«Я і ІЧУ. Асабісты погляд» — Кастусь Мардвінцаў

За выкананне сваіх прафесійных абавязкаў падчас акцыяў 25 і 26 сакавіка Кастусь Мардвінцаў быў арыштаваны на 15 сутак.

Кастусь Мардвінцаў пасля выхаду з ІЧУ. Фота: "Віцебская Вясна"

Кастусь Мардвінцаў пасля выхаду з ІЧУ. Фота: "Віцебская Вясна"

«Віцебская вясна» працягвае цыкл публікацыяў пра ўмовы адбывання адміністрацыйнага арышту ў ізалятарах часовага ўтрымання. Наш наступны аўтар — незалежны журналіст Кастусь Мардвінцаў.

— На «сутках» я апынуўся ўпершыню. І быў не падрыхтаваны да таго. Калі б ведаў загадзя, чым завершыцца мая праца як журналіста на акцыі, то ўзяў бы з сабою неабходныя рэчы. А так — куртку, у якой я быў, мне забаранялі пранесці ў камеру. Маўляў, яна мае шнурок унутры, і трэба распароць падбіўку, каб выцягнуць яго. Я сказаў, што не хачу псаваць рэч. І таму, пакуль не атрымаў ў перадачы швэдар праз колькі дзён, увесь час мёрз.

Халодна было і пасля, але ўжо не гэтак. Спаць даводзілася ў вопратцы, хоць выдалі дзве коўдры, бо не меў з сабою курткі. Праз холад некалькі разоў давялося адмовіцца ад шпацыру, не зважаючы, што свежага паветра ў камэры відавочна бракавала.

Шпацыры — пакуль сядзеў на 3-м паверсе, — трэба было прасіць, інакш пра іх ніхто з ахоўнікаў не ўспамінаў. Толькі пад канец знаходжання там, перад пераводам на 2-гі паверх, ахоўнікі самі ўжо пачалі прапанаваць. Часам адмаўляўся — праз холад. Ужо як апынуўся на 2-м паверсе, шпацыры сталі штодня. Гуляць выводзілі пакамэрна. Не ў двор, а на адмысловую пляцоўку на тым самым паверсе, якая ўяўляла сабою, па-сутнасці, усё тую ж камэру, у якой замест акна — адкрытая прастора, прыкрытая толькі кратамі.

Усяго сядзеў у трох камэрах: №7, №9 (3-ці паверх) і №24 (2-гі паверх, тут быў двойчы: ноч пасля затрымання і да суду; і затым апошні, найвялікшы, адрэзак адседкі).

Пераводзілі з камэры ў камэру, не тлумачачы прычынаў. Хаця зразумела, што прычыны ўвесь час у іх былі: у 7-й на наступны дзень пасля таго, як вызвалілі яе ад сядзельцаў, распачаўся рамонт (было чуваць, як там працуюць — перасялілі ж недалёка), з 9-й перавялі ў той дзень, як мой сукамэрнік там быў этапаваны на ЛПП — 60-гадовы дзядзька, які любіць чытаць і разгадваць красворды. Спадзяваўся, што адразу з ІЧУ не забяруць на прымусовае «лекаванне», і зможа з’ехаць у Гародню да сына — спадзяванне не спраўдзілася.

Розніца паміж 2-м і 3-м паверхамі? На 2-м знаходзіцца пост дзяжурнага. Не ў тым самым калідоры, дзе камэры, але дзяжурны можа чуць усё, што адбываецца на паверсе. І, наогул, тамсама ўсялякае начальства. (Усё ІЧУ — трохпавярховы будынак. Але на першым паверсе месціцца іншая ўстанова — выцвярэзнік.)  Мабыць, таму на 2-м паверсе «прадольныя» (так называюць ахоўнікаў, што апякуюцца сядзельцамі) імкнуцца рабіць усё, каб было, як «па правілах». Але ў цэлым нараканняў да ахоўнікаў што 2-га паверху, гэтак і 3-га, не маю. Збольшага нармальныя людзі, якія ставіліся да сядзельцаў па-людску.

На 2-м паверсе, апроч іншага, знаходзіцца камэра, якая, паводле расказу майго сукамерніка, служыць «карцэрам» для «хімікаў», якія праштрафіліся ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Было некалькі начэй, калі насельнікі гэтай камеры не давалі спаць усяму паверху — грукалі ўсю ноч у дзверы камеры, крычалі, мацюкаліся, аж пакуль ахоўнікі не «супакойвалі» іх спецсродкамі.

