Ідэолаг — журналісту: «Если ваши фотографии будут там, где будут, я напишу заявление»

У Глыбокім начальнік аддзела ідэалогіі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Карніловіч абяцала праблемы з ваенкаматам і пагражала напісаць заяву ў міліцыю на журналіста-фрылансера Змітра Лупача.

pozva_0.jpg

Яна забараняла Змітру рабіць фота-, відэаздымку рэпетыцыі прысягі рэзервістаў і саму прысягу на цэнтральнай плошчы горада. Згаданыя падзеі адбываліся 8 і 10 верасня адпаведна.
Спачатку ідэолаг забараніла здымаць Змітру, калі  ўбачыла яго на цэнтральнай плошчы падчас рэпетыцыі прысягі.
Калі журналіст-фрылансер Зміцер Лупач прыйшоў 10 верасня ў цэнтр Глыбокага здымаць непасрэдна прысягу рэзервістаў, каб зрабіць матэрыял для сайта Westki.info, яго зноў перастрэла ідэолаг Людміла Карніловіч.
Карніловіч забараніла весці фота-, відэаздымку публічнага мерапрыемства. Матывавала яна гэта тым, што Зміцер Лупач на гэтую падзею не акрэдытаваны.
Журналіст падчас падзеі стаяў за агароджай, у цэнтр плошчы пусцілі толькі “правільных і акрэдытаваных” журналістаў, вядома, з дзяржаўных СМІ. Аказалася, што Зміцер “мазоліў вочы” начальніцы аддзела ідэалогіі нават за агароджай. Ніякіх заўваг журналістам з дзяржаўных СМІ яна не выказвала. Змітру, апрача яе, таксама незадавальненне ніхто не выказваў.
Нягледзячы на забарону,  Зміцер усё ж запісаў падзею на відэа, а таксама недарэчны дыялог з ідэолагам:
— Здравствуйте.
— Добры дзень.
— Дмитрий Антонович, помните: мероприятие — закрытое. Нужна аккредитация. А вы фотографировали. Я видела.
— Ну дык што?
— Если ваши фотографии будут там, где будут, я напишу заявление. Если ваши фотографии появятся там, где появятся, я буду вынуждена написать заявление.
— Рабіце за плотам тады або ў вайсковай частцы.
— Мы за плотам не делаем. Но мы сегодня предупреждаемсредства массовой информации, что работают аккредитованные СМИ.
—  Я акрэдатаваны ад 1967 года, як нарадзіўся.
— Хорошо. Но вы  не аккредитованные делать фоторепортажи, видео и аудио с этого мероприятия. Я вас предупреждаю. Предупреждаю при людях, которые несут тоже за это ответственность за безопасность этого мероприятия. (Побач стаялі міліцыянты, якія нават не адрэагавалі на гэты інцыдэнт). Я вас предупредила.
— Я небяспеку не ўяўляю.
— Я знаю, что вы не составляете. Но я вас предупреждаю, чтобы вы не делали фотоматериалы для тех средств массовой информации, которые не аккредитованы.
— Адкуль вы ведаеце для якіх я раблю?
— Я вижу вашы материалы.
Па словах Змітра Лупача, пагрозы ў свой адрас ён чуе не ўпершыню. Яму калісьці пагражаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства «Канстанцінаў двор» Юры Вахавіч. Дарэчы, нядаўна яго звольнілі з гэтай пасады.
Людміла Карніловіч ужо не першы раз забараняе Лупачу весці фота-, відэаздымку. Некалькі разоў яна рабіла такія заўвагі падчас каталіцкага фестывалю «Магніфікат», які ўжо не праводзіцца ў Глыбокім.


Пагражала, можа яшчэ ў суд і выклічуць. Я ў прынцыпе да гэтага гатовы. У яе гэта ўжо другі "заход". Яе першы раз былі не зацвердзілі начальніцай некалькі гадоў таму, а цяпер зацвердзілі. Проста яна вырашыла паказаць, што яна тут вельмі значная фігура, бо я здымаў цягам больш як гадзіны і там былі і ваенныя, і міліцыянты, і прадстаўнікі ўлады, але ніхто да мяне не падышоў і нікому я там не перашкаджаў. Толькі чамусьці Людміле Фёдараўне перашкаджаў, — гаворыць Зміцер Лупач.
12 верасня вечарам глыбоцкі міліцыянт Сяргей Цырбан прынёс позву ў міліцыю Змітру Лупачу. У ёй яго просяць з’явіцца 13 верасня 2017 года а 14.30 у Глыбоцкі РАУС па адрасе: г. Глыбокае, пл. 17 Верасня, 5 кабінет №13 да старэйшага інспектара па дазвольнай працы.
Як бачна, ідэолаг сваё абяцанне выканала. Хутчэй за ўсё, пасля міліцыі Змітру трэба  чакаць яшчэ праблемаў і з ваенкаматам, якія абяцала Людміла Карніловіч.
«Абсурд улады мацнее! Заўтра яны пачнуць прасіць акрэдытацыю на здымкі, напрыклад, ранішніка ў дзіцячым садку! А калі сур'ёзна, то для здымкаў у грамадскім месцы дазволу ні ў каго пытаць не трэба. На парадах у Мінску не забараняюць фатаграфаваць ні ваенную тэхніку, ні галоўнакамандуючага!» — кажа праваабаронца Павел Левінаў.
Паводле baj.by