Беларусь збіраецца прыпыніць дзеянне Дамовы пра звычайныя ўзброеныя сілы ў дачыненні да Польшчы і Чэхіі

Раней у беларускім Мінабароны неаднаразова папракалі Польшчу ў тым, што тая, мадэрнізуючы сваё войска і павялічваючы яго колькасць, парушае Дамову пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Еўропе (ДЗУСЕ), піша «Люстэрка».

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__1.jpg

Беларусь збіраецца прыпыніць дзеянне Дамовы пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Еўропе ў дачыненні да Польшчы і Чэхіі. Праект адпаведнага закона ўнесены ў Палату прадстаўнікоў, на гэта звярнуў увагу Reform.by.

«Прыпыніць дзеянне Дамовы пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Еўропе ад 19 лістапада 1990 года ў дачыненні да Рэспублікі Польшча і Чэшскай Рэспублікі», — гаворыцца ў законапраекце.

Калі яго прымуць дэпутаты і ўхваляць сенатары, то пасля падпісання законапраекта Аляксандрам Лукашэнкам гэты законапраект стане законам.

Раней у Мінабароны неаднаразова папракалі Польшчу ў тым, што тая, мадэрнізуючы сваё войска і павялічваючы яго колькасць, парушае ДЗУСЕ. У прыватнасці, начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва ведамства Валерый Равенка заяўляў, што, згодна з выніковым актам перамоў пра колькасць асабовага складу звычайных узброеных сіл у Еўропе, колькасць польскага войска не мусіць перавышаць 234 тысячы чалавек.

Свае прэтэнзіі да Чэхіі вайсковае ведамства публічна не агучвала.

Што такое ДЗУСЕ і што гаворыцца ў выніковым акце?

Базавая Дамова была падпісана 19 лістапада 1990 года ў Парыжы 16 дзяржавамі — удзельніцамі NATO (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ісландыя, Іспанія, Італія, Канада, Люксембург, Нідэрланды, Нарвегія, Партугалія, ЗША, Турцыя і Францыя) і 6 дзяржавамі — удзельніцамі Арганізацыі Варшаўскай дамовы (АВД; Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславакія) — для кожнага блока былі ўсталяваны максімальныя ўзроўні ўзбраенняў і тэхнікі.

Пасля распаду СССР, роспуску АВД, падзелу Чэхаславакіі і аб’яднання Германіі ўдзельнікамі ДЗУСЕ сталі 30 дзяржаваў. Квота СССР была падзелена паміж новымі незалежнымі дзяржавамі.

Да канца 1990-х гадоў, калі частка былых удзельнікаў Варшаўскай дамовы ўступіла ў NATO, наяўныя ліміты баявой тэхнікі для блокаў страцілі сэнс. У сувязі з гэтым удзельнікі ДЗУСЕ прынялі рашэнне абнавіць дамоўленасці. У выніку 19 лістапада 1999 года на саміце АБСЕ ў Стамбуле было падпісана Пагадненне пра адаптацыю ДЗУСЕ.

Гэты дакумент прадугледжваў пераход ад блокавых абмежаванняў да нацыянальна-тэрытарыяльных, у тым ліку быў уведзены ліміт на размяшчэнне на тэрыторыі суверэнных дзяржаў баявой тэхнікі іншых краін.

Пра колькасць войскаў ва ўсіх гэтых версіях гаворкі не ішло. Але Равенка спасылаецца на выніковы акт перамоў пра колькасць асабовага складу, падпісаны ў 1996 годзе. Аднак там таксама няма абмежаванняў адносна колькасці войскаў у Польшчы.