Як Алеся Разанава не пусцілі ў «альма матэр»

Зачыненым для паэта 11 сакавіка аказаўся ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна Цэнтр імя Уладзіміра Калесніка: яго настаўніка, які прытуліў выдатніка Разанава ў 1970 годзе пасля выключэння «за палітыку» з Белдзяржуніверсітэта.

Каманда «Паэтаў Планеты» ў Брэсце.

Каманда «Паэтаў Планеты» ў Брэсце.


У гэты дзень павінны былі паказаць серыю кніг «Паэты планеты», у якой Алесь Разанаў з’яўляецца і аўтарам («Перавыбранае»), і перакладчыкам (Рабіндранат Тагор, «Гітанджалі», Мацуа Басё, «Выбраныя хайку»).

Кнігі і людзі

Серыя, у якой выйшла ўжо 53 кнігі, мае выразна адукацыйную накіраванасць. Таму арганізатары прыезду ў Берасце выдаўца Зміцера Коласа, перакладчыкаў серыі і яе беларускага аўтара прапанавалі адміністрацыі філалагічнага факультэта ўніверсітэта, пры якім знаходзіцца адукацыйна-асветніцкі Цэнтр імя Калесніка, кароткую азнаямленчую сустрэчу. Прапанова была перададзеная загадзя. Са слоў былога дэкана гэтага факультэта, які абмяркоўваў прапанову вочна, «сказалі, што адкажуць па тэлефоне».
Але давялося вызвоньваць той адказ яму самому, уранні 11-га. Ён быў адмоўным. Натуральна, мне захацелася ўведаць падрабязнасці такога дзіўнага рашэння. Бо ў гарадской бібліятэцы ўнікальны для Беларусі праект не выклікаў анічога, акрамя шчырай зацікаўленасці, і супольнымі намаганнямі на вечар была прызначаная сустрэча для чытачоў горада. Я выправіўся ва ўніверсітэт.

«Ключавыя» размовы. Філфак

Дэкан філалагічнага факультэта Таццяна Сянкевіч сказала, што прапанова не давала часу на падрыхтоўку: «Нам жа афішу трэба вырабіць, запрасіць каго трэба, мы ж дзяржаўная ўстанова». Дык, кажу, іншая дзяржаўная ўстанова, бібліятэка, і афішу вырабіла, і запрасіла каго трэба, а Вы нават не адказалі, як абяцалі. Мы б хаця зрэагавалі як, а цяпер людзі ўжо ў дарозе». «Дык калі праект перакладны, то чаму Вы не прапанавалі яго на факультэце замежных моў, Вы ж там працавалі?» Я і на філфаку працаваў, яшчэ пры Калесніку, падумалася мне, і яшчэ пра тое, што нібыта цяперашні філфак з-за малых набораў хочуць скасаваць і яго коштам узбуйніць названых маёй суразмоўцай суседзяў. «Цэнтр імя Калесніка перасягае рамкі філалагічнага факультэта?» — пытаюся. «Так». «І рамкі ўніверсітэта, бадай што?» Зноў сцвярджальны адказ. «Таму мы і звярнуліся да Вас».
І я агучыў кампрамісную прапанову. «Мне перадалі, нібыта маё прозвішча ў спісе ўдзельнікаў (пераклаў у праекце Фрыдрыха Шылера – Я.Б.) кагосьці не ўзрадавала. І яшчэ кагосьці не ўпадабалі. Дык мы не пойдзем. Залучыце ў госці аднаго Разанава — гэта ж як-ніяк яго alma mater».
На што спадарыня Сянкевіч сказала, што не яна прымае рашэнні. А хто? «Першы прарэктар Сяргей Андрэевіч Марзан. То Вам да яго на прыём». Мы ж, кажу, не першы год тут жывём і працуем. Можа нават і на супрацоўніцтва нас стане, то давайце па тэлефоне вырашым. Балазе, Вы ж не адказалі, як павінны былі, і што тут выходжваць.

«Дрэва» філфака.

«Дрэва» філфака.

