Яшчэ трох незалежных журналістаў пакаралі арыштам
Дзяніса Ганчарэнку, які супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат», пакаралі арыштам на 12 сутак і штрафам у памеры 510 рублёў за працу без акрэдытацыі. Аналагічнае пакаранне суд вынес і відэааператару Аляксандру Любенчуку.
Абодвух затрымалі ўвечары 24 верасня ля турмы на Акрэсціна, дзе з іншымі калегамі тыя збіраліся сустрэць фатографаў Уладзіміра Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча, якія адбывалі 11-дзённыя арышты за нібыта ўдзел у «масавым мерапрыемстве».
Акрамя таго, галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання «Рэгіянальны Магілёў 6tv.by» Змітра Салаўёва асудзілі на 7 сутак арышту. Суддзя Ленінскага суду Алена Літвіна прызнала яго вінаватым ва ўдзеле 6 верасня ў несанкцыянаваным шэсці.
Сваёй віны Салаўёў не прызнаў. У гэты дзень ён выконваў свае прафесійныя абавязкі — здымаў, як праходзіць «Марш адзінства».
Паводле Радыё Свабода