Якім мусіць быць беларускае войска будучыні

Гадавіна Аршанскай бітвы дае нам нагоду не толькі прыгадаць мужнасць нашых продкаў, але і паразважаць над тым, як нам зрабіць так, каб у будучыні не проста перамагаць агрэсара ў адной бітве. Трэба думаць, як зрабіць так, каб у яго і ў думках не было лезці на нашу тэрыторыю. 

_belarus_zyccjo_armija_vaennyja_fota_novy_czas__1__logo.jpg

8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы. Думаю, у хуткім часе ў нашай краіне будзем яго адзначаць на афіцыйным узроўні, і аніякіх сумненняў, што гэта менавіта дзень вайсковай славы, не ўзнікае. 

Нашы продкі, разам з прадстаўнікамі іншых народаў, якія ўваходзілі ў Вялікае Княства і Каралеўства Польскае (і гэта справядліва — прызнаць, што не толькі продкі беларусаў змагаліся пад Оршай), прадэманстравалі, што здольныя не толькі выйсці на бой супраць праціўніка, які мае вялікую колькасную перавагу (пакуль маладое пакаленне гісторыкаў не здолела прывесці трывалых і адназначных сведчанняў адваротнаму, будзем прытрымлівацца традыцыйнай канцэпцыі), але і могуць перамагаць у такой сітуацыі. 

Глядзіце таксама

Як няма аніякіх сумненняў, што і цяпер беларусы здольныя на такое. Іншая справа, што тая перамога мела большае ідэалагічнае значэнне (як для тагачасных жыхароў Вялікага Княства, так і для нас), чым стратэгічнае ваеннае на той момант. Смаленск так і не атрымалася адстаяць. Агрэсар, хоць і спыніў на некаторы час спробы маштабнага ўварвання, ад ідэі захопу нашых зямель (як і зямель Украіны і Літвы) не адмовіўся. І больш за тое, ён, урэшце, гэтую сваю ідэю рэалізаваў.

Таму гадавіна Аршанскай бітвы дае нам нагоду не толькі прыгадаць мужнасць нашых продкаў, але і паразважаць над тым, як нам зрабіць так, каб у будучыні не проста перамагаць агрэсара ў адной бітве. Трэба думаць, як зрабіць так, каб у яго і ў думках не было лезці на нашу тэрыторыю. Як пабудаваць беларускую армію так, каб яна не толькі была гатовай даць рады на полі бою, але адбівала ўсялякае жаданне ў каго б там ні было выпрабоўваць ейную моц на тым самым полі. Бо, як кажуць мудрыя ўсходнія людзі, лепшая бойка — гэта тая, якая не адбылася.

Армію будучыні рыхтуем да вайны мінулай?

Існуе такі вядомы выраз: генералы заўжды рыхтуюцца да мінулай вайны. Гэта ёсць праўдай толькі часткова. Да мінулай вайны рыхтуюцца не толькі генералы. Рыхтуюцца палітыкі. Рыхтуецца да мінулай вайны, урэшце, грамадства. А дзе яшчэ браць свае ўяўленні пра тое, што такое вайна, як не з мінулай? Дзе браць натхненне для сваіх дзіцячых гульняў? А некаторыя маюць нават свае ўяўленні пра «ідэальную» вайну, узор для якой яны бяруць нават не з апошняй, а з куды больш ранніх войнаў. Што і нараджае такую з’яву, як «рэканструктарства». 

Глядзіце таксама

У ёй — гэтай з’яве — добра прасочваецца туга па старых часах, калі пашыхтаваныя ў карэ батальёны ў прыгожай рознакаляровай уніформе, з пекнымі плюмажамі наступаюць на такога ж пашыхтаванага ў карэ праціўніка, а на фоне скачуць уланы з гусарамі, сярод якіх трапляюцца і крылатыя. Добра, калі гэтая туга выяўляецца толькі ў перыядычных фэстах, дзе ўдзельнікі і гледачы адпачываюць ад сваёй офіснай рэчаіснасці. Горай, калі гэта робіцца той ідэяй фікс, якая ўплывае на фарміраванне ўспрыняцця сучаснага вядзення вайны. Як тое ні дзіўна, такіх людзей таксама даводзілася сустракаць.

