«Інфекцыёнка запоўненая». У Мазыры і Калінкавічах успышка пнеўманіі?
У двух раёнах Гомельскай вобласці, магчыма, здарылася ўспышка пнейманіі. Афіцыйнага пацверджання гэтаму няма, але для Мінздароўя з часоў пандэміі звычайная справа хаваць статыстыку захворванняў.
На старонцы мазырскага гарадскога пабліка абмяркоўваюць запоўненасць мясцовай дзіцячай бальніцы ў сувязі з захворваннямі пнеўманіяй, піша «Флагшток». У паведамленні сцвярджаецца, што «ўся дзіцячая бальніца перапоўненая»: «Лета наступіла, а хварэць не перасталі — чаму так? Прычым, ужо па другім коле кладуць, хварэюць дзеці сем'ямі».
У каментарах жыхары райцэнтра пагадзіліся з аўтарам паведамлення і пацвердзілі перапоўненасць бальніцы.
Вось што пішуць у пабліку.
«У мяне дачка захварэла. Стала рэзка дрэнна 27.05 (тэмпература і моцная слабасць, лёгкі кашаль). Дыягназ паставілі толькі 06.06 пасля таго, як я настаяла на здымку. Левабаковая полісігментарная пнеўманія. У бальніцу не паклалі праз перапоўненасць, лячэнне пачалі самастойна дома і была станоўчая дынаміка. Кантрольны здымак яшчэ не рабілі. Аднаўляецца яшчэ дагэтуль», — напісала Святлана.
«Перапоўненая, тыдзень таму дзіця з тэмпературай 40 не паклалі. Пакуль рот не адкрыла і не дамаглася напрамку ў дарослую инфекцыёнку. У нас здымак нічога не паказаў», — напісала Аліна.
Мяркуючы па каментарах, такая ж сітуацыя назіраецца і ў суседніх Калінкавічах.
«Сын ляжаў тыдзень таму, усё поўна, інфекцыёнка запоўненая таксама», — распавяла Марына.
«Так, і ў Гомелі такая сітуацыя, сімптомаў няма, толькі высокая тэмпература і ў выніку пнеўманія», — дадала яшчэ адна ўдзельніца абмеркавання.
«Мае двое дзяцей з траіх ляжаць у бальніцы. Дачка засталася ў Калінкавічах, а мяне з меншым у Гомель. І паверце, што ў Калінкавічах, што ў Гомелі перапоўненыя аддзяленні. Аналізы ў норме, толькі высачэзная тэмпература і, як следства, пнеўманія. Упершыню з такім сутыкнулася», — распавяла іншая жыхарка райцэнтра.
Афіцыйна на гэты конт пакуль нічога не паведамляецца — інфармацыі на рэсурсах дзяржаўных структур сістэмы аховы здароўя аб запоўненасці бальніц і захворваннях пнеўманіяй няма.
Часы пандэміі каронавірусу запомніліся ў Беларусі тым,
што Міністэрства аховы здароўя хлусіла беларусам аб маштабах захворвання. Гэта
было абумоўлена тым, што Лукашэнка адмаўляў не тое што распаўсюджанне хваробы ў
краіне, але саму наяўнасць ковіду. Калі ж людзі пачалі паміраць, ён раіў
беларусам лячыць каронавірус лазняй і нарэлкай, а ў інтэрвью прапагандыстам
казаў: «Вы бачыце вірус? І я не бычу. То яго і няма».