Яшчэ адзін актывіст «Свінцовай варты» ідзе ў Палату
Ён мае намер балатавацца па акрузе, на тэрыторыі якой і знаходзіцца скандальны завод АКБ, піша b-g.by.
На выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай-Памежнай выбарчай акрузе №4 вылучаюць кандыдатуру актывіста кампаніі па барацьбе з заводам АКБ, дзяжурнага «Свінцовай варты» Уладзіміра Мароза.
«Чацвёртага кандыдата мы вылучылі па патрабаванні людзей. Жыхары раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца завод, абураліся, што па іх акрузе ніхто з пратэсту не ідзе», — распавёў «БГ» праваабаронца, актывіст кампаніі Раман Кісляк.
У панядзелак 16 верасня акруговая выбарчая камісія разгледзіць заяву Уладзіміра Мароза на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам. На мінулым тыдні былі зарэгістраваныя групы па зборы подпісаў трох актывістаў пратэстнага руху: Аляксандра Кабанава, Алены Макарэвіч і Рамана Кісляка.
Для рэгістрацыі іх кандыдатамі ў дэпутаты неабходна сабраць не менш за 1 000 подпісаў за кожнага.
Калі ўсе чацвёра актывістаў набяруць неабходную колькасць галасоў і іх зарэгіструе кандыдатамі ў дэпутаты, кампанія па барацьбе з заводам будзе мець па аднаму свайму прадстаўніку на ўсіх выбарчых акругах Брэста і раёна.