У той жа час досвед бягучых канфліктаў, як бы ні прыніжалі іх значэнне прыметнікам «лакальныя», сведчыць, што карэ з плюмажамі і крылатымі гусарамі ўжо не ёсць эфектыўнымі на полі бою. Не, гэта не значыць, што мінуўшчына цалкам адышла ў нябыт. Тыя ж лакальныя канфлікты зноў нарадзілі такую з’яву, напрыклад, як «тачанка». Якая вярнулася праз сто год ад свайго зорнага часу ў выглядзе пікапаў з усталяванымі на іх буйнакалібернымі кулямётамі ці безадкатнымі гарматамі. Мабільна, дынамічна, эфектыўна. Праўда, толькі ў пэўных умовах: у пустэльнях Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі супраць праціўніка, узброенага, пераважна, стралковай зброяй. У нашых лясах, як бы не спрабавалі некаторыя прасунуць рэкламу «джыпам з кулямётамі», яны наўрад ці будуць мець той жа эфект. Тым больш калі ў праціўніка будуць артылерыйскія сістэмы, ракеты, авіяцыя. 

Войска будучыні — як яго цяпер уяўляюць

Бадай, сярод сур’ёзных экспертаў цяпер мала знойдзеш тых, хто сапраўды арыентуецца ў сваіх уяўленнях пра сучасную вайну, зыходзячы з досведу той жа Другой сусветнай. Для таго, каб уявіць, што можа ўяўляць сабой цяперашняя вайна, за апошнія пару дзесяцігоддзяў назапашаны вялікі практычны матэрыял, атрыманы ў Іраку, Афганістане, Сірыі. І, канечне, ва Украіне, дзе канфлікт, дарэчы, нарадзіў багаты букет асацыяцый і з Першай, і з Другой сусветнымі войнамі, роўна як і прадэманстраваў новыя грані сучаснага ўзброенага канфлікту, калі сустракаюцца не загадзя няроўныя праціўнікі, а арміі, узброеныя ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі (але не заўжды сучасным разуменнем вайны).

Глядзіце таксама

На падмурку гэтага досведу можна абмаляваць тыя патрабаванні, якія вылучаюцца да ідэальнага войска будучыні.

Па-першае, войска будучыні мусіць бачыць далей і лепей за сваіх ворагаў. Уся сістэма забеспячэння войска праціўніка — ад поўнага цыкла вытворчасці ўзбраенняў да лагістычных схем паставак усяго неабходнага (у тым ліку — рэкрутаў) на фронт — мусіць быць празрыстай для нашых вачэй. У той жа час шляхі перасоўвання і месцы канцэнтрацыі нашых сіл мусяць быць максімальна схаванымі ад ворага і ягоных сродкаў сачэння.

Па-другое, вялікую ролю адыгрываюць узбраенні з вялікай адлегласцю дзеяння. Сродкі паражэння цэляў на адлегласці ў некалькі соцень кіламетраў могуць наносіць вялікія страты праціўніку пры ўдарах па лагістычных цэнтрах, месцах канцэнтрацыі войскаў і цэнтрах прыняцця рашэнняў рознага ўзроўню. 

Гэта падвышае ролю разнастайных ракетных сістэм вялікага радыусу дзеяння. І, зразумела, таксама патрабуе выкарыстання боепрыпасаў высокай дакладнасці. Высокадакладныя ракеты, бомбы, снарады і міны дазваляюць пазбегнуць высокіх трат боепрыпасаў для паражэння цэляў і робяць залішнім валоданне тактычнымі ядравымі зарадамі (якія праз высокую моц кампенсуюць брак дакладнасці). Не варта забывацца і на франтавую артылерыю, якая мусіць весці і контрбатарэйную барацьбу, і забяспечваць месцы для прарыву варожых умацаванняў. 

Па-трэцяе, досвед вайны ва Украіне дэманструе вялікую істотнасць сродкаў СПА, асабліва калі праціўнік мае перавагу ў авіяцыі, а таксама значную колькасць ракет. Надзейныя сістэмы абароны ад атак з паветра дазваляюць і абараніць свае рэсурсы, і прыкрыць шляхі злучэнняў, і захаваць маральны стан байцоў як у тыле, так і на лініі фронту.

Па-чацвёртае, вайна мусіць весціся не толькі на полі бою, але і ў кібернетычнай прасторы. Атакі на варожыя электронныя рэсурсы з мэтай парушыць вытворчасць, кіраванне, маральны дух маюць такое ж значэнне, як і атакі на полі бою. Калі не больш істотнае. Як, уласна, і абарона сваіх рэсурсаў ад аналагічных атак ворага.

