Латушка: Сёння Лукашэнка прыйшоў да нас з ператрусам, мы вернемся да яго з ордэрам на арышт
Сёння, 28 лістапада, прайшла хваля ператрусаў па месцах беларускай рэгістрацыі і ў сваякоў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі, звязаных з Каардынацыйнай радай. «Здраднік дзяржавы — гэта ён. Тэрарыст і экстрэміст — ён. Ваенны злачынец — таксама ён, грамадзянін Лукашэнка», — заявіў Павел Латушка, піша «Позірк».
«Лукашэнка сёння зноў прыйшоў да нас. Да многіх з нас нават без ордэраў на ператрус. Але мы вернемся да яго з ордэрам на арышт. Адказнасць немінучая», — заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, каментуючы 28 лістапада на сваім ютуб-канале новую «справу Каардынацыйнай рады».
«Здраднік дзяржавы — гэта ён. Тэрарыст і экстрэміст — ён. Ваенны злачынец — таксама ён, грамадзянін Лукашэнка. Мы не спынімся. Мы працягваем дзейнічаць», — сказаў Латушка.
Палітык нагадаў аб перадачы ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялаў з доказамі датычнасці Лукашэнкі да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.
«У нашым распараджэнні папкі з доказамі. Доказамі ўчыненых злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, ваенных злачынстваў у дачыненні да ўкраінскага народа, учыненых грамадзянінам Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі. І гэтыя тэчкі ўжо знаходзяцца ў пракуратуры Міжнароднага крымінальнага суда, у пракурораў Генеральнай пракуратуры Украіны, у пракурораў многіх еўрапейскіх краін», — падкрэсліў Латушка.
28 лістапада прайшла хваля ператрусаў па месцах беларускай рэгістрацыі і ў сваякоў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі, звязаных з Каардынацыйнай радай па ўрэгуляванні палітычнага крызісу.
Вядома, што ператрусы прайшлі ў Латушкі і супрацоўнікаў НАУ, прэс-сакратара Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай, кіраўніка руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, аналітыка, эканаміста Сяргея Чалага, былога кіраўніка арганізацыі «Малады фронт» Артура Фінькевіча, аднаго з прадстаўнікоў Народных пасольстваў Беларусі і дэлегата КР ад арганізацыі «Беларусы замежжа» Міхаіла Таўбе. Пра ператрус паведаміў у сацсетках таксама Сяргей Марцалеў, які 13 лістапада заявіў аб выхадзе са складу КР.
Следчы камітэт паведаміў, што па справе ў якасці падазраваных праходзіць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч.1 арт.357 («Змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады») і ч.3 арт. 361 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім») Крымінальнага кодэкса.