Год гасціннасці: шведскі праваабаронца амаль суткі знаходзіцца ў аэрапорце Мінска
Марцін Угла займаецца праваабарончай дзейнасцю больш за 15 гадоў. Праблема парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі з’яўляецца адным з аспектаў дзейнасці арганізацыі Östgruppen, якую ён узначальвае. Адна з апошніх яе акцый — міжнародная кампанія «Don't Play with the Dictator» («Не гуляйце з дыктатарам»), мэта якой — дамагчыся пераносу ЧС па хакеі з Беларусі ў іншую краіну.
Калі стала ясна, што спартыўныя спаборніцтвы ўсё ж пройдуць у Мінску, Östgruppen працягнула асвятляць праблемы з правамі чалавека ў Беларусі. Марцін Угла вырашыў прыехаць на ЧС, скарыстаўшыся прадастаўленым беларускімі ўладамі правам ўезду для ўсіх — як было абвешчана, — хто мае квіток на матчы ЧС. Аднак праваабаронцу затрымалі ў мінскім аэрапорце. Deutsche Welle ўдалося звязацца з ім па тэлефоне.
— Пры якіх абставінах высветлілася, што вы не можаце ўехаць у краіну?
— Я прыляцеў рэйсам «Белавія» ў 12.40 7-га мая. На пашпартным кантролі адразу некалькі чалавек доўга звяралі інфармацыю ў кампутары, доўга кансультаваліся — мабыць з больш высокім начальствам, у рэшце рэшт, мяне папрасілі прайсці ў спецыяльны пакой у транзітнай зоне — менавіта для тых, каго не пускаюць у Беларусь. Я чакаю ўжо тут некалькі гадзін. Апошнім, што мне сказалі, было патрабаванне купіць зваротны білет або ў Стакгольм, альбо куды заўгодна, каб пакінуць Беларусь. Як варыянт — чакаць нядзелі, бо на гэтую дату ў мяне зваротны білет ёсць.
Я пакуль не пагадзіўся, бо лічу, што не парушыў ніякіх правілаў, і я не павінен адказваць за гэтую сітуацыю. Я прыехаў сюды менавіта таму, што быў абвешчаны бязвізавы ўезд для ўладальнікаў білета на матчы ЧС па хакеі. Білет ў мяне ёсць.
— Што вы плануеце рабіць?
— Я паставіў у вядомасць аб сітуацыі, якая склалася, МЗС Швецыі ў Стакгольме і супрацоўнікаў шведскай амбасады ў Мінску. Я сумняваюся, што беларускія ўлады сапраўды хочуць, каб я заставаўся тут да нядзелі. У мяне ўражанне, што тут працягваюцца кансультацыі, якім чынам мяне адправіць адсюль. Калі я заявіў свой пратэст на прапанову купіць зваротны білет прама цяпер, мне сказалі чакаць. Мабыць, супрацоўнікі аэрапорта самі шукаюць нейкія варыянты, якім чынам мяне выслаць з Беларусі.
Я прыляцеў прамым рэйсам «Белавія» Стакгольм — Мінск , але ў наступны раз прамы рэйс беларускай авіякампаніі ёсць толькі ў нядзелю.
— Вы любіце хакей або галоўная мэта паездкі была ўсё ж іншая?
— Я больш люблю футбол, але збіраўся заўзець за зборную Швецыі па хакеі 10 мая на цяперашнім ЧС. Вядома, хацелася проста паглядзець на горад, зразумець сітуацыю ў краіне, таму што менавіта цяпер тут адбываюцца цікавыя падзеі. Тым больш, што мне некалькі гадоў адмаўлялі ў візе, а цяпер усім уладальнікам квіткоў на матчы ЧС быў абяцаны бязвізавы ўезд у краіну. Але аказалася, што гэта абяцанне нічога не каштавала.
— Колькі гадоў вы безвынікова спрабавалі прыехаць у Беларусь?
— Апошні раз я быў тут у 2006 годзе. З тых часоў я пяць ці шэсць разоў падаваў дакументы на візу, але нязменна атрымліваў адмову без якіх-небудзь тлумачэнняў. Сёння мне сказалі, што я знаходжуся «у спісе непажаданых персон», і таму для мяне ўезд у Беларусь забаронены. Ніякага тлумачэння мне не прадставілі і цяпер.
— У якіх умовах вы зараз знаходзіцеся?
— Гэта, вядома, не Акрэсціна (СІЗА на вул. Акрэсціна ў Мінску). Каля 17 гадзін мне прынеслі бутэрброды, ваду і сок — значыць, галадоўкі не будзе. У пакоі ёсць канапа, побач у калідоры ёсць туалет. Але, ні выйсці адсюль, ні карыстацца інтэрнэтам я не магу.
— Ці стала для вас нечаканасцю цяперашняя сітуацыя?
— Шанцы трапіць у Беларусь я ацэньваў 50 на 50. Я выступаў за перанос ЧС у іншую краіну, наша арганізацыя пратэставала супраць парушэння правоў чалавека. Раней мы арганізоўвалі акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Я распавядаў аб умовах для журналістаў і абмежаваннях падчас іх працы на ЧС свету. Гэта значыць для асвятлення іншых тэм патрэбна адмысловая акрэдытацыя МЗС і не толькі Федэрацыі хакея.
Я, вядома, збіраўся сустракацца са сваімі сябрамі ў Мінску, сярод якіх большасць з’яўляюцца праваабаронцамі. Але я не бачу ў гэтым нічога экстраардынарнага. Я вольны чалавек і маю права выказваць свабодна сваё меркаванне і сустракацца з тымі, з кім лічу патрэбным. Акрамя таго, я прыехаў у Беларусь як прыватная асоба і па правілах, якія ўсталявалі самі беларускія ўлады.
Цікавасць да Беларусі зараз ўзрасла і ва ўсім свеце, і ў Швецыі менавіта ў сувязі з правядзеннем ЧС па хакеі. І, вядома, мяне абурае эскалацыя рэпрэсій перад ЧМ. Я маю на ўвазе прэвентыўныя затрыманні, ізаляцыю грамадскіх актывістаў — членаў моладзевых апазіцыйных арганізацый. Вядома, мне было важна паглядзець на сітуацыю асабіста і расказаць пра гэта ў Швецыі, каб людзі ведалі, што адбываецца ў Беларусі.
Я не выключаў верагоднасці, што мяне не пусцяць. Але спадзяваўся ўсё ж, што часова, хоць бы для таго, каб паказаць краіну ў лепшым святле, забароны на ўезд у Беларусь будуць знятыя... але мы бачым, што Беларусь паказала сябе з горшага боку.