красавіку 2016 года на 16,1%) і пагаршэння балансу знешняга гандлю», — палічылі спецыялісты Банка развіцця. Як следства, адмоўнае сальда экспартна-імпартных аперацый з таварамі і паслугамі за студзень-красавік 2016 года склала $170 мільёнаў, што на $430 мільёнаў ніжэй за аналагічны перыяд 2015 года.
«Пагаршэнне сітуацыі ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі адбіваецца на росце ў 2016 годзе дэфіцыту рахунку бягучых аперацый, які ў першым квартале 2016 года склаў $1,5 мільярда (14% да ВУП)», — канстатуюць спецыялісты банка. Між тым, праграма дзейнасці ўрада на 2016–2020 гады прадугледжвае, што дэфіцыт рахунку бягучых аперацый не павінен перавышаць 3% ВУП.
Канешне, аўтары агляду адзначаюць, што сітуацыя на ўнутраным валютным рынку, уключаючы рост чыстага продажу замежнай валюты з боку насельніцтва, ажыццяўленне новых дзяржаўных запазычанняў і паступленне ў бюджэт экспартных пошлін у замежнай валюце, спрыяла стабілізацыі ў апошнія месяцы ўзроўню золатавалютных рэзерваў.
Самае прыкрае тое, што абваліўся ў нас менавіта той экспарт, які прыносіў Беларусі найбольшыя выгоды. Па словах кіраўніка айчыннага МЗС Уладзіміра Макея, больш за ўсё праселі пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў, звадкаванага газу і угнаенняў. Пры гэтым Макей заўважыў, што, калі выключыць гэтыя пазіцыі, то скарачэнне экспарту складае 6,8%.
Выйсце, на думку адмыслоўцаў, адно: «Рэфінансаванне абавязацельстваў у мэтах захавання рэзервовых актываў». То бок, трэба «пралангаваць» знешнія выплаты альбо за кошт новых крэдытаў, альбо за кошт адтэрміноўкі выплат па старых.
Наконт новых крэдытаў пакуль што нічога не чуваць. Спадзеў на МВФ не апраўдваецца. Дый нездарма — мы столькі разоў «кідалі» гэты фонд, абяцаючы адно, а робячы іншае, што да краіны няма даверу. Зараз нам кажуць: «Спачатку рэформы, потым грошы». А нам неабходныя менавіта грошы.
Значная частка нашых знешніх выплат прыпадае на Расію. Аднак і з гэтым не ўсё добра. Нагадаем, што зараз мы знаходзімся з нашым саюзнікам і стратэгічным партнёрам у стане новага нафтагазавага канфлікту. У сувязі з сусветным падзеннем коштаў на энерганосьбіты Мінск лічыць справядлівай цану на расійскі газ, які пастаўляецца ў Беларусь, у памеры $73 за 1 тысячу кубаметраў (цяпер цана на газ складае $132 за 1000 кубоў). У Расіі патрабуюць захавання дзейнага кантракту. У выніку доўг беларускага боку за пастаўкі прыроднага газу складае прыкладна $200 мільёнаў. У красавіку беларуская «дачка» «Газпрама» звярнулася ў Міжнародны арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце ў сувязі з запазычанасцю па аплаце пастаўленага прыроднага газу.
Спробы дамовіцца па газе нават на ўзроўні прэм’ераў краін ні да чаго не прывялі. «Па выніках перамоваў прэм’ер-міністры Расіі і Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў і Андрэй Кабякоў абмяняліся ацэнкамі па бягучым стане расійска-беларускіх узаемаадносін, уключаючы ўзаемадзеянне ў галіне ТЭК. Бакі дамовіліся правесці паглыбленыя кансультацыі з удзелам членаў урадаў абедзвюх краін і кіраўнікоў кампаній», — гаворыцца ў паведамленні ўрада Расіі.
А тым часам з газавым пытаннем увязана і скарачэнне паставак нафты ў Беларусь у трэцім квартале 2016 года на 2,25 мільёна тон нафты. Што, канешне ж, скароціць і нашы даходы ад экспарту нафтапрадуктаў.
У такой сітуацыі вельмі складана будзе прасіць Расію «рэструктураваць» альбо «рэфінансаваць» нашы пазыкі.
Не дзіва, што ў апошнія часы, нягледзячы на, падавалася б, непахісную пазіцыю беларускага МЗС, у экспертных колах зноў пачаліся размовы пра расійскую авіябазу (ці яшчэ нейкую базу) у Беларусі. Сапраўды, грошы можна атрымаць не толькі эканамічным, але і палітычным манеўрам. «І за гэтую базу або за iншую ваенную прысутнасць будзе ісці вельмі жорсткая барацьба… Праблемы эканамічныя, якія ў нас раптам паўсталі, нежаданне зніжаць цану на газ, тое, што Рассельгаснагляд пастаянна выстаўляе да нас нейкія прэтэнзіі, цяжкасці, якія маюць беларускія пастаўшчыкі ў Расіі, — ва ўсім гэтым можна бачыць жаданне эканамічна націснуць на Беларусь. Можна меркаваць, што ўвосень патрэба ў грошах у Лукашэнкі будзе яшчэ большай, і тады будзе момант ісціны: якім будзе яго рашэнне па базе, ці ўдасца нам утрымаць свае пазіцыі?» — разважае ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Зразумела, уладам Беларусі база тут зусім не патрэбная. Па-першае, яна падрывае наш міжнародны імідж міратворцы, а па-другое, гэта будзе азначаць, што з Беларуссю ўжо няма пра што гаварыць — усе пытанні трэба вырашаць у Маскве, упэўнены палітолаг Арсень Сівіцкі.
Ці ўдасца неяк выкруціцца з гэтага тупіка, не ахвяруючы палітычнымі інтарэсамі — гэта вялікае пытанне.
Відавочнае толькі адно: хто яшчэ не збірае ў гаманцы беларускія капейкі — тэрмінова збірайце! У такіх умовах яны могуць выпасці са звароту, нават не дачакаўшыся «канца дэнамінацыі», які прыпадае акурат на 1 студзеня 2017 года. А значыць, хутка будуць мець нумізматычную каштоўнасць.