Хронікі рэпрэсій за 28 лістапада: Масавыя ператрусы па справе Каардынацыйнай Рады

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць «экстрэмісцкімі» матэрыяламі і фармаваннямі,  паведамляюць  праваабаронцы.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp

У Мінску праходзяць масавыя ператрусы па «справе выбараў у Каардынацыйную Раду»

Раніцай 28 лістапада з’явілася інфармацыя пра масавыя ператрусы ў Мінску. Пра пераслед людзей, звязаных з Каардынацыйнай Радай, паведамляюць і праўладныя тэлеграм-каналы — яны назвалі гэта «папярэднім этапам падрыхтоўкі да выбараў у "Каардынацыйную Раду"».

Пастановы на ператрус выдадзеныя паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • здрада дзяржаве (арт. 356 КК);
  • змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК);
  • заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);
  • стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім (арт. 361-1);
  • фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-2 КК);
  • садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК).

Пазней Следчы камітэт Беларусі заявіў, што ў якасці падазраваных па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду" прыцягнутыя звыш ста асоб.

Па стане на 14 гадзін вядома, што ў "справе выбараў у Каардынацыйную Раду" падазраваныя наступныя сябры КР:

  • Павел Латушка;
  • Сяргей Чалы;
  • Юрась Губарэвіч;
  • Артур Фінькевіч;
  • Міхаіл Таўбе;
  • Ганна Красуліна;
  • Раман Кісляк.

Па месцах іх ранейшага жыхарства ці рэгістрацыі ў Беларусі прайшлі ператрусы.

Санкцыю на ператрусы па «справе выбараў у Каардынацыйную Раду» падпісаў генпракурор Андрэй Швед. Таксама на маёмасць людзей, якія праходзяць па гэтай справе, паводле праваабаронцаў, накладваецца арышт.

Глядзіце таксама

Следчы камітэт: У якасці падазраваных па «справе КР» прыцягнутыя звыш ста асоб

У прапагандыскай манеры ведамства піша, што «зайграўшыся ў пабудову сваёй дзяржавы па «заходніх лекалах», «беглыя» на чале з самаабвешчаным лідарам пазіцыянуюць сябе альтэрнатыўнымі органамі ўлады, праводзяць выбары, распрацоўваюць пашпарты, узнагароды і іншае.

У прыватнасці, «Офіс Ціханоўскай» яны прыраўнялі да адміністрацыі прэзідэнта, «Каардынацыйную Раду» да протапарламента, а «Аб'яднаны Пераходны Кабінет» да ўрада».

СК сцвярджае, што спіс сябраў КР нібыта прадставіў чалавек, які вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні.

Улады хочуць канфіскаваць маёмасць падазрваных па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду".

Пра гэта паведамляе Следчы камітэт.

«Устанаўліваецца наяўнасць у падазраваных маёмасці і нерухомасці на тэрыторыі нашай краіны з мэтай наступнага накладання арышту. З улікам атрыманых доказаў будзе разгледжана пытанне аб запуску працэдуры спецыяльнай вытворчасці для забеспячэння прынцыпу непазбежнасці пакарання і кампенсацыі шкоды, прычыненай злачыннымі дзеяннямі».

  • Ператрус адбыўся дома ў Паўла Латушкі і іншых членаў каманды НАУ

Сёння да родных многіх супрацоўнікаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, а таксама ў кватэры, дзе яны раней пражывалі, прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў.

Па звестках @latushka, гэта адбываецца адначасова, масава і датычыцца прадстаўнікоў многіх дэмакратычных сілаў Беларусі. З вобшукам прыйшлі і да дому Паўла Латушкі.

  • ГУБАЗіК правёў ператрус у аналітыка і сябра КР Сяргея Чалага
chaly_pieratrus_2.jpg

Фотаздымкі ператрусу апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

  • Сілавікі прыходзілі па месцы прапіскі кіраўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча

Пра гэта палітык напісаў у сваім Facebook.

"Дзіўныя людзі прыходзілі шукаць маю маёмасць па месцы прапіскі. Ведаючы бандыцкую сутнасць гэтага рэжыму, усё распрадаў яшчэ да канца 2021 года".

  • Ператрус таксама адбываецца ў Артура Фінькевіча

З вобшукам прыходзілі таксама да Артура Фінькевіча. Колішні лідар "Маладога фронту" паведаміў, што на яго завялі некалькі крымінальных спраў, паведамляе "Еўрарадыё".

"Мяне ў Беларусі няма 3 гады, не жыў па месцы рэгістрацыі каля 9 гадоў, ні рэчаў, ні маёмасці ў Беларусі не маю", — піша Артур Фінькевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Сёння ў Беларусі праходзяць масавыя вобшукі па былых адрасах сяброў Каардынацайнай Рады і НАУ — па ўсім, каб сарваць выбарчую кампанію ў КР, якая нават не пачыналася.