Глядзіце таксама

Канечне, гэта не поўны спіс патрабаванняў да войска будучыні. Але і ён дэманструе, наколькі нежартоўнай з’яўляецца задача пабудовы новага войска. Пад ейнае вырашэнне трэба мець адпаведную эканоміку, тэхналогіі, інфраструктуру. Роўна як і канцэпцыю — супраць каго і як ваяваць. Бо кожны праціўнік мае свае асаблівасці, і тое, што прыдатна для барацьбы супраць груповак паўстанцаў, не будзе эфектыўным супраць сучаснага высокатэхналагічнага войска з моцным рэсурсам.

Прафесійная армія ці служба па прызыве?

Даўно ідуць спрэчкі, якое войска мусіць мець Беларусь у будучыні, каб даваць рады цяперашнім і будучым выклікам. І першым пунктам ідзе пытанне пра захаванне традыцыйнага войска па прызыве ці замену яго на прафесійнае. 

І першы варыянт, і другі маюць свае пэўныя перавагі. Войска па прызыве, як правіла, з’яўляецца больш танным, бо дазваляе эканоміць як на аплаце байцам, так, на жаль, і на іх падрыхтоўцы. Канечне, яно дае вялікія лічбы «вайсковай сілы», роўна як і мабілізацыйны рэсурс з некаторай ступенню падрыхтоўкі. Наколькі гэтая ступень падрыхтоўкі адпавядае задачам сучаснай вайны, могуць адказаць тыя, хто прайшоў службу па прызыве. Ступень — вельмі нізкая. 

Што яшчэ пагаршаецца і аніякай матывацыяй у большасці з тых, хто трапляе на такую службу. На вядомы выраз «Не служыў — не мужык» можна прывесці дзясяткі (калі не сотні) выразаў зусім іншага кшталту, дзе служба прыраўноўваецца да турэмнага тэрміну, а галоўнымі рэкамендаванымі якасцямі маладога байца выводзяцца здольнасці ўнікнуць выканання сваіх абавязкаў, забіць на вучэнні, як, уласна, і на ўсю службу. У гэтым, мусіць, і заключана ўяўленне грамадства пра «мужыцкасць»?

Глядзіце таксама

На гэтым фоне губляюцца тыя, хто сапраўды жадае «цягнуць» службу і атрымаць неабходную падрыхтоўку. І горш за тое, у такой сітуацыі і афіцэры не маюць аніякай матывацыі рабіць са сваіх байцоў не тое што «Рэмба», але проста хоць неяк займацца іх падрыхтоўкай.

Прафесійныя войскі на гэтым фоне выглядаюць больш прывабна. Там, прынамсі, існуе матывацыя да засваення ваеннай спецыяльнасці, роўна як і прафесійны гонар за ўзровень сваёй падрыхтоўкі, што ў войску па прызыве можна сустрэць, бадай, толькі ў прапагандысцкіх кінафільмах савецкіх часоў.

Але, як ужо было прыгадана, прафесійнае войска патрабуе прафесійнай падрыхтоўкі і аплаты. А гэта — справы нятанныя, якія не кожная дзяржава можа «пацягнуць». Бачым, як бадзёрыя заявы пра гатоўнасць аплочваць «паслугі» «вагнераўцаў» змяніліся на куды больш рэалістычнае (зыходзячы з эканамічнага стану цяперашняй беларускай дзяржавы) — «А не пайшлі б вы, хлопцы, лесам?».

Улічваючы адносна невялікую колькасць насельніцтва, для будучага беларускага войска можна прапанаваць пэўны мікс абодвух падыходаў. Для забеспячэння мабілізацыйнага рэсурсу службу па прызыве можна захаваць. Але зрабіць яе як мага больш камфортнай і эфектыўнай у плане падрыхтоўкі. 

Перш за ўсё — скараціць тэрміны. Шэсць месяцаў будзе досыць. Сустракаў я сярод нашых экспертаў пярэчанні: маўляў, якое скарачэнне тэрміну службы, калі толькі дзеля выпрацоўкі баявога зладжвання танкавай роты трэба не менш за паўтара года? На гэтыя пярэчанні існуе адказ: электронныя трэнажоры. Ці не Беларусь з’яўляецца радзімай «World of Tanks»? Хіба не ганарымся мы сваімі айцішнікамі, якіх яшчэ не так даўно бачылі «дзяржаваўтваральнымі» спецыялістамі?

