«Хрысціянская візія» паведамляе пра ціск улад на «нядобранадзейных» святароў
Працоўная група «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай рады паведамляе пра ціск улад на прадстаўнікоў праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкіх цэркваў у Беларусі.
«Спецслужбы і сілавыя структуры рэспубліканскага і мясцовага ўзроўню праводзяць поўнамаштабныя праверкі дзейнасці рэлігійных арганізацый і святароў, прыходзяць да кіраўнікоў рэлігійных аб’яднанняў з патрабаваннямі аказаць ціск на шараговых святароў, у тым ліку з нагоды зместу пропаведзяў; таксама прыходзяць запыты па складанні спісаў "нядобранадзейных" святароў; тых, хто хоць нейкім чынам праявіў сябе ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу — удзельнічаў у мірных акцыях пратэсту, здымаўся ў відэароліках, удзельнічаў у валанцёрскіх акцыях па дапамозе арыштаваным, палітвязням і іх семʼям, пісаў у сябе ў сацыяльных сетках і г.д. выклікаюць у следчыя органы», — гаворыцца ў заяве групы.
Нагадаем, што ўначы 19 траўня на будынак Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі напалі невядомыя. У дзверы кідалі бетонным вазонам для кветак. Быў пашкоджаны ўваход, пабіты дамафон. Акрамя таго, быў пашкоджаны прыпаркаваны побач аўтамабіль пробашча касцёлу, ксяндза Антонія Клімантовіча. Па аўтамабілі білі цаглінамі, раструшчылі лабавое шкло.
Працоўная група Каардынацыйнай рады «Хрысціянская візія» звяртае ўвагу на тое, што дворык, у якім стаяў прыпаркаваны аўтамабіль, знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад штаб-кватэры ГУБАЗіКа, на яго выходзяць камеры назірання. Аўтамабіль святара Антонія Клімантовіча падобны да аўтамабіля біскупа Юрыя Касабуцкага, які напярэдадні выступіў у падтрымку партала TUT.by.