«Гэта для вас Саша мёртвы, для мяне — жывы». Бацька Аляксандра Тарайкоўскага распавёў пра сына
«Салідарнасць» сустрэлася з бацькам беларуса, які першым загінуў падчас пратэстаў 2020 года. Мужчына распавёў пра свайго сына і тое. як жыве без яго.
Такі лёс — Валерый Тарайкоўскі жыве прама насупраць месца гібелі свайго
сына Аляксандра.
— Хаджу туды часта, часам кветкі пакладу, часам проста
пастаю пакуру, — цяжка ўздыхае мужчына.
Кажа, што за кожную кветку на яго лаецца міліцыя, аднак, у
адрозненне ад многіх іншых беларусаў, бацьку пакуль не арыштоўвалі.
— На могілкі збіраюся на Каляды, потым абавязкова на Сашаў
дзень нараджэння — 26 сакавіка, — з любоўю глядзіць бацька на вялікі партрэт, з
якога усміхаецца абсалютна шчаслівы Саша. — Ён заўсёды і быў такі, усмешлівы, з
гумарам, аптыміст.
Валерый кажа, што нават праз паўтара года не можа павесіць
на фатаграфію сына чорную стужку:
— Гэта для вас ён мёртвы, для мяне — жывы.
Закурыўшы чарговую цыгарэту, мужчына ўспамінае, што
даведаўся аб трагедыі толькі праз два дні:
— Я не быў у Мінску ў тыя дні, адразу пасля працы з'ехаў на
лецішча. Вярнуўся 12 жніўня, і адразу патэлефанавалі са Следчага камітэта: «Кім
вам даводзіцца Тарайкоўскі Аляксандр Валер'евіч?». У мяне не было ніякіх
прадчуванняў: адказаў спакойна, яшчэ падумаў, ці мала куды трапіў хлопец,
справа маладая.
А яны: «Прыносім свае спачуванні, вашага сына больш няма». Я
ледзь не ўпаў, добра, мужыкі побач стаялі, падтрымалі. Я нават не спытаў, што
здарылася…
Спачатку сваякам Аляксандра Тарайкоўскага прапанавалі
выбіраць месца на Заходніх могілках на агульных умовах: гэта значыць, дзе было.
— А праз некалькі гадзін тэлефануюць з пахавальнага бюро і
кажуць, мы выбралі для вашага сына лепшае месца. Сапраўды, там і зручна падысці
з любога боку, і вакол прыгожа, — дзеліцца Валерый.
У афіцыйную версію смерці сына ён не верыў з самага пачатку.
— Чаго толькі пра яго не казалі тады. Але ўсе бачылі відэа,
дзе ён зусім адзін, як семечка на далоні, у майцы і шортах з рукамі вось так, —
Валерый падымае рукі, дэманструючы апошні жэст сына.
Аднойчы, верыць мужчына, на месцы гібелі Сашы з'явіцца
помнік, да якога можна будзе прынесці кветкі, калі захочаш.
— Вы лічыце свайго сына героем?
— Я лічу яго сваім сынам. Ён не любіў паўтаноў, для яго было
альбо белае, альбо чорнае, — адказвае бацька.
Так здарылася, што сына і дачку ён выхоўваў сам.
— Саша з дзяцінства захапляўся тэхнікай: машыны, гайкі… Памятаю, неяк суседка прыходзіць з прэтэнзіяй: «А вы ведаеце, чым ваш Саша
займаецца?». Думаю, што ўжо нарабіў, а ён — машыны мые.
Мы жылі тады на Кунцаўшчыне каля трасы. Туды хлопцы і бегалі
з вёдрамі. Зарабляў капейку. Яшчэ зусім малы быў, крыху больш за дзесяць гадоў.
Потым любіў купляць падарункі малодшай сястры. Наогул вельмі любіў яе, заўсёды
абараняў.
У школе пацан як пацан быў, мог і пастаяць за сябе. Але
проста так ніколі не лез у бойку. Калі біўся, бывала, значыць, сапраўды нешта
адбылося — распавядае бацька.
У 18 гадоў Саша, заступаючыся за маці, якую збіваў сужыцель,
не вытрымаў, даў яму здачы, не разлічыў… Мужчына неўзабаве памёр. Сашу асудзілі
за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць.
— На ўсе спатканні ў калонію я ездзіў да яго. Пакаранне ён
прыняў з разуменнем, маці ёсць маці, хоць яна і не жыла з намі. Саша яе
шкадаваў. Неўзабаве яму замянілі калонію на «хімію», — кажа Валерый.
Саша марыў быць аўтаслесарам — і стаў ім.
— Тэлефануе, бывала: «Татка, што робіш? Зайдзі да мяне ў
гараж». Прыйду — ён паказвае нешта новае, выхваляецца. Першую машыну купіў
паўразбураную, пасля аварыі, цалкам яе зрабіў і прадаў. Матацыклы ў яго былі. У
гаражы мог быць да позняй ночы.
Працаваў на прадпрымальніка, які займаўся машыннымі
шторкамі. Навучыўся і адкрыў сваю справу, — распавядае Валерый.
Кажа, у сына не было шмат вольнага часу, таму і сяброў было
не шмат. З праблемамі і радасцямі ён часта прыходзіў да бацькі, які жыў амаль
побач.
— Мог проста зайсці, пагаварыць па душах. Да рамонту, які я
зрабіў ужо пасля смерці Сашы, у мяне стаяла другая канапа для яго, мог і
заначаваць, — дзеліцца суразмоўца.
Цяпер у пакоі Валерыя другой канапы няма. Сам ён жыве
выпадковымі заробкамі.
— На працу ў 55 гадоў уладкавацца складана. У мяне добрая
спецыяльнасць — фрэзероўшчык, але нават на заводзе кажуць, што бяруць толькі да
47 гадоў. Даўно ўжо працую «па халтурах». Працы не баюся. Каб падняць дзяцей, у
90-я нават на машынцы вязаць навучыўся. Цяпер падпрацоўваю падсобным рабочым.
Праца адцягвае.
Былі часы, калі я нядрэнна зарабляў, стараўся і Сашы
дапамагчы. Апошнім часам — наадварот, ён мне дапамагаў. Цяпер я застаўся адзін,
— зноў закурвае Валерый.