Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 22 лістапада
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі за 22 лістапада.
Палітзняволенага Антона Якавука асудзілі на год калоніі за адно слова ў адрас Лукашэнкі
18 лістапада вынесены прысуд 29-гадоваму палітзняволенаму Антону Якавуку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса за тое, што ён выклаў у сторыз у Інстаграм відэа з Лукашэнкам з каментаром з аднаго «зняважальнага» слова.
Суддзя Марына Скалковіч агучыла прысуд: год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Жанчына вядомая палітычна матываванымі прысудамі.
Новыя экстрэмісты. «Беларускі Тэлеграм» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а гродзенскае выданне — «экстрэмісцкім фармаваннем»
Выданне Hr*dna.life — прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Рашэнне было прынята КДБ Беларусі яшчэ 11 лістапада.
«Група грамадзян з ліку стваральнікаў, удзельнікаў і адміністратараў інтэрнэт-рэсурсу Hrodna.life, Telegram-каналаў «Гродна like!», Hrodna One Love, а таксама YouTube-канала Hrodna One Love ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць», — адзначаецца ў «Пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Па заяве пракуратуры Цэнтральнага раёна Мінска Telegram-канал «Беларускі Тэлеграм» прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Пікетаваў аб'явай пра продаж на Куфары
Мінчука адправілі за краты за «пікетаванне аб'явай пра продаж календара з Пагоняй» на «Куфары»
У пачатку лістапада ў Мінску затрымалі хлопца па скарзе «неабыякавай грамадзянкі». Нібыта ён «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў пікетаванне, шляхам размяшчэння аб'явы пра продаж календара з выявай Пагоні і лозунгамі: «Жыве Беларусь!», «Жыве вечна!», «Не разбіць!», «Не спыніць!», «Не стрымаць!»«. Міліцыянты расцанілі гэта як «несанкцыянаванае пікетаванне» і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.
Хлопец на судзе паведаміў, што аб'яву размясціў у пачатку кастрычніка і не думаў, што гэта з'яўляецца правапарушэннем. Мэты пікетаваць такім чынам у яго не было. На судзе зачыталі і тлумачэнні сведкі, па словах якой, яна зайшла на сайт «Kufar» і пабачыла аб'яву з Пагоняй і лозунгамі. Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў хлопца да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Затрыманы лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка.
Ён не вярнуўся з допыту ў Баранавічах, куда ездзіў 21 лістапада.
Былога палітвязня Іллю Міронава арыштавалі на 5 сутак
19 лістапада Ілля паведаміў, што пакуль ён быў у Мінску, да яго прыходзілі сілавікі. Тады ён пісаў, што прычына візіту міліцыянтаў стане вядомая ў панядзелак.
Учора, у панядзелак, яго і затрымалі па адміністрацыйнай справе наўпрост у РАУС. Іллю асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) — знайшлі падпіску на «экстрэмісцкі» канал.
Нагадаем, 24 кастрычніка Іллю асудзілі да 1,5 года калоніі па «справе Зельцэра». За кратамі яго ўтрымлівалі больш за год.
19-гадоваму палітвязню Іллю Верамееву пакінулі прысуд без зменаў. Хутка яго этапуюць у калонію
24 лютага Ілля Верамееў з Гомеля пачаў перапіску ў Telegram з сястрой Янай каля пятай раніцы. Прычына — уварванне расійскіх войскаў ва Украіну і абстрэл горада Мікалаеў, у якім жыла на той момант яго сястра. Ілля вельмі хваляваўся за яе. Праз тры дні хлопца затрымалі — пасля яго заклікаў у мясцовым чаце аказваць супраціў і пачаць дзейнічаць супраць вайны: на месцы збору з гамельчукамі яго чакалі сілавікі.
Іллю асудзілі да 6,5 гадоў калоніі.
«Ён успрыняў гэта ўсё спакойна. Ён вельмі верыць у беларусаў і Украіну, што ўсё будзе добра»
22 лістапада апеляцыйную скаргу палітвязня пакінулі без задавальнення, а прысуд без зменаў. Хутка яго этапуюць у калонію.
У Брэсце адбыліся масавыя затрыманні
Беларускія СМІ, прызнаныя экстрэмісцкімі, паведамілі, што ў Брэсце ў апошнія дні адбыліся масавыя затрыманні. Гэта здарылася 16-18 лістапада.
Затрымлівалі тых, каго раней ужо судзілі па адміністрацыйных артыкулах. Паводле «Б*лсата», у ІЧУ Брэста цяпер знаходзіцца шмат дальнабойшчыкаў.
Абвінавачанне запрасіла тэрміны аграмадныя тэрміны па «справе АГСБ» — Ад 14 да 20 гадоў калоніі
Мінскі абласны суд сёння, 22 лістапада, працягнуў разгляд «справы Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі». Пяці фігурантам інкрымінуюцца тры эпізоды – спроба падрыву вузла сувязі Вайскова-марскога флоту Расіі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спроба знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах.
Сёння пракурор запрасіў для пяці фігурантаў тэрміны — ад 14 да 20 гадоў калоніі:
Наталлі Мацвеевай – 14 гадоў калоніі і штраф 400 базавых,
Вадзіму Гулевічу – 18 гадоў калоніі і штраф 600 базавых,
Кірылу Ашурку – 15 гадоў калоніі і штраф 400 базавых,
Аляксею Глотаву – 20 гадоў калоніі і штраф 700 базавых,
Дзмітрыю Сасноўскаму – 20 гадоў калоніі і штраф 700 базавых.
Палітвязень Мікалай Статкевіч у калоніі захварэў на прастуду. Меркавана, ён зноў у ШІЗА
У лісце да жонкі ад 10 лістапада палітвязень напісаў, што яго ў чарговы раз выклікалі на камісію за «парушэнні». Меркавана, яго зноў адправяць у штрафны ізалятар.
«...падчапіў нейкі вірус — тэмпература, галаўны боль, невялікі кашаль. Але ж пройдзе. У астатнім усё, як звычайна. Заўтра выклікаюць на камісію. Так што зноў будзе перапынак у маіх лістах. «
Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі амаль 2,5 гады. 14 снежня 2021 Мікалаю быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. У канцы чэрвеня быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА.
Марыю Калеснікаву змясцілі ў ШІЗА
Нядаўна Марыя Калеснікава, асуджаная да 11 гадоў калоніі, атрымала тры спагнанні ад адміністрацыі гомельскай жаночай калоніі: за знаходжанне ў працоўны час не ў тым месцы і за няветлівы зварот з яе боку.
Сёння да яе не пусцілі адваката, бо нібыта ад яе не было заявы. Калі і на які тэрмін Марыю змясцілі ў штрафны ізалятар — невядома.