Як сядзець годна? Лайфхакі ад Паўла Вінаградава
У адзін з цёплых летніх дзён Павел Вінаградаў падрабязным чынам распавёў пра свой досвед «адміністратывак» у творчай прасторы «Хата 18х63». Балазе, запатрабаванасць такіх ведаў у беларускіх рэаліях, на жаль, не знікае.

Актывіст Павел Вінаградаў займае ганаровае другое месца
паводле адміністрацыйных «адсідак» па палітычных матывах. Ён трапляўся 19
разоў, а сярэдні тэрмін ягоных арыштаў — 12 сутак. Агулам Вінаградаў адбыў за
кратамі Акрэсціна больш за 200 дзён жыцця. Па гэтым параметры яго «абганяе»
толькі актывіст Максім Вінярскі, які пасля апошняй вясны вырваўся ў лідары, а
Павел тады паспеў схавацца заранёў і яго не затрымалі.

Павел Вінаградаў
сустракаў усіх арыштанцкім абедам: грэчка (хоць у ЦІП-е часцей даюць сечку),
чвэрць салёнага агурка і катлета. Іх ён зляпіў сам па аўтэнтычным рэцэпце:
палова фаршу, палова хлеба. Па смаку падобна на тыя, што давалі ў школе ці ў
шпіталі. А вось чорная гарбата аказалася без цукру, бо салодкі пясок «скрала
раздатчыца», пажартаваў Павел.
Пасля абеду актывіст падрабязна распавёў пра ўсе хітрасці: як перажыць адміністрацыйны арышт і выйсці на волю годным чалавекам. Праваабаронца з Цэнтру «Вясна» Наста Лойка пракаментавала парады Вінаградава.
Вы ідзяце на акцыю

Праваабаронца Наста Лойка і актывіст Павел Вінаградаў
Калі вы вырашылі з’явіцца ў месцы масавай акцыі, дзе патэнцыйна мажлівыя затрыманні, паведаміце родным і знаёмым пра гэта: гэтак вас у выпадку затрымання адшукаюць хутчэй.
Павел не раіць несці з сабой любыя носьбіты інфармацыі: ноўтбук, флэшкі і нават смартфон. Калі вас затрымаюць, усе дэвайсы акажуцца ў руках міліцыі. Калі тэхніка захоўвае вашыя асабістыя фота, відэа або важныя працоўныя дакументы, вы можаце іх ці згубіць, ці даць займальны матэрыял для дзяржаўнага тэлебачання.
У скрайнім выпадку, калі пакінуць удому кампʼютар немагчыма, неабходна зашыфраваць доступ.
Што рабіць, калі вас забралі, а прылады без пароля? Павел Вінаградаў раіць ці разламаць флэшку яшчэ ў машыне міліцыі, ці скінуць яе ва ўнітаз пастарунка, куды неабходна папрасіцца, калі вас даставілі.
Вас затрымліваюць

Затрыманне ў Мінску, архіўнае фота
Існуе як мінімум тры віды рэагавання: не супраціўляцца і сваймі нагамі ісці ў аўтазак, пасіўная абарона і актыўная абарона. Апошняя, паводле Паўла, не пасуе ў 99% выпадкаў у Беларусі. Ён расказаў, як паспяхова выкарыстоўваў тактыку пасіўнага супраціўлення.
Міліцыянты скручваюць, спрабуюць запхнуць у сваю машыну, а ты садзішся на асфальт, хапаешся за слупы і трымаешся, што ёсць моцы. Калі ў ахоўнікаў закону няма прамога загаду «браць» менавіта вас, то цалкам мажліва, што праз пару хвілін ім надакучыць з вамі змагацца і іх увага пераключыцца на іншую «ахвяру».
Праваабаронца з Цэнтру «Вясна» Наста Лойка дадала, што адбіваць чалавека, якога забіраюць на вашых вачах, небяспечна: бо затрымаюць і вас саміх. Каштоўным дзеяннем будзе зрабіць фота- ці відэафіксацыю і перадаць запіс журналістам і праваабаронцам. Таксама важна запомніць гадзіну затрымання: менавіта гэты час мае быць запісаны ў пратаколе.
Вы ў міліцыі

