Як інвалід-вазочнік з Ліды здзяйсняе мары — свае і чужыя

Выбрацца з сябрамі на шашлыкі, схадзіць у салон прыгажосці, наведаць спортзал, звадзіць сына ў цырк… Гэта не пералік шараговых задач на бліжэйшы тыдзень. Для людзей з інваліднасцю простыя справы часта адносяцца да катэгорыі недасяжных мараў.

cacyjalimg.jpg


Але Саша Аўдзевіч, інвалід-вазочнік з Ліды, упэўнены — мары спраўджваюцца, калі не апускаць рукі і спрабаваць. Пра гэта ён з сябрамі здымае  відэапраект “Не губляйся, паспрабуй!”.

 

"Не такая" сацыялка

 

“Спачатку мы знялі адзін ролік пра тое, як збываюцца мары”, — узгадвае Саша падзеі, з якіх вырас відэапраект. Кажа, што хацелі зрабіць “не такую” сацыялку, як звычайна здымаюць пра людзей з інваліднасцю, не пра тое, што усё цяжка і недаступна. Наадварот, бралі за мэту паказаць магчымасць здзяйсняць свае задумы, нават калі ты ў інвалідным вазку.

 

 

Поспех фільма навёў на думку, што патрэбна больш маштабная праца такога кшталту. Ад Лідскай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў склалі праект, падалі на конкурс амбасады ЗША і атрымалі грант. Ён прадугледжваў здымку ўжо шасці фільмаў пра тое, як “адзін чалавек з інваліднасцю прыходзіць да другога такога ж, яны разам штосьці робяць і ўсё атрымліваецца”.

  

Шоў і пазітыўны прыклад

 

Саша расказвае, што ад пачатку праект вырашылі рабіць больш падобным да шоў, бо “нічога падобнага пра людзей з інваліднасцю ўвогуле няма”.

 

Паказаць хацелі найперш, што ў гэтых людзей мары такія ж, як у астатніх. Яны таксама хочуць схадзіць у салон прыгажосці ці з сынам у цырк. З іншага боку, ставілі сабе мэту даць станоўчы прыклад, каб гледачы паспрабавалі і самі штосьці зрабіць, каб змяніць сваё жыццё.

 

 

sacyjalkamg.jpg

 

“Гэты праект не пра тое, што трэба некаму з інвалідаў айфон купіць, — тлумачыць Саша. — Праз такія простыя прыклады “той хто ў тэме” пабачыць пазітыўны прыклад — што вось нехта паспрабаваў — атрымае пасыл, што мары збываюцца”.

 

Героі праекта

 

На ролю герояў трэба было знайсці людзей, якія не баяліся б камеры, хацелі камунікаваць ды “жылі ў кадры”.

 

“Зразумела, у людзей з інваліднасцю ёсць пэўныя комплексы, у каго больш, у каго менш, — кажа Саша, — але ў гэтай сітуацыі мы не ў якасці рэабілітолагаў выступалі”. Пачалі абзвоньваць па ўсёй Беларусі арганізацыі людзей з інваліднасцю, прапаноўвалі людзям стаць героямі “пазітыўнага шоў”. У выніку месцамі здымак сталі Бабруйск, Мінск, Ліда, Беразіно.

 

 

Пасля поспеху і шырокага розгаласу першых фільмаў, людзі самі звяртаюцца да арганізатараў, каб пра іх мары таксама знялі фільм. Таму зараз арганізатары вядуць перамовы з грантадаўцамі пра магчымы працяг здымак і выпуск другога сезона шоў.

 

 

Па словах Сашы, праект “Не губляйся, паспрабуй!” ужо стаў брэндам, кшталту тых праграм, што “прыязджаюць да людзей рамонты рабіць”. Беларуская здымачная група ўжо нават атрымала запрашэнне зняць такі ж праект у Расіі. Адна з арганізацый людзей з інваліднасцю нават прапануе фінансаванне.

 

 

sacgetimg.jpg

 

Што да ўласнай мары, то зараз Саша рыхтуецца да падарожжа па Амерыцы на хэндбайку. “Яшчэ на пачатку года гэта задума здавалася абсалютна нерэальнай”, — узгадвае ён.

 

Але звярнуўся па краўдфандынг і праз платформу ulej.by людзі дапамаглі сабраць патрэбную суму.

 

Сапраўдным сюрпрызам стала падтрымка ад кампаніі ticket.by. Яны ўзялі на сябе аплату авіяпералётаў і хэндбайка, што зараз робіцца па індывідуальнай замове.

 

Такім чынам і ўласны Сашаў досвед сцвярджае, што самыя амбітныя мары робяцца рэальнасцю, калі не губляцца і спрабаваць.

 

“Твой стыль”

Здымкі і відэа са старонкі праекта "Не губляйся, паспрабуй"