Чаму Лукашэнка дазволіў сілавікам ужываць зброю супраць мірных грамадзян?

Закон памянялі, каб у вайскоўцаў не было сумневаў у выпадку нейкага інцыдэнту? Тлумачэнні юрыста і былога сілавіка, чаму вайскоўцам цяпер можна прымяняць зброю і спецсродкі супраць грамадзян.

_000031__logo_2_1.jpg

Адмысловым указам Лукашэнка ўнёс змены ў вайсковы статут. Цяпер вайскоўцам можна прымяняць зброю і спецсродкі супраць грамадзян.

Якія могуць быць наступствы гэтых змен, «Свабода» высвятляла ў экспертаў.

У Статут унутранай службы Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь дадалі артыкул, які дазваляе вайскоўцам прымяняць супраць грамадзян «агнястрэльную зброю, спецсродкі, баявую і спецыяльную тэхніку пры выкананні ўскладзеных на іх задач». Гэтаму папярэднічаў адмысловы ўказ Лукашэнкі.

У Міністэрстве абароны пракаментавалі новыя змены. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы ведамства Аляксей Ціцкі лічыць, што закон не стаў больш жорсткім.

«У цяперашняй рэдакцыі вайсковец можа прымяніць зброю, як і раней, толькі пасля выразна агучанага і відавочнага папярэджання аб намеры яе прымяніць, з даваннем дастатковага часу для выканання законных патрабаванняў», — сказаў Аляксей Ціцкі.

Раней Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон «Аб органах дзяржаўнай бяспекі», 6 студзеня дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Пункт, які тычыцца ўжывання зброі супраць жанчын і людзей з інваліднасцю, змянілі. Раней ужываць зброю можна было ў парадку выключэння, калі чыніцца ўзброены напад. У новай рэдакцыі зброю супраць жанчын, дзяцей і інвалідаў дазволілі прымяняць і ў «выпадках аказання імі збройнага супраціву, здзяйснення збройнага альбо групавога нападу ці іншых дзеянняў, якія пагражаюць жыццю або здароўю людзей».

Глядзіце таксама

«Вайскоўцы і так прымянялі зброю»

Прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў «BelPol» Уладзімір Жыгар называе новыя праўкі ў законы «фармальнасцю». Бо яны і так дзейнічалі. Напрыклад, 11 жніўня 2020 года берасцейца Генадзя Шутава смяротна параніў вайсковец, капітан спецназа Раман Гаўрылаў.

«Гэта фармальнасць. Яны ўбачылі, што нейкія моманты ўжо адпрацаваны на практыцы, і цяпер яны проста карэктуюць закон пад існыя рэаліі. Вайскоўцы і так стралялі ў мірных дэманстрантаў у 2020 годзе, і нікога за гэта не пакаралі. Закон памянялі, каб у вайскоўцаў не было сумневаў у выпадку нейкага інцыдэнту», — кажа Уладзімір Жыгар.

Ён прыгадвае, што раней, да 2020 года, прымяненне зброі ў сілавікоў моцна кантралявалася начальствам.

«Кожную раніцу маглі спытаць парадак прымянення зброі і спецсродкаў. Супрацоўнікі бралі зброю з сабой проста таму, што так трэба было. Выстраліць у чалавека — гэта мусіць быць вельмі экстранная сітуацыя. Я такой уявіць не магу. Заўжды казалі, што нельга даводзіць да таго, каб прымяняць зброю. Была сітуацыя, калі ў РАУСе па рацыі супрацоўнікі паведамілі, што на іх кідаюцца, і спыталіся, ці прымяняць зброю. Дык дзяжурны крычаў, што рабіце ўсё што заўгодна, але толькі не прымяняйце зброю», — прыгадвае Уладзімір Жыгар.

Пасля прымянення зброі мусіць быць службовая праверка, такі ўчынак правяраюць следчыя, дадае Жыгар. 

Глядзіце таксама

«Гэта робіцца, каб застрашыць людзей»

Юрыстка праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Галаўнёва мяркуе, што гэтыя праўкі ў закон — «работа над памылкамі».

«Гэта агульны трэнд на пашырэнне паўнамоцтваў сілавых структур. Наўрад ці сілавікі рыхтуюцца да нейкіх масавых пратэстаў. Улады зачышчаюць поле перад выбарамі, каб запалохаць людзей. Аднак гэтыя змены даюць магчымасці для парушэння права людзей на жыццё. У любым выпадку, людзі маюць права на жыццё і мусяць мець гарантыю таго, што ў іх будзе выбар, здацца ці не здацца, нават калі гэта злачынная групоўка», — кажа юрыстка.

Па яе словах, у міжнароднай практыцы дзеянні паліцыі і вайскоўцаў мусяць каардынавацца так, каб у людзей была магчымасць застацца жывымі нават у экстраннай сітуацыі. Беларускія новаўвядзенні гэтаму не адпавядаюць, падкрэслівае праваабаронца.

Апроч Генадзя Шутава, ад стрэлу сілавіка падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі загінуў мінчук Аляксандр Тарайкоўскі. У яго стрэлілі 10 жніўня, калі ён проста ішоў, падняўшы раскінутыя рукі, у бок сілавікоў у раёне станцыі метро «Пушкінская».

Андрэя Зельцэра застрэлілі супрацоўнікі КДБ у яго кватэры 28 верасня 2021 года. Паводле афіцыйнай версіі, Андрэй Зельцэр пачаў адстрэльвацца ад супрацоўнікаў КДБ, калі яны ўварваліся ў яго кватэру. У выніку інцыдэнту таксама загінуў супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.