«Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым». Як судзяць лідараў АГП

Суд Першамайскага раёна Мінска 1 лістапада пачаў разглядаць крымінальную справу супраць трох лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Аксаны Аляксеевай, Мікалая Казлова і Антаніны Кавалёвай.

agp.jpeg

Судовы працэс вядзе суддзя Анастасія Кулік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Ірына Зубко. Палітвязняў абвінавачваюць ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Пры гэтым пракурорка на судзе цікавілася ў абвінавачаных, ці ўдзельнічалі ў выбарах, ці чыталі публікацыі ў «дэструктыўных» каналах і як ставіліся да сітуацыі ў краіне ў паслявыбарчы перыяд. «В*сна» распавядае, што адбываецца на першым судовым пасяджэнні.

Што вядома пра абвінавачаных?

Лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі затрымалі 27 ліпеня. Ім прад’явілі абвінавачванні паводле арт. 342 КК (актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Увесь час іх утрымлівалі ў СІЗА на Валадарскага.

Мікалай Казлоў — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады. З 28 снежня 2021 года адбываў тэрмін у баранавіцкім СІЗА-6. Яго ўтрымлівалі ў камеры аднаго і ў дрэнных умовах. За час зняволення ён атрымаў вымову ад адміністрацыі ізалятара і яго паставілі на прафулік як «схільнага да экстрэмізму». Мікалай цалкам адбыў тэрмін і 26 сакавіка 2022 года выйшаў на волю.

27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Паводле начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, «у жніўні 2020 года ён не толькі браў актыўны ўдзел у масавых бясчынствах на вуліцах Мінска, але і актыўна выкарыстоўваў грамадзян Беларусі ў нізінных мэтах сваіх куратараў. Мікалай Казлоў кіраваў радыкальна настроеным натоўпам, даваў пратэстоўцам указанні, заклікаў блакаваць дарогі і перашкаджаць праезду тэхнікі».

Палітык Анатоль Лябедзька у фэйсбуку паведаміў, што Казлову блакуюць ліставанне — ад яго амаль не даходзяць лісты. Акрамя гэтага, па словах Лябедзькі, палітвязня моцна збілі на Акрэсціна, таму на Валадарку яго прывезлі з «сінімі нагамі».

Лідара АГП Казлова асудзілі да трох месяцаў арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады

Антаніна Кавалёва — юрыстка, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, пенсіянерка. Мае досвед працы юрысконсульта, натарыуса, галоўнага спецыяліста Міністэрства юстыцыі. У Аб'яднанай грамадзянскай партыі з 2002 года. Працавала ў выканкаме АГП, два гады ўзначальвала Камісію па прававых пытаннях Нацыянальнага камітэта АГП. У 2012 годзе была абраная намесніцай старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Потым сышла з гэтай пасады.

Аксана Аляксеева — старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП. Вядома, што падчас ператрусу сілавікі выбілі дзверы ў кватэру Аляксеевай. Аксана — «сардэчніца», таму ёй увесь час трэба прымаць лекі.

На Акрэсціна Аксана захварэла на каронавірус, пасля чаго яе ўтрымлівалі ў «ковідным» аддзяленні ІЧУ. Праз гэтага доўгі час палітзняволеную не пераводзілі на «Валадарку», а перадачы для яе не прымалі.

Як праходзіць першы дзень суда?

Палітвязням ставіцца ў віну актыўны ўдзел у нядзельным Маршы ў Мінску 23 жніўня 2020 года — «Марш новай Беларусі».

Паводле абвінавачвання, Казлоў, Кавалёва і Аляксеева, з 14:35 да 20:00 23 жніўня 2020 году, «знаходзячыся на праезнай частцы каля праспекту Незалежнасці ў Мінску, у выкананне публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных думак і пратэста, вядзенне дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі і якія пацягнулі парушэнне работы транспарта».

Актыўны ўдзел палітвязняў выявіўся ў тым, што яны нібыта «публічна выкрыквалі лозунгі, гучна пляскалі ў далоні, знаходзіліся на праезнай частцы, чым блакіравалі і перашкаджалі руху транспарту ў Мінску, у тым ліку гарадскога пасажырскага транспарта «Мінсктранса».

Казлоў адзначыў, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць, бо гэта сумесь «дзіўнай логікі і нястрымнай фантазіі».

