На шэсце супраць акумулятарнага заводу ў Брэсце выйшла каля 250 чалавек
Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Брэстам 24 сакавіка сабраліся на плошчы Леніна, пазней прайшлі шэсцем па цэнтральных вуліцах — Пушкінскай і Савецкай, піша Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
Адначасова з акцыяй пратэстоўцаў на плошчы Леніна праходзіла акцыя гарадзкога аддзелу па надзвычайных сытуацыях «Правядзі час з карысцю». А 12:40 на плошчы знаходзілася каля 250 праціўнікаў заводу.
Берасцейка Юлія Зубрык звярнула ўвагу, што ўжо другі тыдзень запар гарадскія ўлады праводзяць мерапрыемствы на плошчы Леніна адначасова з акцыяй пратэстоўцаў. Яна лічыць гэта спосабам «схаваць» мірны пратэст.
На плошчы Леніна пратэстоўцы абмеркавалі пачатак 26 сакавіка судовага разгляду скаргі на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенню мясцовага рэфэрэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага заводу.
Пазней пратэстоўцы прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатру «Беларусь». Тут яны пастаялі пэўны час і разышліся.
svaboda.org