Юлію Чарняўскую пакінулі пад хатнім арыштам
Следства не змяніла меру стрымання ўдаве Юрыя Зісера Юліі Чарняўскай, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам па «справе TUT.BY». Пра гэта паведаміла Zerkalo.io яе адвакат.
Хадайніцтва аб змене меры стрымання абарона падала 6 ліпеня. Адвакатка прапаноўвала адпусціць Юлію Чарняўскую з-пад хатняга арышту пад даручальніцтва і падпіску аб нявыездзе. Да гэтага часу пісьмовага адказу на адрас абароны не паступіла.
«Паколькі ў выпадку задавальнення хадайніцтва выконваюцца тыя дзеянні, аб здзяйсненні якіх просіць асоба, якая заявіла хадайніцтва, а Юлія Чарняўская па-ранейшаму недаступная кантакту з блізкімі і роднымі, гэта азначае, што рашэнне аб задавальненні хадайніцтва следствам на дадзеным этапе не прынята», — паведаміла адвакат.
Мера стрымання можа быць змененая ў любы момант па ініцыятыве следства. Адмова ў задавальненні хадайніцтва не замінае заявіць яго паўторна.
«Магчыма, следствам не выкананы яшчэ неадкладныя следчыя дзеянні, якія дазвалялі б весці гаворку пра магчымасць змены меры стрымання на дадзеным этапе. Аднак мы вельмі разлічваем, што ў далейшым у следства не будзе падстаў для пакідання Юліі Чарняўскай пад хатнім арыштам з улікам яе стану здароўя і таго факту, што яна аб'ектыўна не створыць аніякіх перашкод для правядзення следства», — лічыць абарона.
Сілавікі прыйшлі да Юліі 18 траўня, праз дзень пасля першай гадавіны з дня смерці яе мужа, заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера. У дзень заключэння Юліі пад хатні арышт у яе адбыўся гіпертанічны крыз. Яна страціла прытомнасць і была дастаўлена ў бальніцу, дзе ёй аказалі экстраную медыцынскую дапамогу. Гэта прывяло да таго, што раней дыягнаставаная ў яе рызыка 3 артэрыяльнай гіпертэнзіі другой ступені змянілася на рызыку 4 — самай высокай з існых.
Акрамя таго, Юлія пакутуе на бранхіяльную астму, сур'ёзныя захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. Пасля перанесенага ў 2009 годзе цяжкага пералому ступні і вельмі складанай аперацыі ў шостай ГКБ, калі яна паўгода магла перамяшчацца па хаце толькі на інвалідным вазку, Юлія адчувае пастаянныя моцныя болі ў левай назе. Акрамя таго, маюцца і іншыя сур'ёзныя праблемы з захворваннямі апорна-рухальнага апарата з выяўленым болевым сіндромам.
Нагадаем, раніцай 18 траўня дамоў да некаторых супрацоўнікаў TUT.BY прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Сілавікі таксама прыйшлі ў офіс кампаніі TUT.BY у будынку «Omega Tower».
Камітэт дзяржкантролю паведаміў, што ў дачыненні да службовых асоб TUT.BY узбуджаная крымінальная справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). У 2019 годзе кампаніяй атрыманы статус рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій (ПВТ). Паводле даных Дэпартамента фінансавых расследаванняў, TUT.BY атрымаў выручку, «не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ».
Мінінфарм абмежаваў доступ да інтэрнэт-рэсурсаў TUT.BY.
На сённяшні дзень па справе TUT. ВY затрыманыя 15 нашых калег: Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Ірына Рыбалка, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандр Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Сяргей Павалішаў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка, Ірына Касцючэнка і Юлія Чарняўская.