Грамадскасць падрыхтуе канцэпцыю конкурсу па мемарыялізацыі Курапатаў
30 чэрвеня ў Мінску па выніках круглага стала арганізаванага грамадзянскай ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў», створана працоўная група па падрыхтоўцы праекту канцэпцыі адкрытага нацыянальнага конкурсу на лепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах памяці бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму.
У склад працоўнай групы ўвайшлі 15 чалавек — сябры грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», а таксама выбітныя дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння. Сярод чальцоў працоўнай групы — культуролаг і грамадскі дзеяч Вацлаў Арэшка, кандыдат гістарычных навук, археолаг Валянціна Вяргей, мовазнаўца і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў вандалаў у Курапатах, за што пазней страціў працу, старшыня грамадскага аб’яднання «Хрысціянская злучнасць «Курапаты», 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, а таксама мастакі і грамадскія дзеячы, сябры суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў Генадзь Драздоў, Алесь Мара (Аляксей Марачкін), Мікола Купава, Гэнік Лойка і Алесь Шатэрнік, доктар мастацтвазнаўства ў галіне архітэктуры і ўрбаністыкі Ірына Лаўроўская, намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнні Руху салідарнасці «Разам», адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, бард і краязнаўца Аляксей Галіч.
Удзельнікі пасяджэння вырашылі, што пасля падрыхтоўкі праект канцэпцыі на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў будзе апублікаваны ў незалежных СМІ і інтэрнэце для грамадскага абмеркавання. Затым праект канцэпцыі з прапановамі і заўвагамі, выказанымі падчас грамадскага абмеркавання, будзе зацверджаны і апублікаваны. Згодна зацверджанай канцэпцыі, урэшце і будзе праводзіцца адкрыты нацыянальны конкурс на лепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах памяці бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму.
Больш падрабязна пра актуаліі, што ўздымаліся на пасяджэнні круглага стала, чытачы НЧ даведаюцца заўтра.