Хронікі рэпрэсій за 30 студзеня

Новыя палітвязні, 5 гадоў зняволення за невялікія данаты і 3 гады калоніі — барысаўскаму фатографу Аляксандру Зянкову,паведамляюць  праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • У Беларусі 15 новых палітвязняў

Гэта Раман Шчарбакоў, Дзмітрый Жунусаў, Сяргей Зайцаў, Дзмітрый Гулін, Міхаіл Бабошка, Павел Кучынскі, Уладзімір Мазураў, Ігар Казубаў, Надзея Лапцёнак, Алег Кацапаў, Яўген Емяльянаў, Дзмітрый Сінюта, Аляксандр Яшкін, Павел Яраш, Генрых (Генадзь) Акалатовіч.

  • Больш за 200 чалавек трапілі пад пераслед падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў. 

Некалькі дзясяткаў чалавек асудзілі паводле адміністрацыйных спраў, некалькі чалавек былі затрыманыя ў межах крымінальных. Папярэдне, людзям інкрымінуюць арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Прычынай зацікаўленасці з боку КДБ, верагодна, стала дапамога сем'ям палітвязняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Для дапамогі ініцыятыва выкарыстоўвала папулярныя сэрвісы дастаўкі ад «Гіппа» і «Еўраопта». Праз іх можна анлайн замовіць дастаўку з крамы.

  • Барысаўскаму фатографу Аляксандру Зянкову прысудзілі 3 гады калоніі

Мінскі гарадскі суд у асобе суддзі Жанны Брысінай прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»). Паводле яго сукамерніка з ІЧУ на Акрэсціна, абвінавачанне Аляксандра тычыцца ягоных відэаздымак, размешчаных на «экстрэмісцкім» інтэрнэт-рэсурсе.

Фатографа затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў яго доме ў Барысаве. Сілавікі зладзілі ў жыллі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Пасля гэтага Зянкова адразу павезлі ў Мінск, дзе пэўны час трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага.

  • Чацвёрты месяц у Мінску судзяць трох супрацоўнікаў мытнай службы

У Мінскім гарадскім судзе з 10 кастрычніка ідзе закрытае пасяджэнне ў дачыненні да трох супрацоўніках мытнай службы — Яўгена Гурыновіча, Віктара Новіка, Уладзіміра Журомскага. Агулам іх судзяць па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса. 

Апроч іншага, іх абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «перавышэнне службовых паўнамоцтваў», «распальванне іншай сацыяльнай варожасці», «стварэнне ці ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».

Падрабязнасці справы і прычыны пераследу праваабаронцам невядомыя. Мытнікам пагражае да 15 гадоў калоніі.

Адразу працэс вяла Дзіна Кучук, а потым яе замяніў Сяргей Хрыпач.

  • 1,5 года «хатняй хіміі» за акцыю пратэсту

У судзе Савецкага раёну Мінска 24 кастрычніка 2023 года асудзілі Міхаіла Антонава паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Суддзя Аляксандр Якунчыхін прызначыў Міхаілу адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Міхаіла апазналі па 11 фотаздымках з акцыі пратэсту, якія ён пераслаў у Viber. На іх мужчына знаходзіцца на праезнай частцы апрануты ў карычневыя штаны і бела-шэрую кашулю. А ў руках трымае бел-чырвона-белы сцяг.

  • Палітвязня асудзілі да 5 гадоў калоніі за 21-доларавы данат Палку Каліноўскага

55-гадовага палітвязня Георгія Чараваку асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Вырак агучыла суддзя Святлана Чарапанава ў Мінскім гарадскім судзе 8 снежня 2023 года.

Георгія асудзілі за данат у 21,29 долараў, які ён адправіў са свайго акаўнта PayPal у падтрымку Палка Каліноўскага. Да акаўнта была прывязаная беларуская картка, з якой спісаліся сродкі. Улады палічылі гэта наўмыснымі дзеяннямі «з мэтай фінансавання дзейнасці па вярбоўцы, навучанні, іншай падрыхтоўцы» асобаў да ўзброенага канфлікту ва Украіне.

Чараваку затрымалі ў жніўні 2023 года пры вяртанні ў Беларусь з ЗША, куды ён ездзіў на месяц.

  • Чарговы прысуд за данат Палку Каліноўскага — пяць гадоў калоніі

Стала вядома, што 26 снежня 2023 году вынесены прысуд Аляксею Вячаслававічу Швяцову. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 361-3 КК («Удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы»).

Вырак агучыў суддзя Яўген Пісарэвіч у Мінскім гарадскім судзе.

Аляксея прызналі вінаватым у тым, што пералічыў Палку Каліноўскага пералічыў два данаты праз свой акаўнт у PayPal, да якога прывязаная беларуская картка. Першы складаў 38,3 рублі (13,63 еўра), другі — 95 рублёў (35 еўра). Агульная сума, якую пералічыў мужчына, склала 133 рублі 30 капеек.

  • Новы суд над палітвязнем

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёну паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) пачалі судзіць Дзмітрыя Багачэнку. 

Імаверна, суд праходзіць над 46-гадовым палітвязнем гомельскім юрыстам-прадпрымальнікам, якому ў траўні 2023 году ўжо прысудзілі два гады пазбаўлення волі паволе ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу.

У чым гэтым разам абвінавачваюць мужчыну — невядома. Справу разглядае суддзя Сяргей Кармановіч.