Ва ўсіх камерах, дзе пабываў, мы сядзелі ўдвух. А ёсць камеры і вялікія, разлічаныя ажно на дзесяць чалавек, але ў такіх мне сядзець не давялося.

Камера № 7 — «двушка»: двух'ярусныя нары («шконка»), кран з ракавінай і туалет «азіяцкага» кшталту — дзірка ў падлозе на пастаменце — такія клазеты былі папулярныя ў грамадскіх прыбіральнях Савецкага Саюзу, захаваліся дзе-нідзе і дагэтуль. Змыўнага бачка няма. Замест яго ёсць пластыкавая бутэлька — набірай у яе ваду з крана і змывай. Больш гэтая камера не абсталяваная нічым — не было ні лаўкі, ні крэслаў, ні стала, ні тумбачкі. Асабістыя рэчы захоўваць не было дзе, апроч як на падлозе. Акно было закрытае жалезным лістом (здаецца, пасля таго, як я адтуль сышоў, метал з вакна знялі — у гэтым і палягаў рамонт).

Камера № 9 — больш прасторная. Разлічаная на чатырох чалавек (дзве двух'ярусныя «шконкі»), але мы сядзелі ўдвух. Тут быў стол і побач з ім металёвая лаўка, прымацаваная да падлогі. Дык што месца для рэчаў хапала. Абсталяваная старым брудным унітазам. Замест накрыўкі на ім — цэлафанавы пакет. Гэта была адзіная камера, у якой мог бачыць натуральнае святло — мелася акно, складзенае з тоўстых шкляных блокаў, праз якія не бачна нічога, але святло прабіваецца.

Камера № 24 — двухмясцовая. Без вакна зусім: там, дзе яно мусіла б быць — сцяна. Унітаз больш новы, але таксама без накрыўкі. Ёсць тумбачка для захоўвання рэчаў.

Сцены ўсіх камераў пакрытыя «шубай» — адмысловым рэльефным бетонным пакрыццём. Правесці дэзінфэкцыю такой сцяны немагчыма ў прынцыпе. Сукамернікі казалі, што паводле сучасных правілаў «шуба» нібыта забароненая, але ў віцебскім ІЧУ яшчэ захавалася — як спадчына савецкіх часоў.

Ежа. На сняданак давалі белы хлеб і якую-небудзь кашу на вадзе з катлетай, асноўным інгрэдыентам якой быў хлеб. Як жартавалі сядзельцы наконт катлеты, ямо хлеб з хлебам. На абед — хлеб чорны, такая самая катлета. Каша. Рэдкі суп, пасля якога было вельмі лёгка спалоскваць талерку, бо тлушч ў ім адсутнічаў. Грамаў сто халаднаватай гарбаты з цукрам. Вячэра — каша з гарбатай. Апроч як на абед і вячэру, папіць каву ці гарбату было немагчыма — кіпень сядзельцам не давалі.

Вельмі дзіўны быў расклад, паводле якога раздавалі харчаванне. Калі сняданак прыпадаў на нармальны час — пасля 9-й раніцы, то абед быў позні — рэдка, калі раней як а 15-й, а вячэра, наадварот, ранняя — недзе а 17-й. Аднаго разу прынеслі абед а 16:30, а вячэру а пятай вечара — зусім маленькі перапынак паміж прыёмамі ежы.

Перадачы атрымліваў. Але бывала, што з затрымкай: перадачу, зробленую напярэдадні, маглі выдаць толькі раніцай наступнага дня. Лісты і паштоўкі з волі даходзілі. Але, здаецца, не ўсе. Так, ужо выйшаўшы, знайшоў у сваёй паштовай скрыні копію пастановы, вынесенай абласным судом у адказ на маю скаргу, у якой было пазначана, што яна дасылаецца ў два адрасы — на мой хатні, і ў ІЧУ (для ўручэння мне). Тую копію, якую мне павінны былі ўручыць у ізалятары, я так ніколі і не ўбачыў.

У душ удалося схадзіць толькі адзін раз. Дазваляецца раз на сем дзён, але калі я спытаў на сёмы дзень сваіх «сутак» пра яго, мне было сказана, што, маўляў, зараз выходныя, няма дэзінфектара, таму чакай да панядзелка. А ў наступны панядзелак я ўжо выходзіў на волю...

spring96.org