Ігар Магазіннік: беларус, які стварыў праграму Viber і прадаў яе японцам за $900 мільёнаў

Японская кампанія Rakuten набыла беларуска-ізраільскі сервіс Viber за гіганцкую суму  $900 мільёнаў.



viber.png

Што такое «Вайбер»?


Праграма Viber («Вайбер») дазваляе сваім карыстальнікам весці гутаркі і абменьвацца паведамленнямі, выкарыстоўваючы Wi-Fi і 3G-інтэрнэт. Плаціць даводзіцца толькі за спажыты інтэрнэт-трафік, а не за дарагія міжнародныя званкі.

«Вайбер» шмат у чым падобны на легендарны «Скайп», хоць стваральнікі імкнуцца пазбегнуць паралеляў з больш папулярным канкурэнтам.


Аднак ёсць і некалькі прынцыповых адрозненняў. Напрыклад, як адзначаў Ігар Магазіннік, ягоная праграма ад пачатку была створаная пад мабільныя прылады, у той час як «Скайп» пачынаў сваё пераможнае шэсце з камп’ютараў. Таму «Вайбер» навучаны ашчаджаць батарэю смарфтона.
Апроч таго, для званка праз «Скайп» трэба папярэдне трапіць у спісе кантактаў свайго мяркуемага суразмоўцы. А «Вайберу» дастаткова ведаць мабільны нумар абанента.

Праграма карыстаецца папулярнасцю ў Азіі, імкліва заваёвае кітайскі рынак. Колькасць карыстальнікаў перавышае 300 мільёнаў чалавек.


Што ў ім беларускага?


Кампанія Viber Media зарэгістраваная на афшорным Кіпры, аднак мае офісы ў Беларусі і Ізраілі.

Стваральнікі праекту Ігар Магазіннік і Тальман Марка пазнаёміліся ў ізраільскай арміі. Яны запусцілі сервіс у канцы 2010 года, ад таго часу ён бясплатны для карыстальнікаў. Аб’ём інвестыцый у «Вайбер» склаў як мінімум $20 мільёнаў, аднак доля кожнага з заснавальнікаў невядомая.


На тэрыторыі Беларусі, у Мінску і Брэсце, працуюць з паўсотні праграмістаў, якія ствараюць кліенцкія праграмы для розных платфомаў – смартфонаў з аперацыйнымі сістэмамі Android, iOS і іншымі. Нядаўна з’явілася і версія для стацыянарных камп’ютараў на базе Windows.

Апроч таго, кампанія зарэгістраваная як рэзідэнт беларускага Парка высокіх тэхналогій. Гэта дае «Вайберу» велізарныя падатковыя льготы.


Сам Ігар Магазіннік вырас у Беларусі, аднак цяпер жыве на некалькі краін, мае і беларускае, і ізраільскае грамадзянства.

Наколькі «Вайбер» бяспечны?


Пры карыстанні праграмай непатрэбна рэгістравацца, таму нічога, апроч тэлефоннага нумару, «Вайбер» не ведае. Але калі абанент знаходзіцца па-за сецівам, паведамленні, дасланыя праз праграму, захоўваюцца на серверах. А вось перамовы праз «Скайп» ні на адным серверы не захоўваюцца.

Пры атрыманні запыту ад праваахоўчых органаў, «Вайбер» абавязаны выдаваць інфармацыю, якой валодае. Хоць кіраўніцтва кампаніі сцвярджае, што карысці ад гэтых мінімальных звестак атрымаць складана.


І ў якасці аргумента на карысць сваёй бяспекі Viber можа прывесці сітуацыю, якая ўтварылася ў Саўдаўскай Аравіі. Тамтэйшыя спецслужбы запатравабалі прадаставіць ім доступ да размоваў абанентаў «Вайбера». Кампанія адмовілася і сышла з мясцовага рынку. А вось «Скайп» нейкім чынам працягвае працу ў краіне.

nn.by