Не вер. Не бойся. Не прасі. Гэта правіла цудоўна працуе ў вашай сітуацыі.
Крыкі з просьбамі, каб адпусцілі, паводле Паўлавага досведу, яшчэ нікога не выратоўвалі.
Што можна зрабіць? Паспрабаваць «адкасіць». Гэта працуе ў выпадку старых людзей, якія хапаюцца за сэрца быццам прыступ або калі вас пад час затрымання ўдарылі і вы можаце зрабіць выгляд, што вам дрэнна.
Павел кажа, што міліцыянты не хочуць «звязвацца» з людзьмі ў дрэнным стане здароўя і звычайна адпускаюць.
Падпісваць ці не падпісваць пратакол затрымання? Гады практыкі Паўла Вінаградава выкшталцавалі такі адказ: «З пратаколам не згодны. Тлумачэнні даваць адмаўляюся. Тлумачыць буду ў судзе» і подпіс. Тады вам мусяць даць копію пратаколу.
Багаты досвед Насты Лойкі звяртае ўвагу вось на якую дэталь. Калі затрыманне было масавым, з вялікай верагоднасцю з вамі акажуцца няпоўнагадовыя. Значыць, праз некалькі гадзін іх адпусцяць. Што гэта значыць для вас? Праз іх можна перадаць інфармацыю, колькі затрыманых у дадзеным пастарунку, іх прозвішчы. Каму перадаць? Па-першае, пасля масавых зачыстак пад пастарункамі знаходзяцца праваабаронцы, каб сабраць гэту інфармацыю, па-другое, паведаміце няпоўнагадовым затрыманым нумар вашых блізкіх і папрасіце, каб тыя патэлефанавалі.
Суд
Прызнаваць ці не прызнаваць віну? Раптам, калі раскаешся, пакаранне будзе меншым?
Вінаградаў звычайна віну не прызнае, але не адмаўляе, што ўдзельнічаў у акцыі. Адгаворкі «я проста побач праходзіў», «я не хацеў туды ісці», па-першае, не працуюць, па-другое, выглядаюць дзівакавата.
Ці мае значэнне для судовага працэсу адвакат? Не, аднак калі ёсць магчымасць, лепей яго мець. Нават калі ягонае майстэрства не зможа паўплываць на прысуд, з ягонай дапамогай вы падрыхтуеце скаргі на дзеянні міліцыянтаў і рашэнне суда, а ў ізалятары гэта будзе ваша сувязь са светам.
Вінаградаў некалькі разоў засяродзіў увагу на тым, што нельга ні пад час затрымання, ні пад час суду «здаваць» сяброў, якія былі з вамі на акцыі. Нават калі вам узамен абяцаюць штраф замест арышту.
Содні

Вы атрымалі адміністрацыйны арышт і трапілі ў невядомы свет Акрэсціна. Ёсць некалькі правілаў, якія дапамогуць перажыць гэты час без шкоды здароўю і псіхіцы.
«Нікому не перашкаджайце і тады з вялікай верагоднасцю не будуць перашкаджаць і вам», — кажа Павел Вінаградаў.
Калі вас завялі ў камеру, прывітайцеся і займайце свабоднае месца. Калі ў камеры ядуць, у прыбіральню ў гэты момант лепей не ісці, і перш чым справіць натуральную патрэбу, лепей папярэдзіць суседзяў.
Але гэта дачыненні з «калегамі па няшчасці». А як камунікаваць з дзяжурнымі?
Яшчэ пры паступленні вам мусяць выдаць пасцельную бялізну, «ірыску» (кавалак гаспадарчага мыла), ручнік ды азнаёміць з правіламі ўнутранага распарадку. Адпаведна ўсё гэта варта патрабаваць, калі гэта не было зроблена.

Павел Вінаградаў
Таксама калі вы «паступаеце», існуе адна не дужа прыемная і абразлівая працэдура: зняць штаны, бялізну і прысесці тры разы (раптам вы там штосьці хаваеце?). Аднойчы Павел адмовіўся гэта рабіць, каб паглядзець, што будзе. «Сказаў, не хачу. Вы можаце самі мне зняць штаны і агледзець. Я не буду супраціўляцца», — сказаў ён. Акрэсцінскія ахоўнікі не сталі гэтага рабіць.
Павел паказаў змест «кешара», які ў яго заўжды напагатове, калі раптам забяруць на суткі.
Зменная вопратка, многа мыла, шлёпанцы, кнігі на першы час, вялікі ручнік. Памер важны, бо па-першае, вялікім можна накрывацца, як коўдрай, па-другое, у правілах таго, што можна перадаваць, памеры ручніка вельмі малыя. Асобная ўвага — шампуні. Гэта рэч у няволі дужа функцыянальная. Акрамя прамога прызначэння з яе можна ўзбіць пену («баўтушку») і наліць на ўнітаз. Для чаго так рабіць, відавочна: пах адтуль не самы прыемны, а табе ў такіх умовах жыць бліжэйшыя дні, а то і ўсе 25 сутак.
Чым сябе заняць, каб на «соднях» не паехаў дах?

Ставіцца да ўсяго як да прыгоды. Думаць пра працу, вучобу, родных, якія за вас турбуюцца — дужа няўдзячная і бессэнсоўная рэч.
Вінаградаў кажа, што на «соднях» можна выспацца, прачытаць кнігі, на якія на волі не знаходзіш час.
Яшчэ адзін актывіст Вячка Касінераў паказаў, як граць у вядомую турэмную гульню (праўда, назва ў яе не дужа прыстойная) і ляпіць фішкі з хлеба.
Адзін з гасцей прынёс перадачу. Праваабаронца Наста Лойка, тут жа праінспектавала пакет. Сала — прымуць, аднак яно аказалася непарэзанае. Як жа арыштанты яго накрояць? Палавінка хлеба — можна, але навошта? Там няма ў ім патрэбы. Хіба, калі не любіце смак шэрага «кірпічыку». Свежыя грушы — могуць прыняць у залежнасці на якую змену трапіце. Фармулёўка «сезонная гародніна» ў дазволеным спісе прадуктаў выконваецца адміністрацыяй ЦІП-у нестабільна. Пячэнне — павінны ўзяць.
Увогуле, на ўсіх этапах такой непрыемнай справы, як адміністрацыйны арышт, варта памятаць самае важнае: вы ў дадзены момант прадстаўляеце перамены ў краіне, таму паводзьце сябе годна, — гэту параду Павел паўтарыў некалькі разоў.