Хронікі рэпрэсій за 6 лютага

Вынікі адміністрацыйнага пераследу ў студзені — мінімум 310 затрыманых. Пра чарговы «хапун» на Гомельшчыне і новых палітвязняў паведамляюць праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp

Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У студзені праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі не менш за 560 фактаў рэпрэсій, з якіх мінімум 310 — затрыманні. Гэта прыкладна па 10 затрыманых у дзень. 

Таксама ў мінулым месяцы было разгледжана мінімум 349 адміністрацыйных справаў. Суды прызначылі не менш за 46 адміністрацыйных арыштаў і 77 штрафаў.

  • У Бярозаўцы за падпіску затрымалі завуча і сакратара школы

У сярэдняй школе №1 у Бярозаўцы (Гродзенская вобласць) затрымалі завуча Алу Чуйко і сакратара Святлану Козел. Прычынай затрымання сталі лайкі і падпіскі на «экстрэмісцкія» матэрыялы, піша тэлеграм-канал «Затрыманні, суды ў Лідзе».

«Школьнікі былі ў шоку, калі затрымліваць у школу прыйшлі пяць здаровых мужчын», — паведамілі праваабаронцы.

Суд над затрыманымі прайшоў 30 студзеня. Абедзвюх аштрафавалі на 1200 рублёў.

  • Жыхар Ліды патэлефанаваў у міліцыю — яго асудзілі за абразу Лукашэнкі

Стала вядома, што 27 снежня 2023 года ў Лідзе агучылі прысуд 63-гадоваму Генадзю Жукелю. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі) і асудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд агучыла суддзя Наталля Лобан

Мужчына патэлефанаваў у раённую міліцыю і выказаўся ў бок Лукашэнкі, калі размаўляў з дзяжурным.

  • Чарговы «хапун» на Гомельшчыне — затрымана як мінімум 7 чалавек

Усіх іх вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

  • Сілавікі затрымалі мужчыну, які падчас пратэстаў даў інтэрв'ю Onliner, і яго сяброўку

«Палоннае відэа» з Аляксандрам Шпарло апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

zatrymanyja_za_onlajner.jpg

Сілавікі пагражаюць рэпрэсіямі і сяброўцы затрыманага — Настассі Анісько, з якой ён быў разам на акцыі пратэсту. Так, пазней стала вядома, што Настасся таксама «затрымана на 10 сутак, пасля якіх хутчэй за ўсё выйдзе пад падпіску да суда».

  • У Гомелі пачаўся суд над кампаніяй сяброў за стварэнне чату і падтрымку Украіны

У Гомельскім абласным судзе пачаўся судовы працэс над трыма жыхарамі абласнога цэнтра — Дзмітрыем Папковым, Ігарам Чарнавусавым, Уладзімірам Каменавым, якіх абвінавачваюць адразу па некалькіх «палітычных» артыкулах: «cадзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК), «cтварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (ч. 1 арт. 361-1 КК), а таксама «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).

Працэс праходзіць у закрытым рэжыме, таму сутнасць абвінавачання невядомая. Згодна з раскладам суда, справу разглядае суддзя Алег Харошка.

Абвінавачаныя — Дзмітрый Папкоў, Ігар Чарнавусаў, Уладзімір Каменаў — ужо амаль год знаходзяцца ў зняволенні: столькі доўжылася следства. Іх і яшчэ аднаго гамельчука жорстка затрымалі ў сакавіку 2023 года. Тады сілавікі зрабілі справаздачу аб раскрыцці «злачыннай групы», якая «збіралася ў гаражным кааператыве», якую назвалі «спячай ячэйкай экстрэмістаў».

  • Маці экс-палітвязня Іллі Міронава — у бяспецы
mironau_i_maci.jpg

Маці былога палітвязня Іллі Міронава — Валянціна — выехала за мяжу з-за пераследу. Зараз яна знаходзіцца ў бяспецы, піша @flagshtok.

Апошняе затрыманне Валянціны Міронавай адбылося 23-24 студзеня, падчас масавага рэйду сілавікоў па родных палітвязнях.

  • У Беларусі — яшчэ 12 новых палітвязняў

Гэта Артур Голубеў, Арцём Антонаў, Алег Зыкун, Максім Каранькоў, Андрэй Ломша, Вячаслаў Панасюк, Аляксандр Скварцоў, Міхаіл Чумакоў, Руслан Шукала, Філіп Залескі, Вераніка Казак, Генадзь Жукель

Вязні пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў, адзначаюць праваабаронцы і заяўляюць, што пераслед і пазбаўленне волі гэтых  асоб палітычна матываваны, звязаны з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.