Глядзіце таксама

На бягучы момант цалкам магчыма зрабіць такія трэнажоры, якія дазволяць зрабіць камп'ютарныя трэніроўкі максімальна набліжанымі да рэальных умоў — да сімуляцыі тэхнічных непаладак і праблем з рэсурсам механізмаў. Калі ласка — адпрацоўвайце ўзаемадзеянне, хоць пачынаючы са школьнай лавы. Тое ж тычыцца і падрыхтоўкі аператараў для такіх шматлікіх цяпер беспілотных апаратаў — як паветраных, так і наземных. Гэта ператварае падрыхтоўку ў гульню, што куды больш прывабна, чым гадзінамі адбіваць крокі на пляцы. Дарэчы, адна з найбольш баявых армій свету — ізраільская — не губляе часу на адпрацоўку страявога кроку. Магчыма, таму, што ўвесь час сыходзіць на падрыхтоўку баявую.

Электронныя сродкі вядзення вайны значна пашыраюць магчымасці прыцягнення грамадзян да армейскай падрыхтоўкі, бо аперыраваць імі могуць і тыя, хто па стане здароўя не можа несці службу ў тым выглядзе, у якім яна існуе ў сучаснай Беларусі.

Яшчэ адзін момант — гэта фарміраванне баявых адзінак па прынцыпе зямляцтваў. Як тое адбываецца, напрыклад, у Швейцарыі. Правесці вайсковыя зборы са сваімі сябрамі і калегамі па працы — гэта зусім не досвед стрэсу ад трапляння ў чужы і, часцяком, чужародны калектыў, сфарміраваны па рандомным прынцыпе. 

Прафесійны прынцып фарміравання пры гэтым прысутнічае, у першую чаргу, у тых часцях і радах войскаў, дзе патрэбна больш грунтоўная падрыхтоўка. Напрыклад, у авіяцыі і сілах спецыяльных аперацый. Канечне, ва ўсіх астатніх часцях прафесіяналы таксама вітаюцца, асабліва — на ўзроўні сяржанцкага складу.

Ці хопіць сродкаў на сучасную вайну?

Нават пры спалучэнні службы па прызыве і прафесійнай службы застаецца праблема фінансавых рэсурсаў. Як дэманструе канфлікт ва Украіне, вайна патрабуе гіганцкіх сродкаў, якіх бракуе нават такім дзяржавам, як Украіна і Расія. Беларусь, безумоўна, не можа пацягнуць падобную вайну. Нават у будучыні, калі ў новай Беларусі пачне адраджацца эканоміка, далёка не ўсё неабходнае для вядзення вайны мы здолеем мець у сваім распараджэнні.

Глядзіце таксама

На карысць нам тут могуць спрацаваць сучасныя тэхналогіі, якія дазваляюць пры невялікіх тратах дасягаць значнага эфекту. Самы свежы прыклад — гэтак званыя «кардонныя» дроны, якія паспяхова прымяняе Украіна. Гэтыя дроны (насамрэч, яны не кардонныя, а з тонкага пенапласту) вырабляюцца ў Аўстраліі і пастаўляюцца спажыўцу ў пакетах памерамі ўсяго 76Х51Х4,5 см. Манціруюцца яны ўжо на месцы пры дапамозе клею і гумак. Потым на канструкцыю ўсталёўваюцца матор і GPS-навігатар. У якасці зброі — мінамётная міна. Кошт апарата куды меншы за кошт тых жа іранскіх «Шахедаў» — 100 долараў супраць 15 тысяч. А страту можа нанесці не на шмат меншую.

Такі апарат вельмі цяжка засячы электроннымі сродкамі, і збіць яго досыць цяжка. І гэта дазваляе выкарыстоўваць яго супраць істотных стратэгічных аб’ектаў. Дарэчы, слушны выбар цэлі — гэта таксама істотная справа ў вядзенні сучаснай вайны. Імі можна наносіць удары па цэлях у прыфрантавой паласе, а можна абіраць і цэлі з куды большым стратэгічным значэннем. Як, напрыклад, завод электронікі ў расійскім Таміліне, атакаваны ўкраінцамі пры дапамозе «кардонных дронаў». Існуюць танка-, самалёта-, карабле-, ракета- і г. д. будаўнічыя заводы, але ні танкі, ні ракеты, ні нават дроны не будуць функцыянаваць без мікрасхем. Таму ўдары па вытворчасці мікрасхем будуць найбольш эфектыўнымі. 

