Інтэлігенцыя Расіі заклікала ўлады «спыніць расійскую агрэсію» ва Украіне
Прадстаўнікі расійскай інтэлігенцыі выступілі з заявай супраць вайны ва Украіне «Спыніць расійскую агрэсію!».
Заява Кангрэса інтэлігенцыі супраць вайны, самаізаляцыі Расіі і рэстаўрацыі таталітарызму апублікавана на сайце «Новай газеты».
«Усё больш і больш дакладных звестак аб знаходжанні войскаў Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны і іх удзеле ў баявых дзеяннях. Усё больш і больш таемных, ананімных пахаванняў
расійскіх грамадзян, вайскоўцаў, якія загінулі на тэрыторыі Украіны, — ганебных і
абразлівых», — сказана ў заяве.
«Сёння на нас, грамадзянах Расіі, ляжыць адказнасць за будучыню. Мы дапусцілі да ўлады палітычны рэжым, які распачаў агрэсію, і мы павінны зрабіць усё магчымае, каб спыніць трэцюю
сусветную вайну, пралог да якой, магчыма, ужо сёння разыгрываецца ва Украіне. Кангрэс інтэлігенцыі паўстаў на хвалі пратэстаў супраць анэксіі Крыма. На жаль, нашы найгоршыя чаканні
пацвердзіліся», — адзначылі ў заяве.
Кангрэс інтэлігенцыі патрабуе ад прэзідэнта Расіі неадкладна спыніць агрэсію супраць Украіны; ад уладаў Расіі — расследаваць выпадкі гвалту і запалохвання грамадзянскіх асоб — удзельнікаў антываеннага руху; ад кіраўніцтва федэральных тэлевізійных каналаў — спыніць агрэсіўную прапаганду, што сее нянавісьць паміж народамі, супраць Украіны і краін Захаду; даць
эфірны час для альтэрнатыўнай пазіцыі з нагоды падзей ва Украіне.
На дадзены момант заяву падпісалі больш за 120 дзеячаў, сярод іх Людміла Аляксеева, Людміла Уліцкая, Леў Панамароў, Андрэй Макарэвіч, Уладзімір Вайновіч і іншыя.