Якіх візавых змен варта чакаць беларусам?
Па словах міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, ужо ў гэтым годзе могуць быць прыняты новыя крокі па лібералізацыі візавага рэжыму.
— Тая лінія на лібералізацыю візавага рэжыму, якая ў свой час была ўхвалена кіраўніком дзяржавы, у мэтах развіцця нашага турыстычнага, дзелавога патэнцыялу з'яўляецца правільнай. Было прынята рашэнне і далей рухацца акуратна ў гэтым кірунку, ствараць больш палегчаныя ўмовы для паездак замежных грамадзян у Беларусь, — паведаміў Уладзімір Макей пасля нарады ў Лукашэнкі, піша tut.by.
Зараз, нагадаем, замежнікі з 80 краін могуць прылятаць у Мінск на пяць дзён без віз. А турысты, якія едуць у некаторыя раёны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, могуць заставацца ў Беларусі 10 дзён без візы.
Таксама кіраўнік МЗС разлічвае, што ў гэтым годзе Беларусь і Расія змогуць дамовіцца аб узаемным прызнанні візы.
— У бліжэйшы час тыя прапановы, якія мы атрымалі ад нашых расійскіх партнёраў, будуць прааналізаваныя, дапрацаваны, і мы дамо калегам, на наш погляд, добры салідны дакумент, які паслужыць асновай для далейшай работы па спрашчэнні візавага рэжыму ў цэлым, — заявіў Уладзімір Макей .
А вось па дамове з ЕС аб лібералізацыі візавага рэжыму тэрміны пакуль не агучваюцца.
— Гэтыя пагадненні практычна знаходзяцца ў завяршальнай стадыі, але застаецца яшчэ некалькі палажэнняў, якія нам неабходна дадаткова абмеркаваць з нашымі еўрапейскімі партнёрамі.
Толькі пасля падпісання пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі беларусы змогуць разлічваць на патанненне шэнгенскай візы — 35 еўра замест 60.
Тым часам, паведаміў Макей, краіна вядзе перамовы з Кітаем аб спрашчэнні візавага рэжыму і «з шэрагам краінаў» — аб увядзенні бязвізавага рэжыму.