«Яе ўзялі за карагод»: настаўніцу з Брэста падазраюць у арганізацыі беспарадкаў

Настаўніцу англійскай і польскай моў падазраюць у "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх". Больш за месяц 25-гадовая Марына Глазава знаходзіцца ў брэсцкім следчым ізалятары №7. 13 верасня яна ўдзельнічала ў акцыі пратэсту ў Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, піша Еўрарадыё.

Фота з фэйсбука Марыны Глазавай

Фота з фэйсбука Марыны Глазавай

Па звестках МУС, у той дзень на вуліцы выйшла каля 1000 чалавек. Людзі гулялі па горадзе, спявалі песні, вадзілі карагоды. А потым іх разганяў вадамёт.
"Яе ўзялі за карагод, — расказвае Еўрарадыё паэт Уладзімір Глазаў, бацька Марыны. — Як бы гэтым карагодам яны перакрылі рух грамадскага транспарту. Тады ў Брэсце, па-мойму, упершыню выкарысталі вадамёт. Я так разумею, што ўладам трэба было апраўдаць яго прымяненне, таму яны і робяць так жорстка. Маю дачку арыштавалі 23 верасня. Прыйшлі раніцай дадому, на дзясятыя суткі пасля акцыі, калі яна збіралася на працу".
Уладзімір даведаўся пра затрыманне дачкі на трэція суткі з інтэрнэту, паколькі Марына жыве асобна.
"Якія могуць быць эмоцыі, акрамя хапання за галаву? — успамінае Уладзімір сваю рэакцыю на тое, што дачку падазраюць у крымінальным злачынстве. — Адчуванне поўнай бездапаможнасці. Хочацца нешта зрабіць, і нічога не можаш. Ходзіш па пакоі, як звер па клетцы".
Маці Марыны прысутнічала пры ператрусе яе кватэры, які праходзіў яшчэ праз некалькі дзён. Вось ужо месяц разам з адвакатам бацькі спрабуюць вярнуць дачку на волю. Спатканні з Марынай забароненыя. Па словах бацькі, пад заклад дзяўчыну таксама не выпускаюць.
"Яе трымаюць пад следствам, крымінальны артыкул 342, — працягвае Уладзімір. — У першым лісце, які я атрымаў, Марына дала зразумець, што адразу, як толькі па яе прыйшлі, ёй сказалі, што да суда не выпусцяць. Калі суд, невядома. Следства можа доўжыцца два месяцы, а там яшчэ падоўжаць. Зразумела, што ліст яна пісала з аглядкай. Усё гэта прачытваецца — на кожнай старонцы стаіць штамп. Апісвала бытавыя рэчы. Напісала, чым кормяць — вельмі шмат вугляводаў, хочацца садавіны. Вось пайду... перадам перадачу. Са здароўем, здаецца, усё нармальна. Як зразумеў, самым цяжкім для яе стала тое, што пераводзілі з камеры ў камеру. Толькі знаёмішся, толькі падладжваешся пад адных людзей, бац — цябе вырываюць і ты падладжваешся па новай. І ў звычайным жыцці ж так адбываецца, калі даводзіцца мяняць адно кола людзей на абсалютна іншае…"



Уладзімір лічыць, што для ўладаў яго дачка — "ідэальная мішэнь", маўляў, "вось у нас такія маладыя людзі".
"Я чалавек савецкі, — тлумачыць тата Марыны. — У мяне было піянерскае дзяцінства. Тады былі такія паняцці, як "сацыяльна блізкія" і "сацыяльна не блізкія" грамадзяне. Дык вось для нашых сённяшніх рэалій, нашых уладаў такога роду людзі, як Марына — разумныя, якія прагнуць чагосьці новага, — яны ўсе не сацыяльна блізкія. Такая пазіцыя, маўляў, ну чаго ім не стае? Мая дачка — маладая, незамужняя настаўніца... Добра вучылася ў школе. Скончыла іняз у Брэсце, паралельна займалася з дзеткамі ў польскім таварыстве, выкладае дзве мовы. Яна любіць падарожнічаць, паспела паездзіць па Еўропе: была ў Германіі, Прыбалтыцы, па-мойму, заязджала ў Фінляндыю…"
Уладзімір кажа, нягледзячы на тое, што дачка нарадзілася ў 1995 годзе і нікога, акрамя Лукашэнкі, пры ўладзе не бачыла, у яе была актыўная грамадзянская пазіцыя. Як і многія беларусы, яна выходзіла пасля выбараў на вуліцы. "Разумеючы, у якой краіне жывём", бацька перыядычна абсякаў яе, а яна пашыла і павесіла на акно БЧБ-сцяг, які правісеў там да таго часу, пакуль па яе не прыйшлі.
"Маладыя людзі на тое і маладыя, каб неяк спрабаваць мяняць сітуацыю, — падсумоўвае Уладзімір. — Нешта падобнае адбывалася ў канцы 80-х — у пачатку 90-х. Нам таксама хацелася з усяго гэтага выскачыць. Але ў сітуацыі сённяшняй моладзі гэта значна горш. Разумееце, я — літаратар, журналіст... Мне здаецца, тады было ўсё на ўздыме і псіхалагічным, і культурным... ва ўсіх сферах жыцця. А цяпер гэта, хутчэй, адбываецца насуперак. Я бачыў хоць нешта — і перабудову, і 90-я, і тое, што было потым. Нашы дзеці нікога больш не бачылі, і гэта жах.... уся гэта сітуацыя абарочваецца кашмарам. Нашы дзеці бачаць усё зусім па-іншаму. Але мне не з рукі гаварыць пра іх меркаванне. Я не маю на гэта маральнага права".



Марына — адзіная брастаўчанка, якую трымаюць за кратамі па крымінальнай справе, звязанай з пратэстамі. 7 кастрычніка праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.




Падтрымаць Марыну Глазаву і напісаць ёй ліст можна па адрасе: 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 37, СІЗА №7 (Марыне Глазавай).