«Моцная духам». Марыя Калеснікава аднаўляецца пасля аперацыі
Нагадаем, экс-кіраўніцу штаба Віктара Бабарыкі, затрымалі на пачатку верасня 2020 года. На мяжы Калеснікава парвала свой пашпарт, каб пазбегнуць вымушанай дэпартацыі, і ў выніку апынулася за кратамі. «Народная Воля» пацікавілася станам здароўя Марыі Калеснікавай.
6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд палічыў Марыю
Калеснікаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.357,
ч.3 арт.361, ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса, і прысудзіў да 11 гадоў
пазбаўлення волі за «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»,
«стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне такім фарміраваннем»,
«публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады».
КДБ унес Марыю Калеснікаву ў спіс асоб, датычных да
тэрарыстычнай дзейнасці.
Напрыканцы мінулага года стала вядома, што Марыя трапіла ў
шпіталь з хірургічнай паталогіяй, дзе яе прааперавалі.
«Зараз Марыя вярнулася да працы ў калоніі, — распавялі яе знаёмыя. — Аднаўляецца пасля аперацыі, набірае вагу, бо
пасля бальнічнай палаты схуднела. І галоўнае — застаецца моцнай духам».
Вядома таксама, што ў калоніі Марыі Калеснікавай забаронена
тое, на што іншыя зняволеныя маюць права. Напрыклад, у гэтым годзе тэлефонныя
званкі абмежавалі да аднаго ў месяц, забаранілі размаўляць з сястрой. У мінулым
годзе было толькі адно спатканне з бацькам. Таксама апошнім часам былі праблемы
з ліставаннем.
«Я дакладна ведаю, што любыя цяжкасці закончацца, — напісала
ў адным са сваіх лістоў на волю Марыя Калеснікава. — Дык навошта сумаваць і
перажываць, калі абавязкова наступіць момант, калі цяжкасці закончацца? Навошта
траціць час свайго жыцця на тое, што не мае сэнсу, ды яшчэ і прыносіць мне
шкоду? Я жыву так, як быццам не існуе ўсяго гэтага жудаснага і “дзіўнага”, што
наўкол мяне».
Як распавядаў «НЧ», 28 лістапада ў Гомельскай калоніі Марыі Калеснікавай вынеслі чарговае пакаранне — яшчэ 10 сутак ШІЗА. Адваката да яе не пусцілі.
Пасля абеду ў гэты дзень у Марыі самаадчуванне
значна пагоршылася, пачаўся крызіс: да праблем з ціскам, млоснасці і
перыядычных стратаў прытомнасці дадаўся жахлівы боль у страўніку, Марыя
літаральна падала. Яе перавялі ў медыцынскі стацыянар, а ўвечары брыгада хуткай
дапамогі экстранна даставіла Марыю ў бальніцу.
5 снежня Аляксандру Калеснікаву дазволілі сустрэцца з дачкой
на 10 хвілін. Дзякуючы гэтай кароткай сустрэчы стаў вядомы дакладны дыягназ
Марыі (скразная язва страўніка) і пра тое, што яе ўжо перавялі са шпіталя ў медыцынскі стацыянар у
калоніі. Яна таксама распавяла пра аперацыю і падзякавала лекарам за тое, што
ўратавалі ёй жыццё. Пазней палітзняволеную вярнулі ў калонію.