Хронікі рэпрэсій за 27 лютага

+9 новых палітвязняў, «завочны суд» над Ціханоўскай і Латушкам, «зачыстка» пасля дыверсіі ў Мачулішчах — галоўныя навіны дня ў адным аглядзе. 

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Палітвязню Сяргею Ціханоўскаму за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» прысудзілі яшчэ паўтара года зняволення. Па сукупнасці двух тэрмінаў ён мусіць адбыць за кратамі амаль 16 гадоў. 

Дзяржабвінаваўца запрасіў для Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі па 19 гадоў калоніі, для Вольгі Кавальковай, Марыі Мароз і Сяргея Дылеўскага — па 12 гадоў. Таксама ён патрабуе ад суда прызначыць Ціханоўскай штраф у памеры 1 тысячы базавых велічынь (37 тысяч рублёў), а Латушку — пазбаўленне права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на 5 гадоў.

Пасля паведамленняў пра падзеі на вайсковым аэрадроме ў Беларусі пачаліся першыя затрыманні. У нядзелю ўвечары ў Мачулішчах была затрымана Крысціна Максіменка. Прычыны затрымання і яе месцазнаходжанне пакуль невядомыя. Таксама ў Дзяржынску сёння ўначы затрымалі 34-гадовага Сяргея Еўтуховіча. Падрабязнасці высвятляюцца. Акрамя таго, СМІ паведамляюць, што ўвечары 26 лютага сілавікі пачалі прапрацоўваць сацыяльныя сеткі, каб выявіць тых, хто каментуе падрыў расійскага самалёта негатыўным чынам. Паводле папярэдняй інфармацыі, на затрыманых складаюць адміністрацыйныя пратаколы аб «непадпарадкаванні», над імі чакаюцца суды.

У Мінскім абласным судзе вынеслі прысуд 34-гадоваму жыхару сталіцы Аляксандру Емяльянаву. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і ч. 1 арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі»). Суддзя Алена Міснік прызначыла Аляксандру 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У Мінскім гарадскім судзе 27 лютага аднавіўся судовы працэс над былым журналістам «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзем Мажэйкам. Суд пачаўся 1 снежня мінулага года, але пасля доказу невінаватасці па адным з артыкулаў зрабілі перапынак. Журналіста вінавацяць паводле ч. 1 арт. 368 за «абразу Лукашэнкі» і паводле ч. 1 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці») па так званай «справе Зельцэра».

У Беларусі плюс дзевяць новых палітвязняў: Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач, Андрэй Ярэмчук, Уладзімір Буцькавец, Аляксандр Сумар, Дзмітрый Сцяпанаў, Юрый Самсонаў, Яўген Глушкоў, Уладзіслаў Яцэнка.

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1452 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1717 чалавек, сярод іх — 190 жанчын і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.