Глядзіце таксама

  • Ператрус у аднаго з прадстаўнікоў Народных амбасадаў Беларусі

Ператрус таксама адбыўся ў аднаго з прадстаўнікоў Народных амбасадаў Беларусі і дэлегата КС ад суполкі "Беларусы Замежжа" Міхаіла Таўбэ.

Сёння па маёй прапісцы ў Мінску прыйшлі з ператрусам”, — паведаміў ён.

  • Ператрус сёння адбыўся і ў праваабаронцы Рамана Кісляка

Працягваўся ён некалькі гадзін.

  • ГУБАЗіК апублікаваў фотаздымкі з ператрусу ў прэс-сакратаркі Ціханоўскай Ганны Красулінай
krasulina_peratrus.jpg


«Мировые Конфликты» і «Бомжи в Париже» — чарговае папаўненне Спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Мировые Конфликты», «Говорит Беларусь», «Бомжи в Париже», «Беларусь Без Цензуры»;
  • Instagram-старонка «belarus2belarus»;
  • Facebook-старонкі «Усё аб Дуброўна», «Цэнтр Беларускай Салiдарнасцi/Centrum Bialoruskiej Solidarnosci»;
  • Інфармацыйная прадукцыя, размешчаная на старонцы ў «Беларусь. Всё обо всём» у «Аднакласніках» [у спісе Мінінфарма спасылка не працуе];
  • TikTok-старонкі «_Prosto_Belarus_», «Klim Zlobich».

Пенсіянеры і адвакатка — яшчэ 8 беларусаў унеслі ў «Спіс тэрарыстаў»

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ васьмі чалавек.

Сярод іх асуджаная да 12 гадоў калоніі Яна Пінчук, 68-гадовая пенсіянерка Наталля Пятровіч, адвакатка Анастасія Лазарэнка, 69-гадовы пенсінер Барыс Вітко, Андрэй Ігнатовіч, Андрэй Лаўрыновіч, 65-гадовы пенсіянер Пётр Старацітараў, а таксама Віктар Жаваранак.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1138 чалавек, з іх 383 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1147 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).

Глядзіце таксама

Затрыманы віцебскі пастар Іван Вялічка

Абставіны затрымання пастара Царквы хрысціян поўнага евангелля невядомыя, піша "Хрысціянская візія".

У Вярхоўным судзе разгледзелі апеляцыю на прысуд Эдуарду Бабарыку

Эдуарда Бабарыку прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў) КК.

Эдуард Бабарыка на на агалошванні прысуду 5 ліпеня 2023 года

Эдуард Бабарыка на на агалошванні прысуду 5 ліпеня 2023 года

Нагадаем, Мінскі абласны суд 5 ліпеня вынес прысуд па справе Эдуарда Бабарыкі —  8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцнега рэжыму. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года па першапачатковаму абвінавачванню.

Як паведамляе тэлеграм-канал Вярхоўнага суда, прысуд пакінуты без зменаў, а апеляцыйная скарга без задавальнення.


Глядзіце таксама

Баранавіцкі праваабаронца Аляксандр Вайцешык не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Па інфармацыі брэсцкіх праваабаронцаў, Аляксандр застаецца ў ізалятары.

Праваабаронцу затрымалі 9 лістапада і арыштавалі на 15 сутак — яго мусілі вызваліць 24 лістапада, але гэтага не адбылося. Не вызвалілі Вайцешыка і 27 лістапада (то бок калі б яго "перазатрымалі" на 72 гадзіны).

На якой падставе Аляксандра застаецца затрыманым, праваабаронцам на гэты момант невядома.

Сярод затрыманых на Гомельшчыне – вядомы актывіст і звычайныя рабочыя

Аднога з рабочых завуць Мельнічэнка Павел. Ён працуе на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Мужчыну затрымалі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе і знялі «пакаяннае» відэа, прымусіўшы стаць нагамі на бел-чырвона-белы сцяг, піша "Гомельская Вясна".

Калегу Паўла, таксама супрацоўніка НПЗ Лапіцкага Андрэя затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. На «пакаянным» відэа мужчына прызнаўся, што сапраўды быў падпісаны і паабяцаў «усё павыдаляць».

Акрамя іншага «сілавікі» змусілі затрыманых назваць суму, якую складае іх заробак. Як далей склаўся лёс затрыманых – невядома, праваабаронцы толькі валодаюць інфармацыяй, што адзін з мужчын трапіў у ІЧУ.

Былога відэааператара Андрэя Толчына вінавацяць у экстрэмізме

Крымінальную справу супраць палітзняволенага былога відэааператара-фрылансера Андрэя Толчына следчыя перадалі ў пракуратуру для вывучэння і накіравання ў суд.

Як стала вядома, гомельскага журналіста вінавацяць не ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы, як меркавалася раней, а ў экстрэмізме паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса РБ. Гэта – «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім».

Што канкрэтна ставіцца ў віну Андрэю Толчыну, дагэтуль невядома, паколькі абвінавачанне трымаецца ў таямніцы. У лістах на волю з прычыны турэмнай цэнзуры напісаць пра гэта адкрыта вязень не можа.