Ірэна Бярнацкая: У нас унутры вайна — гэта страшна
«Не
памятаю, як мне апранулі маё шырокае паліто на галаву. Я апынулася ў Лідскім
РАУСе, яны мяне схапілі, сказалі: "Чаго ты сюды выйшла? Хочаш як на Украіне?"».
Актывістка «Саюза палякаў» у Беларусі, карэнная лідзянка, верніца Ірэна Бярнацкая распавяла «Радыё Рацыя» пра малітвы за Беларусьі пра свае затрыманні.
За неабыякавасць да людзей і краіны Ірэна Бярнацкая неаднаразова трапляла пад пераслед, прайшла праз арышты, а зараз вымушана жыве ў Польшчы.
— Як цяпер выглядае грамадскае жыццё польскай нацменшасці на Лідчыне?
— Вельмі балюча, бо не зробіш тых вясёлых імпрэз, бо ведаем, колькі людзей у турмах сядзіць, моладзі. Бяда аб’ядноўвае людзей, мае людзі — яны аб’яднаныя, дапамагаюць адно аднаму. Мы пастаянна трымаем кантакты паміж сабой.
— Такое вельмі прыватнае пытанне: што вам вера дае ў жыцці?
— Я верніца, але я заўсёды задаю пытанне Богу: «За што ты мяне так любіш?» Можа, таму, што я блудная такая, нядобрая верніца, можа, таму. Без веры чалавек — гэта нішто, гэта не чалавек. Толькі з верай, з верай можна перамагчы ўсё.
Вера — гэта тое, што ты маеш унутры, вось гэта вера. Калі вера ёсць, то ты маеш нутро. Гэта ўвесь час цябе мучыць, гэта цяжка, але калі яно ўнутры кажа: «Ідзі», — то ты мусіш ісці, калі маеш веру. Калі не маеш веры, то стараешся выкруціцца, знайсці выгаду сабе. Выгады ў жыцці няма, за ўсё трэба заплаціць. Мне ж не 15 гадоў, гэта вынік майго жыцця.
— За што былі пазнейшыя пратаколы, якія склалі пасля прэзідэнцкіх выбараў?
— Пратакол быў 12-га жніўня. Выйшлі мы на вуліцу, жанчыны выходзілі тады. Вось вы кажаце, вера. Тут ужо далучыўся Бог да гэтых спраў. Выйшлі жанчыны, я іду па вуліцы, а гэтыя дзяўчаты ад выканкама да Дому гандлю лётаюць, усюды стаіць міліцыя, іду я. Я кажу: «Дзяўчаты, крыж, маліцца давайце, давайце маліцца!» Мы на аўтамаце пачалі маліцца, што б’юць людзей, брат брата, гэта ж не вайна з ворагам, гэта ў нас унутры вайна — гэта страшна.
Ад 12-га жніўня прыходзілі кожны дзень маліцца а 18-й гадзіне. А 18-й пачыналася — і дзве гадзіны маліліся мы.
1-га верасня прыехала міліцыя. Яны кожны дзень прыязджалі, здымалі, забіралі людзей. Мы там маліліся, ужо прызвычаіліся да гэтага, так скажу.
Пазней чуем, што пачынаюцца крыкі, там дзяўчаты крычаць, хлопцы. Я не вытрымала, устала, падняла ружанец, кажу: «Мы жывём у адным горадзе, гэта ўсё робіцца каля касцёла. Яны ж нічога не робяць, людзі проста стаяць».
Пайшла дахаты — а праз дзесяць дзён склалі пратакол і быў суд. Першы суддзя Федаровіч адразу аддаў на дапрацлўку маю справу, рахунак сумлення не дазволіў. А пасля наш вядомы Філатаў адсудзіў добра.
Другі раз захварэла 23-га верасня на каронавірус. Не была цэлы месяц нідзе, бо цяжка хварэла. Пайшла ў касцёл, пасля пайшла ў краму ў Дом гандлю, а там ішлі людзі, а пасля — столькі АМАПа!
Жанчыне газ пусцілі, я далёка была, яна павалілася. Я стала крычаць: «Выклічце хуткую дапамогу!» Не памятаю, як мне апранулі маё шырокае паліто на галаву. Я апынулася ў Лідскім РАУСе, яны мяне схапілі, сказалі: «Чаго ты сюды выйшла? Хочаш як на Украіне?» Я кажу: «Я на Украіне не была, я не ведаю, як на Украіне». Я кажу, што не хачу, каб людзі паміралі пры мне.
Пасля ўжо прасядзела ў Следчым ізалятары, праз два дні быў суд і асудзілі мяне зноў. Далі мне штраф — зноў 50 базавых.
Трэці раз, тут зноў Бог грае ролю. Ведала, што ў Ашурка будзе апошні суд, суд будзе адкрыты. Я прыйшла, людзі прыйшлі, за гэта была пакараная.
Ірэна Бярнацкая — дзяячка «Саюза палякаў», якая вымушана пакінула родную краіну. У Беларусі яна надалей з’яўляецца падазраванай па так званай «польскай справе» — гэта крымінальная справа аб «распальванні варожасці».