Скаргу Ульяны Захаранкі разгледзіць Камітэт па правах чалавека ААН
Кіраўнік аддзелу петыцый Камітэту па правах чалавека ААН Ібрагім Салама паведаміў, што скарга Ульяны Захаранкі аб прызнанні Юрыя Захаранкі памерлым прынятая да разгляду.
Кіраўніца Беларускага дакументацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская сказала, што 94-гадовая маці былога міністра ўнутраных спраў Ульяна Захаранка дагэтуль нічога не ведае пра лёс свайго сына, які быў выкрадзены 18 гадоў таму.
«Яна не атрымала ніводнай капейкі ад дзяржавы з нагоды страты кармільца, яна не можа зрабіць ніякіх натарыяльных дзеянняў, каб прыняць ці пакінуць у спадчыну маёмасць сына. У яе дзве ўнучкі і двое праўнукаў. Усе яны залежаць ад адной паперкі — афіцыйнага прызнання Юрыя Захаранкі памерлым», — сказала Раіса Міхайлоўская.
Беларускае правасуддзе двойчы адмовілася прызнаць Юрыя Захаранку памерлым. У 2002 годзе, калі з такой просьбай звярталася жонка Вольга Захаранка, і ў жніўні 2016-га, калі звярталася маці. Тады Ульяна Захаранка накіравала скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Раіса Міхайлоўская сказала, што ў сувязі са сталым узростам заяўніцы «мы будзем зноў прасіць экстранага разгляду скаргі».
Ульяна Захаранка адзначае ў скарзе, што парушана яе права на справядлівы судовы разбор.
Яна просіць Камітэт паўплываць на тое, каб справа аб прызнанні памерлым Юрыя Захаранкі была разгледжана неадкладна і каб ёй была выплачана належная кампенсацыя.
У сакавіку 2017 году Камітэт па правах чалавека ААН разгледзеў скаргу Ульяны Захаранкі на беларускія ўлады, пададзеную ў 2014 годзе. Маці зніклага апазіцыянера даводзіла, што ўлады Беларусі наўмысна зацягваюць расследаванне справы яе сына, у тым ліку не інфармуюць пра захады, каб знайсці тых, хто яго выкраў, і пакараць іх паводле закону.
Лёс Юрыя Захаранкі дагэтуль не вядомы, але шмат хто ў Беларусі і свеце мяркуе, што з ім паквіталіся беларускія ўлады.