З першых вуснаў

Прарэктар Марзан лапідарны. «К нам информации про эту встречу не поступало. Так кому было отвечать?»
Гляджу на дэкана. Тая глядзіць убок. Прапаную фармат «адзін Разанаў». Пагатоў што «канцы цэйтноту ва ўніверсітэце, і наступствы непрыемныя для ўсіх». Адказ быў: «Мы планируем работу на год вперед, у нас всё по минутам расписано».
Спытаў яшчэ спадарыню Сянкевіч, якая выкладае сусветную літаратуру, а ці праўда, што выкладанне вядзецца з апорай выключна на рускі корпус перакладаў? Атрымаў станоўчы адказ. Неяк апёрся гэты адказ і на каляндар «Русский центр» на сцяне кабінета. Дэкан па сумяшчэнні кіруе Рускім цэнтрам ва ўніверсітэце імя Пушкіна. Да нядаўняга часу Цэнтр гэты таксама насіў імя Пушкіна. Дый галоўны будынак на вуліцы Пушкінскай. Зусім у духу ніяк не забыўнага Аляксандра Сяргеевіча і казкі пра Кашчэя Несмяротнага. Або Матрошка, таксама такі сабе вобраз забаўны.
Глянуўся стэнд на сцяне. Схема структур факультэта. На самым версе Цэнтр імя Калесніка. Рускі Цэнтр таксама ёсць, злева ўнізе. Выдае на тое, што схема кульнулася.

«Ключавыя» размовы. Прарэктар

Вырашыў-такі пазнаёміцца з прарэктарам Марзанам. Той знайшоў час для кароткай размовы. З цікавасцю узяў у рукі кніжыцу «Паэтаў планеты». Доўга і засяроджана ўглядваўся ў імпрэсум. «Няўжо спраўджвае, ці Шылер?» — мільгнула ў галаве. Новае ў пазіцыі акрэслілася-такі: прарэктар прызнаў, што Цэнтр імя Калесніка мог бы сам запрасіць Алеся Разанава, які гады два ўжо не быў у Брэсце. «Да, на самом деле». Але практычна застаўся пры сваім. «Мы государственное учреждение, работаем по плану, составленному на год. Поэтому спонтанные решения мы принимать не можем».

 Флэшмоб у БрДУ імя Пушкіна.

 Флэшмоб у БрДУ імя Пушкіна.

Згадалася, што на ўваходзе, пры бюсце Пушкіна і ў холе бліжэй да буфета, мне давялося акунуцца у нейкую дыскатэку. БРСМ ладзіў… флэшмоб. У перакладзе з англійскай flash mob абазначае літаральна «ўспышкавая, маментальная мабілізацыя». Гэта па азначэнні спантанная, кароткая акцыя, без уцямных афіцыйных арганізатараў. Няўжо яны і флэшмобы заклалі ў праграму на год?

Рэакцыі

Ля ўніверсітэта нечакана перасёкся з адным з былых рэктараў. Той, калі даведаўся, што Разанава не пусцілі, туды, дзе ён дзе вучыўся, адно выгукнуў: «Не можа быць!» І перадаў яму прывітанне.
Сам Алесь Разанаў, калі бліжэй да вечара пачуў пра ўніверсітэцкія абставіны, толькі пацепнуў плячыма. «У Мінску мяне ў навучальныя ўстановы запрашаюць, дык бывала і адмоўлюся…». І бібліятэчныя далучыліся: «На 26-м Міжнародным кніжным Кірмашы ў Мінску выстаўлялася і серыя «Паэты планеты», і іншыя кнігі [выдаўца Коласа], дыскусіі ладзіліся, і ўсё прайшло нармальна».

Рэфлексіі

Мяркую, што ёсць людзі ва ўніверсітэце імя Пушкіна і, без сумніву, па-за ім, для каго сітуацыя з нядопускам Разанава ахінутая, а па-іхняму, осенена вядомымі радкамі расійскага класіка, на якія натыкаюцца вочы кожнага адразу пасля вахцёра на ўваходзе. А беларусы дык змушана на ўсечанае прачытанне. «…души прекрасные порывы!»

6._duszi_prekrasnye_logo.jpg


Атрымліваецца такі сабе часава-падзеевы «пласт Разанава» (выключэнне, апекаванне пры «лютых камуністах» былым партызанам, пасля прафесарам у Брэсце Калеснікам, Цэнтр імя Калесніка, 11 сакавіка 2019). Ён наводзіць на пэўнасць, што ёсць, сказаўшы вобразам, ідэалагічная Сібірская вечная мерзлата, у якую была ўмерзла Беларусь пры Саветах. І нехта пачувае сябе там ў сваім асяродку, цалкам утульна, а нават распарадча ды наступальна.
Хто гэтыя яны? Маманты? Дыназаўры? А мы — ці адхукаемся?
Фатаграфіі аўтара