Хронікі рэпрэсій за 6 лістапада

Праваабаронцу і нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага змясцілі ў ПКТ, затрымалі яшчэ аднаго пратэстанцкага пастара, вынеслі прысуд футбольнаму трэнеру — такія навіны прынёс беларусам сённяшні дзень.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1089 дзён, Дзяніс — 969.

***

Палітзняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру-2022 Алеся Бяляцкага, прысуджанага да 10 гадоў пазбаўлення волі, з надуманых прычын у калоніі змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Таксама да праваабаронцы працяглы час не пускаюць адваката.

Пра гэта паведаміла жонка Бяляцкага Наталля Пінчук падчас выступу ў Страсбургу на Сусветным форуме за дэмакратыю-2023:

— Сёння дамагацца безумоўнай свабоды для Алеся Бяляцкага, для ўсіх беларускіх палітычных вязняў, дамагацца свабоды для Беларусі — гэта значыць адстойваць мірную будучыню Беларусі. І Украіны, і нашага рэгіёна, а значыць, і свету ў цэлым. Свабода — гэта мір.

2 траўня 2023 года стала вядома, што Бяляцкага перавялі з СІЗА-1 у папраўчую калонію № 9 у Горках. Там ён працаваў на дрэваапрацоўцы, піша «Вясна».

***

У Мінску суд прысудзіў Артура Мустыгіна, трэнера акадэміі футбольнага клуба «Дынама-Мінск» да трох гадоў «хатняй хіміі», паведамляе «Tribuna». Паводле інфармацыі выдання, крымінальную справу Мустыгіна пачалі разглядаць 1 лістапада.

Артуру Мустыгіну 37 гадоў, ён унук футбаліста Міхаіла Мустыгіна, які двойчы станавіўся лепшым бамбардзірам чэмпіянату СССР.

Спартсмена затрымалі 5 верасня. Яго абвінавацілі ў тым, што ён выходзіў на праезную частку і адпраўляў інфармацыю ў чат-бот «дэструктыўнага канала».

***

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 31 кастрычніка на выязным пасяджэнні разгледзеў крымінальныя справы мясцовых жыхароў Алега Волкава і Вадзіма Барысава. Іх абвінавацілі ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Падрабязнасці суду паведамляе «Брэсцкая вясна».

Судовы працэс, які праходзіў непасрэдна ў Баранавіцкім СІЗА №6, вяла суддзя Вікторыя Пакунова.

Пра дэталі судоў над мужчынамі стала вядома з відэасюжэта, паказанага на дзяржаўным тэлеканале.

Дыктар расказаў, што адзін з мужчынаў вечарам 8 верасня 2023 года ў  вёсцы Новая Мыш сарваў з будынка мясцовай крамы сцяг, пашкодзіўшы яго мацаванне. Сцяг паклаў у заплечнік і панёс дадому. Раніцай па мужчыну ўжо прыйшла міліцыя. Суддзя прызначыла яму адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Там жа расказалі і дэталі другой справы: ноччу 22 ліпеня 2023 года мужчына сарваў сцяг, пашкодзіўшы мацаванне. Сам сцяг забраў дадому, а «потым і зусім з'ехаў з ім у Маскву на заробкі». На судзе растлумачыў, што «сцяг узяў з сабой як сувенір на памяць». Суддзя і тут была суровая: таксама прызначыла адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

***

Беларус вяртаўся дадому з Літвы. Прайшоўшы пашпартны кантроль, ён падышоў да беларускага мытніка, каб спытаць, як дэклараваць 19 562 еўра наяўнымі.

Пры гэтым ён усяго на адзін метр перасёк мяжу «зялёнага калідора» — на яго тут жа быў складзены адміністрацыйны пратакол, піша «Позірк». Суд Кастрычніцкага раёна Гродна вынес рашэнне канфіскаваць у мужчыны больш за палову сумы — 10 349 еўра, акрамя таго, ён атрымаў штраф у памеры 185 рублёў.

Мужчына спрабаваў абскардзіць гэты прысуд, але Гродзенскі абласны суд пакінуў яго ў сіле.

***

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым кладаўшчыком кампаніі «Промбай Абразив».

На відэа беларус гаворыць што «рабіў рэпосты "экстрэмісцкіх матэрыялаў", хадзіў на мітынгі з сябрамі і "зліў" у ЧКБ інфармацыю пра траіх супрацоўнікаў АМАПа», паведамляе «Медыязона».

У якім статусе знаходзіцца затрыманы і па якіх артыкулах яго абвінавачваюць — невядома.

***

49 палітвязняў у кастрычніку выйшлі на волю, 47 з іх — па заканчэнні тэрміну, піша «Вясна». Сярод іх — Сяргей Антусевіч (1 год, 6 месяцаў і 13 дзён у зняволенні), Анатоль Пугач (1 год і 11 дзён), Аксана Аляксеева (1 год, 2 месяцы і 25 дзён), Міа Міткевіч (2 гады, 8 месяцаў і 23 дні), Рыта Зотава і Мікіта Хількевіч (па 1 годзе, 9 месяцаў і 15 дзён) і іншыя.

У кастрычніку беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі дзве жанчыны ў мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суду — ім прызначылі «хатнюю хімію». Але гэтыя даныя могуць быць няпоўнымі, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам. Гэта: Юлія Колас — два гады «хатняй хіміі»; і Надзея Старавойтава — тры гады «хатняй хіміі».

***

Затрыманы пастар царквы Хрысціян веры евангельскай з Чашнікаў Аляксандр Плотнікаў, яго забралі ў РАУС. У чым абвінавачваюць пастара, пакуль невядома, паведамляе «Хрысціянская візія».

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 266 дзён, Максіма Знака — 271 дзень, Мікалая Статкевіча — 267 дзён, Ігара Лосіка — 261 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 245 дзён, Віктара Бабарыкі — 194 дні, Уладзіміра Гундара — 94 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1462 палітвязні. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1689 чалавек. Сярод іх — 179 жанчын і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.