На пытанне суда, ці прызнае сваю віну, Казлоў адказаў: «Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым».

Кавалёва прызнала сваю віну часткова, Аляксеева прызнала віну цалкам.

Падчас дачы паказанняў Антаніна і Аксана заявілі, што ў СІЗА ў іх адабралі бутэлькі з вадой, таму на судзе яна папрасіла даць ім вады.

Што кажуць на судзе фігуранты справы?

Першай дапыталі Антаніну Кавалёву. Дзяржаўная абвінаваўца пыталася, якую ідэалогію транслюе Аб’яднаная грамадзянская партыя, і якія мэты спрабуе дасягнуць. Таксама яе цікавала, ці вылучаўся ад партыі чалавек у прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе.

Антаніна Кавалёва распавяла, што даўно сышла з арганізацыі, не сачыла за палітычнай дзейнасцю іншых абвінавачаных. У жніўні 2020 года яна дома чула выбухі на вуліцы і ёй было страшна, але яна не збіралася выказваць свой пратэст супраць гэтага публічна. У той перыяд яна прачытала ў дзяржаўных СМІ, што ў Беларусі плануецца правядзенне дыялогавай пляцоўкі паміж народам і ўладамі. Таму ў дзень, калі яна выйшла на Марш, у яе былі надзеі на тое, што да людзей выйдуць прадстаўнікі ўлады для дыялогу.

«Я падумала, што гэта будзе гістарычны момант, мне хацелася на гэта паглядзець: сабраліся людзі і з імі нехта выйдзе размаўляць», — сказала жанчына.

Па яе словах, ў абвінавачванні пазначаны недакладны час, бо яна прыйшла пазней за 14:30 — тады аўтобус не хадзіў, таму ёй прыйшлося ісці пешшу.

«Там было вельмі шмат людзей, я звычайна баюся вялікіх натоўпаў, але там усе людзі такія адкрытыя, таму я вырашыла пайсці па праспекце Незалежнасці», — дадала яна.

Па словах Антаніны, міліцыянты не спынялі і не казалі, што яна парушае заканадаўства. Людзі на вуліцах былі вясёлыя і выказвалі пратэст мірна. Сама жанчына была з бел-чырвона-белым сцягам на плячах. Яна растлумачыла, што сцяг сімвалізуе незалежнасць Беларусі ў найноўшай гісторыі. Палітзняволеная ўдзельнічала ў акцыі пратэсту каля 30 хвілінаў і сышла адтуль, калі зразумела, што да людзей ніхто не выйдзе размаўляць.

Падчас суда яна распавяла, у якіх умовах яе ўтрымлівалі пасля затрымання: «Я нічога не ела, у мяне не было пасцельнай бялізны. Я спала на падлозе, на лаўцы, пад лаўкай, пад сталом. Мяне не выводзілі на шпацыр, у мяне не было ручніка, туалетных сродкаў. Таму я сябе дрэнна адчувала і магла проста адключыцца».

Далей суд перайшоў да допыту Аксаны Аляксеевай. Пракурорка адразу спытала, ці ўдзельнічала палітзняволеная ў выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе.

Дзе менавіта планавалася «масавае мерапрыемства», жанчына не ведала. Яна адзначыла, што ніколі не сачыла за навінамі ў тэлеграм-канале «Н*хта», бо не лічыла тую інфармацыю дакладнай. Аксана пацвердзіла, што ў яе быў з сабою белы сцяг з выявай «Каня» (сцяг АГП), рухалася яна па тратуары. Патрабаванняў разыйсціся ад міліцыянтаў яна не чула, толькі тое, каб людзі не выходзілі на праезную частку.

Аксана ўдзельнічала ў Маршы прыкладна паўтары гадзіны. Паводле яе словаў, калі трапляеш у натоўп, выйсці з яго ўжо складана. На праезную частку яна выйшла ўжо пасля таго, як грамадскі транспарт спыніўся. Ніхто з міліцыянтаў не казаў пратэстоўцам, што ўдзел у «масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах» — незаконны. І пра тое, што гэта прадугледжвае крымінальную адказнасць, а не адміністрацыйную, Аляксеева даведалася толькі ў 2022 годзе. Потым пракурорка зноў пачала цікавіцца, якую ролю выконвае Аляксеева ў арганізацыі. Але Аксана палічыла пытанне дзіўным і адмовілася ад адказу.