Канечне, радыус дзеяння такіх дронаў адносна невялікі (каля 100 км), але гэтую праблему можна вырашыць праз выкарыстанне ДРГ, якія здольны дзейнічаць у глыбокім тыле праціўніка. Іхняя падрыхтоўка, дарэчы, таксама з’яўляецца істотнай часткай будучага беларускага войска.

Краіна без войска?

Думаеце, у сучасным свеце такога не бывае? Бывае. Напрыклад, Коста-Рыка ў Цэнтральнай Амерыцы. Маючы пад бокам агрэсіўнага суседа ў выглядзе дыктатарскага рэжыму ў Нікарагуа, гэтая краіна адмовілася ад войска яшчэ ў другой палове 40-х гадоў мінулага стагоддзя. І захавала і свае межы, і свой суверэнітэт.

Усё гэта — дзякуючы эфектыўнай сістэме міжнароднай бяспекі. Калі дыктатар Самоса распачаў агрэсію супраць Коста-Рыкі, тая апелявала да Арганізацыі Амерыканскіх Дзяржаў. А тая, у сваю чаргу, націснула на галоўнага спонсара Самосы — ЗША. І той хуценька вярнуў «свайго сукінага сына» да рэчаіснасці.

У нас, зразумела, няма пад бокам ААД. Але існуюць іншыя варыянты. Мы бачым, як рэзка, ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, вырасла сярод нашых суседзяў (і не толькі суседзяў) папулярнасць NATO. Так-так, таго самага страшнага NATO, якім дагэтуль так палохае нас цілявізер.

Глядзіце таксама

Прапаганда (спачатку савецкая, а потым — лукашысцкая) настолькі трывала ўкалочвала ў галовы беларусаў непрыняцце NATO, што нават тыя апазіцыйныя партыі, якія разумелі істотнасць чальства ў падобных міжнародных кааліцыях дзеля захавання свайго суверэнітэту, не вырашаліся ўносіць гэта ў свае палітычныя праграмы. 

Беларусы, заўважым, не былі ў гэтым пытанні нейкім выключэннем. Ва Украіне да 2014-га ідэю ўступлення ў NATO падтрымлівалі ўсяго 16% насельніцтва. Затое пасля анексіі Крыма гэты паказальнік вырас амаль утрая — да 48%. Цяпер жа ідэю далучэння да NATO падтрымліваюць 70% украінцаў. Такім чынам, робіцца відавочным, што адна справа — грунтаваць свой палітычны выбар на байках пра агрэсіўную натаўскую ваеншчыну і міралюбную Расію з ейнай «вялікай культурай». Іншая справа — праз жорсткае сутыкненне з рэчаіснасцю разумець, колькі праблем і трагедый можна было б пазбегнуць, колькі жыццяў і матэрыяльных каштоўнасцей захаваць, калі б выбар быў слушным. 

Таму і хочацца, каб у далейшым беларусы абіралі не «сэрцам», а розумам — з цвярозымі ацэнкамі таго, што можа прынесці, напрыклад, «нейтралітэт» (асабліва, калі Расія такі ўхітрыцца захавацца як такая і па завяршэнні вайны ва Украіне). Адмова ад нейтралітэту і ўдзел у міжнародных арганізацыях таксама дае шанец удзельнічаць у баявых аперацыях, санкцыянаваных міжнароднай супольнасцю. А гэта дасць беларускім байцам неабходны досвед для абароны сваёй краіны.

Але, як мы, на жаль, ведаем, нават міжнародныя дамоўленасці не заўжды могуць выратаваць краіну ад агрэсіі. І на такі выпадак трэба мець армію і краіну, якія нават пры паражэнні на полі бою і акупацыі часткі тэрыторыі (ці нават усёй) будуць гатовыя нанесці праціўніку такія страты, якія будуць для яго непрымальнымі. А каб гэтага дасягнуць, трэба мець не толькі добра падрыхтаваную армію з рэзервам, але і высокую матывацыю грамадзян абараняць сваю дзяржаву. І сярод гэтых матывацый — свая мова, свая культура, свая краіна са сваёй жа дзяржавай, якая сумленна і эфектыўна выконвае свае функцыі. І галоўнае — магчымасць самастойна вырашаць свой лёс.