Як мы ездзілі казакоў шукаць

Калі з'явілася навіна пра тое, што мястэчка Дэбальцава, непадалёк ад Янакіева — роднага гораду Януковіча, узята пад кантроль данскімі казакамі, я з калегамі паехаў туды. Адразу на вакзале да нас падышоў мужчына і папрасіў прад'явіць дакументы.



vakzal_debaljcava_logo.jpg

вакзал Дэбальцава.Фота Зміцера Галко

Ён быў у цывільным і без зброі, яго просьба падалася нам некалькі недарэчнай, таму мы трохі заўпарціліся.

Мужчына быў мажным, але выглядаў мірным і нейкім сумным, ён стаў казаць, што «проста за парадак», а гарадок у іх невялікі, нас ужо прыкмецілі (хоць мы прыбылі хвілін 15 таму), «паступілі званкі», тэхніка вось у вас дарагая, усякае можа здарыцца, людзі розныя, па- рознаму сітуацыю ўспрымаюць, я проста хачу дапамагчы. Акрамя таго, сказаў мужчына, у яго знаёмыя сярод казакоў, ён нас можа да іх падвезці.

Маім еўрапейскім калегам яго прапанова прыйшлася не па душы. Іх вучылі ва ўніверсітэтах не ісці за незнаёмымі людзьмі незразумелага статусу ў зонах канфлікту, не прад'яўляць ім дакументаў. Але я прыкінуў, што мястэчка на самой справе маленькае, не схаваешся, калі мы пачнем брыкацца, могуць узнікнуць сапраўдныя праблемы, ды мы ж і ехалі, каб з казакамі пагутарыць, фіг з ім, паехалі да казакоў.

І зноў, як нядаўна ў Славянску, нас утрох пасадзілі на задняе сядзенне старога савецкага аўтамабіля, у гэты раз цёмна-зялёную «Волгу». На пярэднім побач з кіроўцам ехала яго цяжарная жонка. Гэта супакойвала.

Праўда, калі яны адмовіліся паведаміць, куды менавіта мы едзем і колькі гэта зойме часу, бо я хацеў напісаць у Euromaidan-SOS, а жанчына зірнула на мяне халодным вокам, я насцярожыўся... Мужчына ў гэты час з кімсьці размаўляў па тэлефоне.

Губляюся ў здагадках, што гэта было, навошта і куды яны хацелі нас адвезці. Але суразмоўцы кіроўцы на іншым канцы трубкі, даведаўшыся, што мы не амерыканцы, страцілі да нас ўсялякі інтарэс. Вязі іх куды хочаш, раз не амерыканцы, нам яны не патрэбныя.

Мужчына рэзка разгарнуўся, сказаў нам, што «казакі адмаўляюцца з вамі мець зносіны», і даставіў да будынка гарадской адміністрацыі — можаце сюды схадзіць, калі ёсць патрэба.

Адміністрацыя ў Дэбальцава працуе ў ранейшым стане, гнязда сепаратыстаў тут няма. Паміж імі і гарадскім галавой была дамоўленасць: ім не перашкаджаюць правесці рэфэрендум, а яны не будуць займаць сілай будынак. 

valjanc_na_logo.jpg

Рэдактар муніцыпальнай газеты Валянціна Пакарчак

 

Тут нас напаіла кавай і пачаставала печывам рэдактар муніцыпальнай газеты Валянціна Пакарчак. Гутарку можна было б назваць мілай, калі б жанчына не сціскалася ўся пры кожным пытанні і яе твар не ўздрыгваў бы ад нервовага ціка. Валянціну нядаўна таксама вазілі на машыне, на гутарку з казакамі.

Яна спрабавала нас запэўніць, што казакі мясцовыя, проста фармальна яны ўваходзяць у Войска Данское, але ў нейкі момант нібы прагаварылася: «Калі яны прыйшлі ў горад...» Толькі яны ўсё роўна ветлівыя людзі, казала яна, зла нікому не робяць. Нават як быццам з разуменнем паставіліся да таго, што яна не магла апублікаваць заклік галасаваць на рэферэндуме за незалежнасць ДНР, баючыся адказнасці за сепаратызм. Праўда, яе стан прымушаў сумнявацца ў тым, што ўсё так гарманічна.

Яна баялася не толькі казакоў. Мясцовыя ўлады і дзяржслужачыя ў данбаскіх мястэчках заціснутыя цяпер паміж двух агнёў і жывуць у падвешаным стане. «Сёння ўзнагародзяць, а заўтра расстраляюць», — так апісвае сітуацыю Валянціна. Яны не ведаюць, што будзе заўтра, ці пакараюць іх якія-небудзь казакі за недастатковую стараннасць у супрацоўніцтве з імі ці, наадварот, Кіеў — за калабарацыянізм.

Не пазайздросціш. І я магу іх зразумець. Бо мы гэтак жа сама вымушаны былі падпарадкавацца невядома каму невядома чаго, бо іначай магло быць і горш...